27.06.2023
27.06.2023

Доктар зямлі Браслаўскай. Якім чалавекам быў Станіслаў Нарбут?

logo
Асобы i лёсы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Ірына Клімковіч, 
Людміла Дучыц

У цэнтры горада Браслава на высокай Замкавай Гары знаходзіцца белы мураваны абеліск вышынёй 12 метраў. Гэта помнік на магіле доктара Станіслава Тэадоравіча Нарбута (1853–1926).

Часам на вяршыні калоны запальваюць ліхтар. Доўгі час гэты ліхтар служыў маяком для падарожнікаў і маракоў, дзяжурны паліцэйскі ўключаў яго ў непагадзь, каб усе заблудныя маглі знайсці дарогу ў Браслаў. Верхавіна помніка служыла арыенцірам у тумане рыбакам на возеры Дрывяты. У нішы раней была дошка з надпісам, які сведчыў што гэта помнік доктару С. Нарбуту ад удзячных браслаўчан.

Станіслаў Нарбут нарадзіўся у сям’і вядомага гісторыка, археолага і краязнаўца Тэадора Нарбута (1784–1864) у маёнтку Шаўры на тэрыторыі сучаснага Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Нарбуты паходзяць са старадаўняга шляхецкага роду герба Трубы. Бацька Тэадор Нарбут і маці Хрысціна мелі 11 дзяцей, трое з якіх памерлі ў маленстве. Станіслаў нарадзіўся апошнім, калі маці было 50 гадоў, а бацьку – 68. Як самы малодшы ў сям'і, паводле сямейнай традыцыі, Станіслаў Нарбут мусіў стаць лекарам.

Замкавая гара Браслаў 1915

Вучыўся ў Віленскай класічнай гімназіі. За ўдзел сям’і ў паўстанні 1863 года праз рэпрэсіі ён не змог паступіць на медыцынскі факультэт ні аднаго з бліжэйшых універсітэтаў (Дэрпт, Варшава, Пецярбург) і толькі ў 1872 годзе пры спрыянні сяброў патрапіў на лячэбны факультэт Баварскага каралеўскага ўніверсітэта ў Мюнхене. Там ён праз сем гадоў абараніў доктарскую дысертацыю па даследаванні калтуна і атрымаў ступень доктара медыцыны.

Першыя гады працы прайшлі ў Германіі, але цягнула на радзіму. Сяброўскія адносіны з графскай сям’ёй Плятараў паўплывалі на ягоны прыезд на Браслаўшчыну. Дыплом доктара замежнага ўніверсітэта не даваў права займацца дзяржаўнай лячэбнай дзейнасцю, і таму  спачатку была толькі прыватная практыка ў Друі. У тыя гады ён пазнаёміўся з дачкой уладальніка маёнтка Дзедзінкі – Людвікай Марыяй Алаізай Рудніцкай, якая стала яго жонкай.

Браслаўшчына

У 1889 – 1891 гадах С. Нарбут скончыў два курсы медыцынскага факультэта Дэрпцкага (Тартусскага) універсітэта, атрымаў другі медыцынскі дыплом і вярнуўся на Браслаўшчыну. У 1904 годзе ў Браславе вызвалілася вакансія ўрача Другога ўчастка. Улады не хацелі прымаць на службу католіка, і ковенскі губернатар некалькі разоў адмаўляў доктару С. Нарбуту ў просьбе аб прызначэнні яго на гэтую пасаду. Потым патрабаваў распіскі, што той не будзе ўступаць ні ў якія палітычныя партыі і будзе лаяльна ставіцца да ўладаў. Іншых прэтэндэнтаў на пасаду доктара не знайшлося, і такім чынам С. Нарбут пачаў практыку ў Браславе.

Станіслаў Нарбут з жонкай і дзецьмі

У 1906-м годзе па ініцыятыве Станіслава Нарбута была пабудаваная лякарня, на ўзвядзенне якой частку сродкаў ахвяраваў сам доктар. У падмурак галоўнага корпуса была закладзена медная дошка з памятным надпісам. Лячэбніца была ўзведзена за 1,5 гады, што нават па мерках нашага часу вельмі хутка. Дарэчы, гэтая лячэбніца функцыянавала як лякарня да 1994 года. Высокаадукаваны доктар цудоўна валодаў некалькімі мовамі – беларускай, рускай, польскай, нямецкай і яўрэйскай, што дапамагала яму ў размовах з пацыентамі. У тыя часы ў Браславе С. Нарбут быў адзіным доктарам на ўсю бальніцу, але дапамагалі надзейныя фельчары і медыцынскія сёстры.

Пасля будаўніцтва бальніцы Станіслаў Нарбут заняўся хірургічнай дзейнасцю, праводзіў хірургічныя ўмяшанні пры лячэнні акушэрскай, афтальмалагічнай, гінекалагічнай, отарыналарынгалагічнай паталогіі. Вядомыя выпадкі, калі доктар асабіста наведваў тых хворых, якія самастойна не маглі прыйсці да яго.

Акрамя таго, Станіслаў Нарбут бясплатна надаваў дапамогу тым, хто не мог расплаціцца, і нават дапамагаў дастаць лекі.

Станіслаў Нарбут падчас працы

Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў 1914 годзе ўрад адзначыў працу доктара ордэнам Святога Станіслава III ступені, і ён быў прадстаўлены да тытула калежскага саветніка. З пачаткам вайны С. Нарбута прызвалі на паўночна-заходні фронт, дзе ён загадваў вайсковым лазарэтам паблізу баявых пазіцый. У ходзе баёў доктар атрымаў цяжкае раненне, і яму часткова ампутавалі нагу. Пасля працяглага лячэння С. Нарбут у 1919 годзе вярнуўся ў Браслаў і аднавіў урачэбную практыку.

У 1921 годзе С. Нарбута прызначылі на пасаду павятовага лекара. Ён адразу ж дамогся, каб улады вярнулі будынак бальніцы, у апошнія гады заняты пад памяшканне староства і паліцыі. Доктар увесь час заставаўся верным клятве Гіпакрата, людзі былі яму ўдзячныя і заўсёды яго падтрымлівалі. Як галоўны ўрач павета ён шмат увагі надаваў павышэнню ўзроўню санітарнага стану і прафілактыцы інфекцыйных захворванняў.

Панарама замкавай гары. Браслаў

Станіслаў Тэадоравіч не абыходзіў увагай і грамадскую дзейнасць. Пабудовы ў Браславе і яго ваколіцах у тыя часы былі пераважна драўлянымі, таму там часта здараліся пажары. У 1895 годзе Станіслаў Нарбут становіцца адным з заснавальнікаў Браслаўскай пажарнай дружыны, якую ён узначальваў да Першай сусветнай вайны. Як доктар і як сябар павятовай камісіі С. Нарбут негатыўна ставіўся да п’янства і  рашуча змагаўся з гэтай шкоднай звычкай. У 1907 годзе ён заснаваў Таварыства народнай цвярозасці. Ён сам выдаваў гарадскую газету “Дух Браслаўца”, быў рэжысёрам і акцёрам аматарскага тэатра.

У лютым 1925 года доктар пакінуў службу, але ў дапамозе нікому не адмаўляў. У пачатку сакавіка 1926 года ён выехаў на вазку да хворага, па дарозе праваліўся пад лёд. Тым не менш, да хворага даехаў, дапамог яму, і толькі потым паклапаціўся пра сябе. Доктар Станіслаў моцна прастудзіўся. Хвароба не адступала, і 11 сакавіка Нарбут памёр ад запалення лёгкіх. Адна з віленскіх газет у некралогу доктару назвала яго Нестарам зямлі Браслаўскай.

Помнік Станіславу Нарбуту на Замкавай

У тастаменце С. Нарбут прасіў пахаваць яго на вяршыні Замкавай Гары, дзе ён любіў адпачываць. Жыхары горада выкупілі ва ўладаў дзялянку зямлі на гары і выканалі яго жаданне. У апошні шлях яго праводзіла вельмі шмат людзей. У пачатку 1930-х гадоў на сабраныя грошы на гары ўзвялі абеліск як сімвал служэння людзям.

Варта згадаць вялікі будынак з чырвонай цэглы, што на рагу сённяшняй вуліцы Кірава, раней Нарбутаўскай, недалёка ад замчышча. Гэта будынак былой лякарні, дзе і працаваў лекар Станіслаў Нарбут. На пачатку мінулага стагоддзя будынак быў самым вялікім у Браславе. Лякарня лічылася адной з найлепшых у ваколіцах. Зараз тут месціцца жаночы праваслаўны манастыр.

Бюст станіславу нарбуту

У сям’і Нарбутаў медыцынай цікавіўся яшчэ Тэадор Нарбут  (менавіта ён заснаваў курорт Друскенікі). Сын доктара С. Нарбута Станіслаў атрымаў медыцынскую адукацыю ў Віленскім універсітэце, працаваў там асістэнтам, а потым меў медыцынскую практыку пад Варшавай. Старэйшая дачка Марыя выйшла замуж за доктара Я. Баўэра, які працаваў у варшаўскай бальніцы, а іх дачка Яніна Людвіка Браціслава стала ўрачом пасля заканчэння Варшаўскага ўніверсітэта. Яніна выйшла замуж за хірурга, а іх сын Рышард – таксама ўрач. Так што ўрачэбная традыцыя сям’і Нарбутаў працягваецца.

Ну і мясцовае паданне. Жыхары Браслава вераць, што легендарны доктар, які пры жыцці карыстаўся неймавернай павагай і папулярнасцю, пахаваны ў склепе з чырвонай цэглы. А каля яго труны стаіць стол, на якім ляжыць кніга з рэцэптамі, уласнаручна ім запісанымі, і розныя лекі, якія дапамагаюць ад усіх хвароб. Сярод іх – цудадзейная мікстура, якая можа дапамагчы людзям не хварэць і дажываць да ста гадоў…

https://bel.24health.by/pershaya-u-staradaunyaj-belarusi-zhanchyna-lekar-lyos-vandrouki-salamei-ruseckaj/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама