Адной з самых эфектыўных фізіятэрапеўтычных працэдур – дарсанвалізацыі – амаль 130 гадоў. Нягледзячы на тое, што яна распрацоўвалася і ўпершыню была ўжытая ў лячэбных мэтах, апошнія некалькі дзясяткаў гадоў яе эфект асабліва запатрабаваны ў індустрыі эстэтычнай касметалогіі. А ў продажы з'явіліся апараты, адаптаваныя да ўжывання ў хатніх умовах.
Але чым папулярней робіцца працэдура, тым больш вакол яе памылак і здагадак. Напрыклад, цяпер нярэдка можна сустрэць прапановы «масажу з дапамогай апарата Дарсанваль». «Але дарсанвалізацыя – не масаж і быць ім не можа!» – абсалютна безапеляцыйна заяўляе ўрач-рэабілітолаг аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска Вольга Вельгіна. Мы задалі эксперту 5 галоўных пытанняў аб працэдуры і даведаліся ўсю праўду.
1. Што такое дарсанвалізацыя?
Дарсанвалізацыя – гэта метад электралячэння, пры якім на асобныя ўчасткі цела аказваецца ўздзеянне высокачастотным пераменным імпульсным токам высокага напружання і малой сілы. Метад носіць імя свайго «аўтара» – французскага фізіка і фізіёлага Жака Арсена Д'Арсанваля.
Адчуванні, якія можа зведваць чалавек пры працэдуры дарсанвалізацыі, падобныя да паколвання. У залежнасці ад абранага метаду паколванне можа быць мяккім, ледзь улоўным, альбо больш інтэнсіўным, чымсьці нагадваючы апёк крапівой. У некаторых выпадках пасля сеансу дарсанвалізацыі скура можа трохі пачырванець.
2. Як праходзіць працэдура?
Праз спецыяльны вакуумны шкляны электрод падаецца высокачастотны імпульсны пераменны ток. Паветра ў электродзе іянізуецца. За кошт таго, што шкло – дыэлектрык, а цела праводзіць ток, ствараецца рознасць патэнцыялаў. У выніку адбываецца разрад (ці, як кажуць урачы, «прабой», які візуальна падобны да мініяцюрнай маланкі). У залежнасці ад таго, на якую частку цела або поласць будзе аказвацца ўздзеянне электрычнага току, выкарыстоўваюць розныя насадкі-электроды.
Існуе некалькі методык дарсанвалізацыі:
- кантактная альбо дыстантная. Электрод ушчыльную датыкаецца да скуры, адбываецца так званы «ціхі разрад». Альбо электрод утрымліваюць на адлегласці ад некалькіх міліметраў да 1 сантыметра над паверхняй скуры. Чым большы паветраны зазор, тым мацнейшы разрад;
- лабільная альбо стабільная. Электродам праводзяць па паверхні (або над ёй) таго ўчастка цела, на які аказваецца ўздзеянне токам. Ці электрод фіксуецца на адным месцы такім чынам, каб прадухіліць яго перамяшчэнне. Стабільная методыка выкарыстоўваецца, як правіла, для сеансаў дарсанвалізацыі ў розных поласцях чалавечага цела: у роце, носе, вуху, похве, анальнай адтуліне.
Атрыманне працэдур з дапамогай апарата Дарсанваль патрабуе захавання пэўных правілаў паводзінаў і тэхнікі бяспекі:
- неабходна прыняць зручнае становішча, якое не давала б адчуванне дыскамфорту падчас працэдуры: лепш, калі гэта будзе становішча седзячы з апорай для спіны або лежачы;
- перад сеансам абавязкова зняць усе металічныя ўпрыгажэнні: завушніцы, ланцужкі, бранзалеты, гадзіннікі, заколкі, каб пазбегнуць разраду току;
- пры кантактнай методыцы нельга дапускаць паветранага зазору паміж паверхняй цела і электродам, каб не справакаваць непатрэбны разрад;
- вельмі непажадана карыстацца гаджэтамі і электроннай тэхнікай (мабільнымі тэлефонамі, планшэтамі, плэерамі, электроннымі гадзіннікамі). Існуе верагоднасць выхаду іх са строю;
- варта пазбягаць дакрананняў да цела падчас працэдуры (за выключэннем электрода) і дакрананняў да металічных прадметаў. Такія неасцярожныя рухі могуць прывесці да непажаданага разраду току;
- паколькі электроды выраблены са шкла, яны патрабуюць беражлівых адносінаў, асабліва пры сеансах дарсанвалізацыі ў поласцях.
3. Пры якіх хваробах і станах дарсанвалізацыя эфектыўная?
Дарсанвалізацыя ўжываецца пры самым шырокім спектры захворванняў і паталогій:
- сардэчна-сасудзістай сістэмы: артэрыяльная гіпертэнзія, ішэмічная хвароба сэрца, тромбафлебіт, варыкознае пашырэнне вен канечнасцяў і г.д.;
- органаў дыхання і слыху: рыніты рознай прыроды, танзіліт, бранхіяльная астма, гаймарыт, атыт і інш.;
- страўнікава-кішачнага тракту: гастрыт, кішэчная дыстанія;
- нервовай сістэмы: неўралгія, астэахандроз, галаўныя болі, галавакружэнні, радыкулапатыя, энурэз;
- пры дэрматалагічных захворваннях: вугравы сып, экзэма, акнэ, атапічны дэрматыт, алапецыя, себарэя і г.д.;
- пры хірургічных хваробах: раны, адмаражэнні, трафічныя язвы, гемарой і інш.;
- у стаматалогіі: стаматыт, парадантоз, гінгівіт.
4. У якіх выпадках дарсанвалізацыя супрацьпаказаная?
Дзякуючы шырокаму спектру паказанняў да прызначэння, дарсанвалізацыя прызнана адной з самых эфектыўных фізіятэрапеўтычных працэдур. Аднак гэта не пазбавіла яе ад спісу захворванняў і станаў, пры якіх уздзеянне токам проціпаказанае або строга абмежаванае. Так, дарсанвалізацыю не прызначаюць:
- пры любым інфекцыйным захворванні ў вострым перыядзе або пры абвастрэнні хранічнага, асабліва калі яно суправаджаецца ўздымам тэмпературы;
- пры крывацёках альбо схільнасці да іх, паколькі ўздзеянне токам можа ўзмацніць працэс;
- на вобласць жывата і паясніцы пры цяжарнасці;
- пры наяўнасці пухлінаў любога роду (злаякасных і дабраякасных) з-за высокай рызыкі росту новаўтварэнняў;
- пры цяжкіх сардэчна-сасудзістых паталогіях (напрыклад, людзям з мігальнай арытміяй);
- пры эпілепсіі;
- пры індывідуальнай непераноснасці лячэння токам;
- пры наяўнасці кардыёстымулятара, а таксама металічных пратэзаў або імплантатаў.
5. Якія асаблівасці дарсанвалізацыі ў хатніх умовах?
Трэба ўлічыць, папярэджвае Вольга Вельгіна, што падчас выкарыстання бытавых апаратаў разлічваць на эфект, які можна атрымаць у медыцынскіх установах, асабліва не варта. У першую чаргу з-за розніцы магутнасцяў прыбораў.
Сіла току ў апаратах для хатняга карыстання ў разы ніжэйшая, чым у тых, якія выкарыстоўваюцца ў аддзяленнях фізіятэрапіі. Шматлікія аматары хатняга аздараўлення гэтага не ўлічваюць і дапускаюць сур'ёзную памылку, спрабуючы кампенсаваць якасць працэдур іх колькасцю.