Site icon Слушна

Па нікаціну за тры ўдары. І няхай дапаможа табе… доктар

Курэнне. Ці магчыма кінуць самому паліць?

У арсенале беларускіх урачоў ёсць шмат разнастайных метадаў і спосабаў лячэння для тых, хто хоча кінуць паліць. Неабходна толькі жаданне самога чалавека назаўсёды развітацца з гэтай згубнай звычкай. Ды і самі спецыялісты рэкамендуюць ужо пасля трох няўдалых спроб адмаўлення ад цыгарэт звяртацца да іх па дапамогу.

Падрабязна пра метады лячэння нікацінавай залежнасці Слушна распавёў урач-нарколаг вышэйшай катэгорыі, кандыдат медыцынскіх навук, загадчык сектара наркалогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Уладзімір Максімчук. 

Чаму так цяжка кінуць паліць?

Існуе як псіхалагічная, так і фізічная залежнасць ад тытуню.

Псіхалагічная абумоўлена ўздзеяннем на арганізм нікаціну, які знаходзіцца ў цыгарэтах. Пра гэта мы ўжо распавядалі ў папярэдніх артыкулах. А вось як вызначыць, ці ёсць у вас фізічная залежнасць ад курэння? Усё даволі проста.

У такой сітуацыі чалавек, нават калі ў яго засталося паўпачка цыгарэт, бяжыць купляць новы ці, зразумеўшы, што іх няма зусім, нягледзячы на час, адпраўляецца папоўніць свой тытунёвы «запас». У такога курца ёсць пастаянная боязь застацца без цыгарэт. Гэтым пацыентам без дапамогі спецыялістаў практычна не абысціся.

Арганізм падзякуе пасля адмовы ад курэння

Станоўчы эфект пасля адмовы ад цыгарэт наш арганізм адчувае літаральна з першых дзён.

Паляпшаецца дыханне і знешні выгляд, нармалізуецца ціск. Вы зноў можаце ў поўнай меры адчуваць смак і пахі.

Кроў паўнавартасна забяспечваецца кіслародам.

З цягам часу зніжаецца рызыка зарабіць «сур'ёзную» хваробу.

Дарэчы, спецыялісты падлічылі, што кожная цыгарэта памяншае час жыцця на 12 хвілін. Таму варта яшчэ раз задумацца, ці патрэбна вам гэтая дрэнная звычка, якая акрамя шкоды нічога не прыносіць, яшчэ і абыходзіцца ў даволі круглую суму. Дык якое лячэнне выбраць?

Што дапамагае кінуць курыць

Жуйка супраць цыгарэт

Пра тое, што існуюць жвачкі з нікацінам, ведаюць многія. А вось тое, што яе выкарыстанне амаль у 2 разы дазваляе палепшыць эфектыўнасць лячэння і шанцы на поўнае выздараўленне, не ўсё. Ужываць яе таксама трэба з розумам.

Такім чынам:

  • выкарыстоўваць жавачку і іншыя рэчы такога кшталту варта толькі замест цыгарэт, а не разам з імі;
  • адну жавальную гумку неабходна жаваць 20-30 хвілін;
  • мэтазгодна перастаць жаваць, калі закруцілася галава, вы пачалі адразу ж iкаць ці смак жавальнай гумкі здаецца вельмі моцным;
  • смак жавальнай гумкі першы раз можа падацца непрыемным, але гэта адчуванне хутка пройдзе.

Ёсць і супрацьпаказанні. Выкарыстоўваць яе нельга пры нестабільнай стэнакардыі, інфаркце міякарда, эпізадычным курэнні, арытміі, захворваннях страўнікава-кішачнага тракта, асабліва ў перыяд абвастрэння, узрост да 18 гадоў і пасля 85.

«Ударым» пластырам па нікаціну

Практычна аналагічнае дзеянне мае і нікацінавы пластыр. Пасля выдалення ахоўнага матэрыялу, ён прымацоўваецца на сухую і чыстую скуру без пашкоджванняў, пры гэтым 20-30 секунд неабходна ўтрымліваць яго далонню.

Клеіць пластыр трэба 1 раз у суткі і пакідаць на скуры на 24 гадзіны.

Пачынаць варта з выкарыстання пластыру з меншай колькасцю нікаціну, паступова, калі неабходна, павялічваць норму. Пластыр падтрымлівае аднолькавы ўзровень нікаціну ў крыві.

Курс лячэння складае 3 месяцы. Сродак нельга ўжываць пры моцнай адчувальнасці да нікаціну і на пацярпелых участках скуры.

Золата ці срэбра

Адным з даволі папулярных метадаў лячэння залежнасці ад нікаціну з'яўляецца рэфлексатэрапія. Падчас адной такой працэдуры выкарыстоўваюцца залатыя ці сярэбраныя іголкі.

Як растлумачыў Уладзімір Максімчук, гэта неабходна для таго, каб «дасягнуць рознасці электрычных патэнцыялаў у акупунктурных кропках вушной ракавіны».

Пасля такога лячэння ў 20% людзей знікае так званы рэфлекс курца (жаданне ў любой сітуацыі хапацца за цыгарэту). Эфектыўнасць адмовы ад курэння пры выкарыстанні гэтага метаду набліжаецца да 90%. Поўны курс складаецца з 5 працэдур.

Як кінуць паліць назаўсёды!

Курэнне – гэта цяжкая залежнасць. І няма нічога ганебнага ў звароце па дапамогу да ўрачоў. І прынятае рашэнне патрабуе сур'ёзнага падыходу.

Вось некалькі карысных парад ад нарколага:

  • Знайдзіце сабе занятак на першыя некалькі дзён без цыгарэт, прыбярыце ўсе попельніцы і пачкі, а таксама іншыя атрыбуты, якія нагадваюць вам пра цыгарэты.
  • Пачніце дзень актыўна – прайдзіцеся пешкі на працу, заплануйце вячэрні паход у спартыўную залу.
  • Не пашкодзіць і змена асяроддзя. Да прыкладу, можна змяніць маршрут, па якім вы ідзяце на працу ці вяртаецеся дадому пасля працоўнага дня.
  • Думайце пазітыўна, пазбаўляйцеся ад негатыўных думак.
  • Папесціце сябе: на тую ж суму, якую вы аддавалі на цыгарэты, купіце што-небудзь прыемнае для сябе.
Exit mobile version