Аднаўляць родных пасля інсульту – нялёгкая праца: яны становяцца як дзеці, якіх трэба зноўку вучыць гаварыць, хадзіць, есці. Але калі правільна арганізаваць догляд і даць сабе патрэбную псіхалагічную ўстаноўку, усё атрымаецца.
Як гэта зрабіць, распавяла Таццяна Лысова – галоўны спецыяліст Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК), якая адказвае за медыка-сацыяльную службу.
Пра што паклапаціцца загадзя?
– Сям'і трэба рыхтавацца яшчэ да выпіскі роднага з бальніцы, – кажа эксперт. – Для пачатку абсталюйце месца для падапечнага. Паглядзіце, куды лепей паставіць ложак і прыложкавую тумбачку, каб і вам, і яму было зручна. Калі ў чалавека не рухаецца левая рука, тумбачка павінна стаяць справа – так, каб чалавек мог дацягнуцца да прадметаў на ёй.
Падыдзіце ў бальніцы да ўрача і даведайцеся, якія прэпараты павінны быць дома да моманту выпіскі пацыента. Калі чалавек выпісваецца, напрыклад, у пятніцу, яму неабходна працягваць прымаць лекі і ў суботу, і ў нядзелю. Чакаць ўчастковага ўрача да панядзелка няправільна.
Пастаянны прыём прэпаратаў – адно з асноўных правілаў рэабілітацыі і аднаўлення. Спіс будзе паказаны ў эпікрызе. Трэба быць гатовым да таго, што лекаў можа быць шмат.
– Таму па першым часе родным лепш кантраляваць працэс прыёму лекаў. Рэкамендую набыць таблетніцу, у якой можна раскласці прэпараты на тыдзень. Лепей, каб за гэта адказваў хтосьці адзін у сям'і, – раіць Таццяна Лысова.
Загадзя варта набыць па неабходнасці памперсы, вільготныя сурвэткі, крэмы для скуры – яны спатрэбяцца для гігіенічных працэдур.
Калі чалавек перанёс шырокі інсульт і ён маларухомы, мае сэнс набыць супрацьпролежневую сістэму.
Неабходна, каб у доме быў танометр. Ціск давядзецца кантраляваць.
Як пазбегнуць пнеўманіі?
У маларухомага або паралізаванага ў выніку інсульту чалавека ёсць рызыка развіцця застойнай і аспірацыйнай пнеўманій.
– Аспірацыйная пнеўманія можа ўзнікнуць у чалавека, калі ён увесь час ляжыць, есць у становішчы лежачы, пры гэтым часта папярхаецца і не можа прадуктыўна адкашляцца, – тлумачыць Таццяна Лысова. – У гэтым выпадку можа дапамагчы масаж па задняй паверхні грудной клеткі і прэпараты для адыходжання макроты па прызначэнні доктара. Заўсёды глядзіце, ці праглынуў чалавек ежу да канца. Людзі пасля інсульту, бывае, не адчуваюць, што нешта засталося пад языком ці за шчокамі, у тым ліку і таблеткі.
Лепшая прафілактыка застойнай пнеўманіі і пролежняў – змена становішча цела кожныя дзве гадзіны.
Таксама дапамогуць дыхальныя практыкаванні. Асноўнае ў прафілактыцы – паўнавартасны ўдых і выдых. Можна спрабаваць надзімаць паветраныя шары. Я прапаную ўзяць пластыкавую бутэльку, напоўніць яе на 2/3 вадой, і няхай чалавек выдыхае туды паветра праз трубачку. Гэта не так цяжка, як надзімаць шарык. Зрабіўшы поўны выдых, чалавек удыхне «на поўныя грудзі». Такую зарадку можна рабіць па 5 хвілін 3-4 разы на дзень ці колькі чалавек зможа. Галоўнае, каб гэта не выклікала дыскамфорту і галавакружэння.
Ці ўсім патрэбны супрацьпролежневы матрац?
Па словах эксперта, супрацьпролежневая сістэма патрэбна толькі тым, хто знаходзіцца 24 гадзіны ў ложку і не можа рухацца самастойна, і калі сваякі не могуць кантраляваць змену становішча цела кожныя 2 гадзіны.
– У маёй практыцы былі родзічы, якія заводзілі будзільнік і кожныя дзве гадзіны, нават ноччу, пераварочвалі сваіх хворых членаў сям'і. Гэта якасны, але знясільваючы догляд. Супрацьпролежневая сістэма тут можа дапамагчы.
Як пазбегнуць трамбозу?
– Каб не дапусціць ацёкаў ніжніх канечнасцяў і трамбозу, ногі павінны быць у цяпле, шкарпэткі на падапечным – без рызінак. Альбо можна разрэзаць рызінку нажніцамі спераду, – кажа Таццяна Лысова. – Калі чалавек сядзіць, ногі павінны знаходзіцца ва ўзвышаным становішчы. Бывае, родныя пасадзяць падапечнага раніцай ля тэлевізара, і ён сядзіць так да вечара, а ногі ацякаюць і ператвараюцца ў «калоды».
Зняць ацёкі дапаможа лёгкі лімфадрэнажны масаж ног: мяккія пагладжваючыя рухі зверху ўніз да пальчыкаў і назад уверх, грэючы і размінаючы азызласць цяплом сваіх рук. Пры гэтым можна выкарыстоўваць дзіцячы алей, ён не закаркоўвае поры, добра ўвільгатняе скуру.
Як нармалізаваць страваванне?
– Часта першая скарга, якую я чую, наведваючы падапечных, – млоснасць і ваніты. Пачынаю высвятляць у родзічаў: калі ў хворага быў у апошні раз стул. Яны адказваюць: «Даўно. Дык ён і не есць нічога: дзве лыжкі булёну, ёгурт, палову апельсіна... » Але ж усе, акрамя вады, – ежа, нават гарбата. І ўсё гэта назапашваецца ў кішэчніку. А родныя яшчэ любяць шчыльна накарміць хворага з добрых памкненняў. Але ляжачы чалавек не марнуе шмат энергіі, таму яму і ежы трэба значна менш.
Не перакормлівайце! Ежа назапашваецца, і калі не выходзіць натуральным чынам, пачынаецца млоснасць і нават ваніты. Стул павінен быць штодня. Таму не забывайцеся пра прафілактыку запораў. Як правіла, такім пацыентам прызначаюць лактулозу – мяккі калаўтваральны сродак, які не дае калавым масам спрэсавацца ў пробку, паляпшае перыстальтыку кішэчніка. Таксама дапамагае масаж: селі з падапечным побач, размаўляеце і масажыруеце яму жывот вакол пупка па гадзіннікавай стрэлцы. Гэта, дарэчы, ён можа рабіць і сам здаровай рукой.
У рацыёне чалавека пасля інсульту павінна быць больш клятчаткі. Яе можна, напрыклад, дадаць у ранішнюю аўсяную кашу. Пазбягайце прадуктаў, якія выклікаюць уздуцце. Не свежым цёплым хлебам частуйце, а грэнкай, да прыкладу.
Ці абавязкова здрабняць ежу ў блэндары?
Калі няма праблем з глытаннем і жаваннем, дык у гэтым няма неабходнасці, лічыць эксперт.
– Блэндар замяняе механічную перапрацоўку ежы, гэта значыць, вы «пражоўваеце» ежу за падапечнага, што не заўсёды добра. Калі чалавек жуе, у яго выпрацоўваецца сліна і страўнікавы сок. Здрабняць ежу можна тады, калі ў падапечнага няма зубоў ці ёсць рызыка аспірацыйнай пнеўманіі. Часта родныя перамолваюць ежу, таму што гэта зручней для іх: так хворы паесць хутчэй. Гэта няправільна. Чалавек павінен есці ў зручным для яго тэмпе і звыклую яму ежу.
Якія практыкаванні рабіць?
Людзям пасля інсульту можна ўкладаць у пашкоджаную руку гумавы калючы мячык, карабок, эспандэр, мяккую цацку з напаўняльнікам – каб ён размінаў іх , і рука не забывалася на звыклыя рухі. Дробная маторыка таксама стымулюе мазгавую актыўнасць.
Можна прапанаваць падапечнаму варыянты дзейнасці: камусьці спадабаецца збіраць пазлы або пірамідку, камусьці – выкладваць мазаіку.
У цэлым, для інсультных хворых існуюць спецыяльныя практыкаванні. Таму звяртайцеся да рэабілітолага і інструктара ЛФК у паліклініцы. Яны павінны падказаць вам, што і ў якой колькасці здольны рабіць падапечны і як вы можаце яму ў гэтым дапамагчы.
Як аднаўляць маўленне?
У гэтым павінны дапамагаць прафесійныя лагапеды. Родныя ж могуць прасіць падапечных зноўку вучыць дзіцячыя вершыкі і расказваць іх. Кожны дзень – новы верш. Гэта добрая трэніроўка для памяці і маўлення, – раіць Таццяна Лысова.
Як правільна стасавацца?
– Назапашвайце цярпенне. Памятайце, што за чалавека часам «кажа хвароба», а не ён, – акцэнтуе ўвагу Таццяна Лысова. – Цяжка быць бездапаможным, ніхто спецыяльна не хоча крыўдзіць блізкіх.
Калі зусім няма паразумення, тады трэба звярнуцца да псіхолага. Бывае, старонніх людзей падапечныя слухаюцца лепей і аднаўленне ідзе хутчэй.
Галоўнае – не замкнуцца ў праблеме. Нядаўна мне патэлефанавала жанчына і кажа: «Я да вас звяртаюся, бо людзі сказалі – прасі дапамогі ва ЎСІХ!». Гэтая жанчына так і робіць.
У выніку даглядаць састарэлых хворых бацькоў ёй дапамагаюць медперсанал паліклінікі, Чырвонага Крыжа, хоспіс, а ў выхадныя – сядзелка. І гэта правільна: тым, хто даглядае, трэба разлічваць свае сілы. Сёння маса магчымасцяў: бальніцы сястрынскага догляду, тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, паліклінікі, грамадскія арганізацыі.
Гіперапека не патрэбная. «Татачка, ляжы, я табе вады падам», – няправільная фраза. Усё, што хворы можа рабіць сам, ён і павінен рабіць сам. Шкадаваць тут не трэба, інакш хворыя залежваюцца, іх мышцы атрафуюцца, яны пачынаюць злоўжываць вашым клопатам, капрызіць. Лепей гаварыць так: «Я табе дапамагу, пакажу, нагадаю і навучу, як гэта зрабіць, але рабіць павінен ты сам».
Як пазбегнуць рэцыдыву?
Уважліва чытайце эпікрыз: там пазначана, калі неабходны кантрольны агляд урачоў, як правіла, тэрапеўта і неўролага, – кажа спецыяліст БТЧК. – Ва ўрачоў тысячы хворых, таму гэта ваш клопат – своечасова іх запрасіць або прыйсці на прыём. Цеснае супрацоўніцтва з медыкамі дапаможа ў аднаўленні.
Прадумайце, як дапамагчы падапечнаму пазбавіцца ад курэння і алкаголю – фактараў рызыкі, арганізаваць здаровае харчаванне.
Мой вопыт кажа, што хутчэй аднаўляецца той, хто гэтага жадае. Сіла думкі, устаноўка «Я павінен хутчэй стаць на ногі» робяць часам немагчымае.