Жаба душыць (давіць)... Белая і пушыстая...»
Колькі разоў мы чулі, а то і ўжывалі такі выраз?! Маючы на ўвазе абсалютна рознае. Хтосьці так казаў пра ўласную сквапнасць, нежаданне аддаваць шмат грошай за штосьці нават пры іх наяўнасці... Іншыя ж – пра зайздрасць, якую часцяком падзяляюць на белую і чорную.
А вам даводзілася станавіцца аб’ектам зайздрасці?! Непрыемнае, скажу я вам, адчуванне. Асабліва калі ўзнікае ў кагосьці без дай прычыны. А ты доўгі час нават не здагадваешся, чаму да цябе змяніліся адносіны.
І мэту ж якую маюць людзі! Каб таму, каму пазайздросціў, дрэнна зрабілася... Так і хочацца працытаваць фразу з вядомага фільма: «Высокія, высокія адносіны!» Хаця на справе дрэнна якраз робіцца таму, хто не можа задушыць у сабе жабу зайздрасці, а корміць яе, корміць...
У такім выпадку прыходзяць на розум і іншыя выразы. Напрыклад, гэты, які прыпісваюць сусветна вядомаму скрыпачу Паганіні: «Здольным зайздросцяць, таленавітым шкодзяць, а геніяльным помсцяць». І каму, як не яму, пра гэта ведаць пэўна?!
Адкуль жа ўвогуле тая жаба з’яўляецца? Чаму менавіта яна душыць ці давіць чалавека?
Паводле меркаванняў адных, даўней стэнакардыю называлі «грудной жабай». І калі насамрэч надыходзіў прыступ, прыхоплівала сэрца, адчуваўся недахоп паветра, многія апісвалі свой стан так: «Жаба давіць». І тагачасныя лекары разумелі, пра што ідзе размова. Той, хто адчуваў чорную зайздрасць, думаю, ведае, што сімптомы падобныя?!
А паводле меркаванняў іншых, жабы здаўна былі патрэбныя варажэям, калдунам, ведзьмам. Так, для злых спраў. І ў зеллі, на якое рабілі злую замову, адно з цэнтральных месцаў займалі лапкі жабы ці самі высахлыя істоты... Бр-р-р-р-р-рр! Было ж такое... А можа, і яшчэ дзесьці пануе?! Свят-свят-свят!
Цікава, чаму зусім нямногія ўмеюць радавацца тваёй радасці, прычым сапраўды шчыра і адкрыта, ад усяго сэрца? Чаму нам лепей паспачуваць чалавеку, чым парадавацца за яго і з ім?! Альбо зрабіць выгляд, што ніякага дасягнення няма... Можа, таму, што ў кожнага з нас дзесьці ўнутры сядзіць тая жабка... То зялёная, то чорная, а то і насамрэч белая і пушыстая. І толькі чакае свайго часу, свайго выхаду на сцэну?! Каб квакнуць ужо дык квакнуць!
Існуе меркаванне, што падзел зайздрасці на белую і чорную ўбачыў яшчэ Арыстоцель. Тут, як кажуць, асаблівых тлумачэнняў не трэба, праўда?! Калі кажуць: «Зайздрошчу табе белай зайздрасцю», быццам бы нічога благога для таго, на каго накіравана сказанае, і няма. А для таго, хто адчувае белую зайздрасць, яна часцяком з’яўляецца кіраўніцтвам да дзеяння, падставай для руху наперад. Больш за тое! Існуе меркаванне, што зайздрасць у кожным закладзена ад прыроды. А вось яе актыўнасць і колер ужо залежаць ад нас.
Ну і, вядома ж, наўрад ці сам зайздроснік дужа рады свайму пачуццю. Проста не ўсе ўмеюць, вобразна кажучы, адчуць і задушыць актыўнасць уласнай жабы. І вось ужо хтосьці ў дэпрэсіі, і здароўе пагаршаецца. І хутка зайздросніка пачынае шкадаваць нават той, каму ён зайздросціць. Такі вось парадокс!
Дык можа лепей не параўноўваць сябе з некім, а радавацца найперш сваім удачам і дасягненням, няхай самым маленькім?! Не рабіць камусьці «западлянку», бо закон бумерангу яшчэ ніхто не адмяняў (усё вернецца назад), а паспрабаваць ацаніць чалавека вышэй, чым прывыклі дагэтуль?! Пераступіць праз сябе – так цяжка, але як дзейсна!
Памятаеце анекдот, чаму жаба зялёная?! Насамрэч-то яна белая і пушыстая, проста хварэе... Дык давайце дапаможам ёй паправіцца!:)