Я ў псіхушцы, закрытым жаночым аддзяленні псіхіятрычнай клінікі.
Дзень сёмы
Міленькі, ты ж на мужчыну не падобны. Падстрыжыся!
- Оля, не прыставай да бацюшкі!
Ноччу адной бабцы стала кепска, яна папрасіла бацюшку. Ксёндз толькі на святы прыходзіць. Усе нашыя цяжарныя прыйшлі прасіць бласлаўлення. Блаславіў.
****
Сёння мяне, магчыма, выпішуць. Але перад гэтым – прафесарскі агляд. Гэта як дзяржаўны экзамен. Страшна сказаць нешта не тое. Страшна сядзець у чарзе. Потым я даведаюся, што канчатковы дыягназ мне ставіла дачка Аляксея Карпюка.
****
Збіраць рэчы да выпіскі тут кепская прыкмета. Таму не збіраю, але сястра-гаспадыня ўжо прынесла свежую бялізну, каб я заслала на свой скрыпучы ложак.
****
Магдалена ўжо дзясяты раз у нашай палаце.
- Пачастуеш мяне чым-небудзь?
- Магдалена, калі мяне канчаткова выпішуць, я табе ўсё аддам.
****
Так, мяне выпісалі. Цыклатымія, смяецца загадчыца аддзялення. Так, цыклатымія, і мне з гэтым жыць. З кучай таблетак і дзіўным дыягназам.
****
Кепская прыкмета пакідаць нешта ў псіхушцы, але калі дорыш – адпуста. Я раздарыла ўсё, што ў мяне было: зубную пасту, мыла, гель для душа, туалетную паперу, шампунь (у псіхушцы вельмі кепская вада, таму важна мець добры, бо ў некаторых валасы не расчэсваліся, і яны да мяне хадзілі). Пакінула толькі самае дарагое.
- Аня, вазьмі крэм, тут вада кепская, скура сухая ва ўсіх.
- Ой, дзякуй.
****
- А мо зубную шчотку маеш?
- Магдалена, я табе і так кучу ўсяго аддала. Я ўсё раздала.
- Я не грэбую! Дай!
****
Я ўсё раздала. Нават зубную шчотку аддала Магдалене.
Раней: Дзень першы. Дзень другі. Дзень трэці. Дзень чацвёрты. Дзень пяты. Дзень шосты.