04.04.2021
04.04.2021

Дэменцыя ці звычайная непамятлівасць? Тлумачыць герантолаг

logo
Здароўе дарослых
0 32
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Часцей за ўсё дэменцыя дыягнастуецца ў сталым узросце, прычым рызыка яе развіцця з гадамі павялічваецца. Па першым часе набліжэнне старэчай прыдуркаватасці можа быць незаўважным як для самога чалавека, так і навакольных. Разам з тым, першыя трывожныя прыкметы развіцця дэменцыі могуць фіксавацца за некалькі гадоў да з'яўлення відавочных зменаў.

Часта забываецеся, куды паклалі акуляры? Прыйшоўшы ў краму, не можаце абысціся без спісу прадуктаў? Ці зрабілася складана падабраць патрэбнае слова падчас размовы? Як адрозніць першыя сімптомы дэменцыі ад звычайнай непамятлівасці ці ўзроставых змяненняў? Разабрацца ў гэтым інфармацыйнаму парталу Здаровыя людзі дапамагла намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М.Машэрава, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч.

Людміла Жылевіч.

Страта памяці, якая значна ўскладняе паўсядзённае жыццё

Страту памяці спецыялісты называюць адным з самых трывожных сімптомаў дэменцыі. Чалавек пачынае перапытваць некалькі разоў адну і тую ж інфармацыю, забываецца пра падзеі, якія нядаўна адбыліся, імкнецца ўсё запісваць, інакш яму цяжка ўспомніць, напрыклад, пра свае планы. Людзі з дэменцыяй не памятаюць, як завуць дзяцей, унукаў, сваякоў, як карыстацца паўсядзённымі бытавымі прыборамі.

Людміла Жылевіч:

– Чалавек з дэменцыяй часта пакутуе ад перакладвання прадметаў. Ён не толькі не памятае, куды паклаў тую ці іншую рэч, але і знаходзіць іх у самых нечаканых месцах. Прычым больш-менш дакладнага адказу, як яны там апынуліся, даць не можа. Да таго ж, нярэдка вінаватымі ў тым, што рэч згубілася ці ляжыць не на месцы, будуць блізкія людзі.

Сімптомам не лiчыцца: выпадковая непамятлівасць, напрыклад, калі вы не можаце ўспомніць, куды паклалі акуляры, пульт ад тэлевізара альбо ключы ад машыны. Шмат дзеянняў мы выконваем машынальна, не задумваючыся пра гэта. Пры гэтым у вас лёгка атрымліваецца ўспомніць, што папярэднічала таму ці іншаму дзеянню, каб знайсці страчаны прадмет.

Дэменцыя. Прыкметы дэменцыі.

Грэбаванне звыклымі заняткамі

Нярэдка прыкметай дэменцыі, якая насоўваецца, можа з'яўляцца апатыя, страта цікавасці да любімай раней справы, працы ці захаплення, а таксама нежаданне мець стасункі з блізкімі альбо сябрамі, знаёмымі. З'яўляецца абыякавасць да звыклых заняткаў, няма жадання пазнаваць новае. Прычына гэтага заключаецца ў тым, што мозг ужо не можа атрымліваць і апрацоўваць інфармацыю. Такі стан працягваецца доўга і з часам не праходзіць, а толькі пагаршаецца.

Людміла Жылевіч:

– Прычына такога стану не ў тым, што чалавек не выспаўся, стаміўся ці ў яго проста няма настрою. Такія змены выкліканыя менавіта хваробай. Часта людзі з дэменцыяй перастаюць за сабой сачыць, пазбягаюць выканання гігіенічных працэдураў і выглядаюць неахайна.

Сімптомам не лiчыцца: жаданне зрабіць перапынак у звыклых занятках з-за моцнай загружанасці альбо стомленасці. Усім час ад часу хочацца адпачыць і расслабіцца.

Дэзарыентацыя

Дэменцыя. Дэзарыентацыя ў часе і прасторы.

Размова ідзе пра дэзарыентацыю ў часе і прасторы. Асабліва, калі падобнае адбываецца не раз ці два, а сістэматычна. Чалавек не можа вызначыць сваё месцазнаходжанне, чысло, дзень, месяц і год, пару года. У некаторых выпадках людзі з дэменцыяй (як правіла, калі яна ўжо прагрэсуе) жывуць сваім мінулым і лічаць сябе нашмат маладзейшымі, чым ёсць насамрэч. Акрамя таго, яны могуць згубіцца нават на знаёмай ім мясцовасці.

Сімптомам не лiчыцца: забыліся, якое сёння чысло альбо дзень тыдня, і для ўдакладнення зазіраеце ў каляндар альбо прыгадваеце самастойна.

Зрокава-прасторавыя цяжкасці

Яны ўключаюць складанасці з успрыманнем глыбіні і адлегласці. Такому чалавеку робіцца складана пазнаваць блізкіх і родных, інтэрпрэтаваць вобразы. З-за гэтага ўзнікаюць праблемы з чытаннем, пераадоленнем перашкодаў, знаходжаннем дарогі дадому, хадзе па лесвіцы.

Сімптомам не лiчыцца: узроставыя парушэнні зроку, якія могуць быць звязаныя з макуладыстрафіяй (дыстрафія сятчаткі, якая прыводзіць да страты цэнтральнага зроку) альбо іншымі афтальмалагічнымі паталогіямі.

Дэменцыя. Як змяняецца чалавек.

Змены асобы і настрою

Вясёлыя і жыццярадасныя раптам ператвараюцца ў замкнёных і панурых. Раней таварыскія і добразычлівыя людзі робяцца раздражняльнымі і неспакойнымі. Дапамога іншых людзей нярэдка расцэньваецца імі як шкода альбо замах на іх ўласнасць. А змена звыклых для іх рэчаў, напрыклад, месцазнаходжання якога-небудзь прадмета, можа выклікаць празмерна бурную рэакцыю. І такія паводзіны не змяняюцца з часам, а толькі прагрэсуюць. Дарэчы, дэпрэсія ў сталых людзей можа быць адным з першых сімптомаў на самым пачатку хваробы.

Сімптомам не лiчыцца: з узростам некаторыя рысы характару мяняюцца, могуць з'яўляцца часовыя перапады настрою, нежаданне штосьці мяняць, асабліва пастаянныя звычкі.

Парушэнне камунікацыі

Узнікаюць складанасці пры падборы патрэбных слоў, хаця да гэтага чалавек меў стасункі з лёгкасцю і не пакутаваў ад коснаязыкасці. Гэта тычыцца і пісьмовага маўлення. Прычым узгадаць назву таго ці іншага прадмета альбо дзеяння робіцца невыканальнай задачай, а значэнне гэтых слоў можа выслізгваць з-пад увагі. Парушэнне здольнасці камунікацыі – трывожная прыкмета дэменцыі.

Дэменцыя. Парушэнне камунікацыі

Сімптомам не лiчыцца: час ад часу ў любога могуць узнікнуць цяжкасці з падборам неабходных слоў. Калі падобная сітуацыя рэдкасць, а не заканамернасць, хвалявацца не варта.

Цяжкасці з выкананнем звыклых заданняў

Робіцца складана выконваць звыклыя дзеянні, якія раней не выклікалі ніякіх цяжкасцяў. Напрыклад, такі чалавек не ў стане аплаціць рахункі за камунальныя паслугі, яму патрабуецца больш часу для разлікаў, ён адчувае цяжкасці, каб сканцэнтраваць увагу і выканаць нават простыя вылічэнні.

Людміла Жылевіч:

– Прыкметай дэменцыі можа быць таксама тое, што зрабілася цяжка выконваць дзеянні, якія раней не выклікалі цяжкасцяў на працягу доўгага часу. Пры гэтым важна падзяляць: няздольнасць выканання знаёмых дзеянняў і задач альбо невялікія цяжкасці з засваеннем новых заняткаў.

Сімптомам не лiчыцца: часам пры вылічэнні робіце памылкі, якія затым можаце выправіць, альбо вам было складана разабрацца з работай бытавой тэхнікі, напрыклад, новай пральнай машынай альбо мультываркай.

Дэменцыя. Як праяўляецца

Ад увагі блізкіх людзей залежыць, у якой стадыі развіцця захворвання пацыент звернецца па спецыялізаваную дапамогу. Калі вы заўважылі ў блізкага чалавека хаця б адну з гэтых прыкметаў, варта звярнуцца да спецыяліста (урача агульнай практыкі, герыятра, неўролага ці псіхіятра). Магчыма, трывога будзе падманнай, але лепей усё ж такі перастрахавацца, бо пры раннім выяўленні дэменцыі яе прагрэсаванне можна запаволіць, тым самым палепшыўшы якасць жыцця хворага.

Зарадка для розуму, альбо як папярэдзіць дэменцыю

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 32

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама