Даўней лічылася, што ў зубах схаваная таямнічая моц, звязаная з неўміручасцю. Таму шчыра верылі, што амулеты з зубоў людзей і жывёл надзяляюць чалавека сілай, мудрасцю, даюць яму здароўе. Але ж і зубны боль пераследуе чалавека цягам усяго жыцця, і ва ўсе часы беларусы шукалі спосабы, як яго пазбавіцца.
Знаходкі з прасвідраванымі адтулінамі часта сустракаюцца пры археалагічных раскопках. Напрыклад, у багатым жаночым курганным пахаванні ХІ стагоддзя каля вёскі Батвінаўка Рагачоўскага раёна Гомельшчыны ў скураной торбачцы, прымацаванай да пояса, сярод разнастайных амулетаў былі знойдзеныя і два чалавечых зуба.
З зубамі звязаныя шматлікія павер’і і замовы. Каб зубы не балелі, трэба было пагрызці першы камень, які трапіцца пад руку ў момант, калі грымне першы пярун. Пры гэтым трэба было сказаць: «Як камень гэты моцны, так закамянейце і мае зубы — мацнейшыя за камень!» Таксама калі ўпершыню за год чулі куванне зязюлі, грызлі драўляны калок, трымалі ў зубах жалеза, стукалі жалезным прадметам, каменем па зубах, а пабачыўшы ў першы раз малады месяц, прамаўлялі да яго тройчы: «Маладзік малады, у цябе рог залаты! Як тваім рожкам не гарэць, так маім маладым зубкам не балець».
У час хрэсьбінаў кумы мусілі сядаць за стол вельмі шчыльна, каб у дзіцяці выраслі частыя зубы. Каб не балелі зубы, забаранялася пляваць у вакно. У некаторых раёнах для аховы ад зубнога болю на шыі ці на руцэ насілі чырвоны матузок завязаны 27 вузельчыкамі. Такі абярэг рабіў самы старэйшы або самы малодшы з дзяцей у сям’і. Прычым, трэба было рабіць 9 вузельчыкаў на адным уздыху, і так тройчы.
Але, нягледзячы на абярэгі, рэдка хто пазбягаў зубнога болю. Пры такім болі чынілі розныя шэпты, заклікалі да дапамогі розных святых. Напрыклад: «Са святога неба ішла Маці Прачыста з залатым крастом, з залатой талеркай, у моры ваду даставала, прычча, шпачча выбірала, рабу Божаму (імя) боль з зубоў, з дзясень выбірала. Госпада Бога на помач к сабе прызывала, на ету порачку, на раннюю (вячэрнюю – гледзячы якой парой шэпчуць) зорачку». Або: «Святы Ягорый на прэстоле сядзіць, 12 ключоў дзяржыць. Я тымі ключамі зубы замыкаю, і іх загаворваю, і ад свайго (імя) за 7 міль адсылаю».
Аднак асабліва дзейсным лічылася лячэнне пры дапамозе камянёў. Так, пры моцным зубным болю шчаку расціралі так званай «перуновай стралой». Гэта прылады працы старажытнага чалавека ў выглядзе каменных рубіл і сякер з адтулінай пасярэдзіне. Таксама сякеру клалі ў конаўку з вадой і шапталі над ёй. Потым ваду давалі выпіць хвораму. Награвалі і скрэблі каменную сякеру, затым атрыманы парашок змешвалі з вадой і выкарыстоўвалі як лекі. Перуновы стрэлы і ў наш час нярэдка знаходзяць на палях. Выкарыстоўвалі для лячэння зубоў і знойдзеныя апрацаваныя крамяні: наканечнікі стрэл, нажы. Вострым канцом такой прылады дакраналіся да шчакі, ці да самога зуба.
Каля вёскі Дабучын, што паблізу горада Пружаны, ляжыць вялікі валун. Паводле падання, адзін пастух хацеў прысесці на яго, але заўважыў паглыбленне, запоўненае вадой. Ён прамыў свае хворыя вочы, і гэта прынесла яму палёгку. Вестка пра незвычайнае лекаванне разнеслася па ваколіцах, і людзі сталі прыходзіць да каменя. Неўзабаве тут паставілі крыж, потым капліцу, а ў сярэдзіне XIX стагоддзя ўзвялі царкву ў імя Божай Маці, і камень апынуўся ў самой святыні. Людзі сашкрабалі з каменя аскепкі і прыкладалі іх да хворых зубоў. Верылі, што найбольш дзейсным такое лекаванне будзе на свята Юр’я (6 мая) і на Успенне Божай Маці (28 жніўня). Цяпер гэтым месцам апякуюцца мясцовыя краязнаўцы.
Лекавалі зубы і мохам з камянёў. Так рабілі ў вёсках Кудзінавічы Капыльскага і Горкі Дзятлаўскага раёнаў. У Кудзінавічах вялізны камень ляжыць каля капліцы на могілках. На ім высвідраваная ямка і барэльефная выява невялікага крыжа. Валун у народзе называюць па-рознаму. Гэта і Святы Камень, і Божы След, і След Хрыста, і След Божай Маці. Ад хвароб вачэй бралі дажджавую ваду з ямкі, а ад хвароб зубоў да іх прыкладвалі мох, сарваны з каменя.
Каля вёскі Горкі вялікая камлыга ляжыць на схіле гары. Побач з ёй укапаны драўляны крыж, а на самой вяршыні пабудаваная каплічка. Па мясцовым павер’і, каб не хварэць, трэба тройчы на каленях прапаўзці праз адтуліну ў камлызе. Пры хворых зубах з каменя здзіраюць мох, потым параць яго і палошчуць зубы.
На могілках каля вёскі Бор, што непадалёк аб мястэчка Цітва Пухавіцкага раёна, ляжыць невялічкі камень, які спрадвеку славіўся тым, што лекаваў хворыя зубы. Дзеля гэтага трэба было… зубамі дакрануцца да каменя-лекара.
Зубы «лячылі» і дрэвы, у асноўным дубы. Як вядома, дубовая кара ўтрымлівае рэчывы, якія аказваюць супрацьзапаленчае і антыбактэрыяльнае ўздзеянне. Даўней знахары раілі паласкаць рот дубовым адварам пры крывацёчнасці дзяснаў, непрыемным паху з рота і прастудах. Каля вёсак Янава і Серкавіцы Талачынскага раёна ёсць Святая Крыніца, з якой побач растуць дубы.
Паводле падання, некалі на адным з дубоў аб’явіўся абраз святых Барыса і Глеба. Абраз захоўвалі ў драўляным храме каля крыніцы, а на зіму пераносілі ў манастыр. Вада з крыніцы лічылася гаючай, а кара са Святога Дуба лекавала зубны боль. Яе абдзіралі з дрэва і грызлі. Другі спосаб палягаў у тым, што кару дуба вымочвалі ў святой вадзе, а потым насілі яе на шыі ў ладанцы. Ва ўрочышчы Нікандрава Пустыня на суседняй Пскоўшчыне каля Святой Крыніцы былі ўсталяваныя дубовыя начоўкі ў якасці невялічкай купелі. Сюды прыходзіла шмат паломнікаў, і тыя, хто пакутваў на зубны боль, грызлі дубовае карыта.
Лекавалі зубны боль, датыкаючыся да хворага зуба трэскай ад разбітага маланкай дрэва, трэскай або зламанай галінкай ад рабіны, асіны, бузіны, дуба, прамаўляючы замовы, а потым трэску ці галінку прыкладвалі да камля, перадаючы зубны боль расліне. Напрыклад, на Случчыне ў канцы ХІХ стагоддзя этнографы зафіксавалі такі спосаб лячэння зубоў: знахар зразаў тры асінавыя калочкі, дакранаўся імі да зубоў, нешта шаптаў, ішоў у сад і ўбіваў калочкі пад яблыню, і тады боль нібыта знікаў. На Полаччыне ў якасці эфектыўнага сродку ад зубнога болю выкарыстоўвалі трэску ад надмагільнага крыжа, а таксама сухую галінку, што павісла на могілкавых дрэвах. Трэскай ці галінкай трэба было пакалупацца ў хворым зубе і потым пакінуць яе на могілках.
Тут трэба патлумачыць, чаму рэчы ці расліны, звязаныя з могілкамі або нябожчыкам, лічыліся дзейсным сродкам пры розных хваробах, у тым ліку і зубных. Згодна са старажытнымі вераваннямі, на «тым свеце» ў яго «насельнікаў» ужо нічога не баліць, і рэчы, якія належаць да таго свету дапамагаюць хвораму чалавеку на гэтым свеце, поўным пакут і хвароб, атрымаць палёгку. Таму даўней шмат дзе ў беларускіх вёсках зубны боль лячылі знойдзеным на могілках зубам нябожчыка. Таксама, каб не балелі зубы, трэба рукой памерлага знаёмага ці сваяка правесці па зубах таго, каму баліць. У канцы ХІХ стагоддзя зафіксаваныя выпадкі лекавання зубоў мылам, якім абмывалі нябожчыка, — на хворы зуб клалі кавалачак такога мыла.
Ёсць этнаграфічныя звесткі, што пры хваробе зубоў да іх прыкладалі любую костку, знойдзеную ў першы дзень ворыва. У некаторых вёсках на гарачыя вуголлі насыпалі шырока распаўсюджаную на нашых землях атрутную расліну какорыш (сабачая пятрушка). Потым на поўныя грудзі ўдыхалі дым, які ўтварыўся. Шчыра верылі, што пры гэтым з хворага зуба выйдуць чарвячкі, якія выклікалі боль.
Як захаваць свае зубы? Адказваюць стаматолагі
У 1842 годзе газета «Минские губернские ведомости» (№ 13) раіла ратавацца ад зубнога болю такім спосабам: да адной шчакі прыкласці што-небудзь меднае, а да другой — цынкавае. Або да адной шчакі трэба было прыкласці сталовы нож, а да другой — сталовую срэбную лыжку. Ад гэтага нібыта адбываўся гальванічны ток, і боль мінаў.