У Беларусі эпідэміялагічная сітуацыя з COVID-19 застаецца кантраляванай. У краіне ўдалося не дапусціць лавінападобнага росту захворвання, заявіла 24 красавіка на брыфінгу ў Міністэрстве аховы здароўя намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Алена Богдан. Паводле яе слоў, колькасць тых, хто вылечыўся ад CОVID-19, пераўзышло тысячу – 1 120 пацыентаў. Агульная колькасць выяўленых выпадкаў са станоўчым тэстам на інфекцыю складае 8 773 чалавекі.
Як адзначыла намеснік міністра, пастаўлена задача максімальнага выяўлення і папярэджання выпадкаў захворвання. Фактычна па такім прынцыпе сістэма аховы здароўя працуе з першых дзён, калі з'явіўся першы пацыент.
Пра тэсціраванне
Усяго выканана больш за 130 тысяч тэстаў, прычым толькі за апошнія суткі – 8 281. Для параўнання: у першыя дні працы колькасць тэстаў складала 250 у дзень у адной лабараторыі. Распаўсюджанасць тэсціравання на 1 млн насельніцтва ў нашай краіне перавышае паказчыкі такіх краінаў, як Паўднёвая Карэя (якая з'яўляецца прыкладам арганізацыі работы па лакалізацыі і выяўленні выпадкаў каранавіруснай інфекцыі), Польшча, Нідэрланды, Украіна, а таксама знаходзіцца практычна на ўзроўні ЗША, іншых еўрапейскіх краінаў.
У якасці прыкладу Алена Богдан прывяла такія дадзеныя. Пры колькасці насельніцтва Польшчы амаль 38 млн выканана каля 250 тысяч тэстаў, што складае 6,6 тысячы на мільён насельніцтва. У Беларусі пры колькасці 9,5 млн – больш за 130 тысяч тэстаў, або 13,6-13,7 тысячы на мільён жыхароў.
Улічваючы асаблівасці эпідэміялагічнага працэсу (ад 85 да 87% хвароба працякае бессімптомна або ў лёгкай форме), адна з асноўных задач – максімальнае выяўленне выпадкаў у папуляцыі. Таму з гэтага тыдня пачатае ўкараненне экспрэс-тэстаў, якія вызначаюць імунаглабуліны ў крыві, што сведчыць пра постінфекцыйны імунітэт. У бліжэйшы час чакаецца пастаўка яшчэ каля 100 тысяч такіх тэстаў.
З 8 773 чалавек 4 733 праходзяць лячэнне ў стацыянарах. Пацыенты з бессімптомным і лёгкім цячэннем каранавіруснай інфекцыі знаходзяцца пад медыцынскім наглядам дома. Істотна змененыя ўмовы працы паліклінічных устаноў. Створаныя спецыяльныя брыгады, якія аснашчаныя ўсімі неабходнымі сродкамі індывідуальнай абароны і ў пэўныя дні выязджаюць да пацыентаў.
Медыцынскія работнікі, якія ўваходзяць у склад гэтых брыгад, аснашчаныя пульсаксіметрамі, а таксама ўсім неабходным для забору мазкоў. У будучым плануецца, што для кантролю вылечанасці і выздараўлення ім будуць выдадзеныя экспрэс-тэст-сістэмы, сказала Алена Богдан.
Пра ложкавы фонд
Пры прыняцці рашэння пра тое, што частка пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй будзе лячыцца дома, улічваюцца і ацэньваюцца рызыкі ўцяжарвання захворвання і магчымасці людзей сысці на самаізаляцыю.
Найбольш цяжкія пацыенты па цячэнні каранавіруснай інфекцыі або наяўных хранічных захворванняў з рэгіёнаў пераводзяцца на абласны ўзровень і ва ўстановы аховы здароўя г.Мінска. Пад асаблівым кантролем урачоў сёння знаходзяцца 114 чалавек, у тым ліку тыя, хто падключаны да апаратаў ШВЛ. Усім ім праведзеныя кансіліумы, у кругласутачным рэжыме арганізаванае кансультаванне такіх пацыентаў у рэжыме тэлемедыцынскай сувязі.
Для аказання дапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй выдзелена каля 14% ложкавага фонду, задзейнічаная палова. У рэзерве знаходзяцца каля 9,5 тысячы ложкаў, з іх больш за 600 аснашчаныя апаратамі ШВЛ. У аказанні дапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй задзейнічана каля 18% ад агульнай колькасці ўрачоў і прыблізна столькі ж сярэдняга медыцынскага медперсаналу. Нароўні з медработнікамі ў гэтай няпростай сітуацыі па ўласным жаданні працуюць студэнты ВНУ і медыцынскіх каледжаў.
Як адзначыла Алена Богдан, сістэма аховы здароўя сёння не перагружаная. Рэзервы створаныя па ложкавым фондзе, лекавых сродках як айчыннай вытворчасці, так і замежнай. Асаблівая ўвага надаецца мерам па абароне медыцынскіх работнікаў. Праца вядзецца ў асаблівым рэжыме, з выкарыстаннем новых падыходаў і патрабаванняў да арганізацыі работы медыцынскіх спецыялістаў.
Пра метады лячэння
Намеснік міністра нагадала, што вылечыліся больш за тысячу чалавек, ці 12,7% ад усіх выяўленых выпадкаў. Для лячэння пацыентаў выкарыстоўваюцца ўсе магчымыя сродкі і метады, якія ёсць у свеце. Так, на наступным тыдні чакаецца пастаўка эксперыментальнага прэпарата «Авіган».
У РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій распрацаваны навуковы праект, які заснаваны на выкарыстанні плазмы перахварэлых пацыентаў. Донарамі ўжо сталі 25 чалавек, якія выратавалі жыцці 8 чалавек у Мінску, Віцебску і Лідзе. Гэтая праца працягваецца, але тыя вынікі, якія атрыманыя, даюць надзею, падкрэсліла намеснік міністра.
Заставайцеся дома
Напярэдадні доўгіх выхадных Алена Богдан звярнулася да ўсіх беларусаў з заклікам заставацца дома, выконваць меры асабістай бяспекі, не наведваць сталых сваякоў, не збірацца з усёй краіны і «ладзіць вячоркі на могілках са сталымі сваякамі». У іх, як правіла, ужо ёсць сур'ёзныя хранічныя захворванні, а верагоднае заражэнне каранавіруснай інфекцыяй значна пагоршыць іх стан.
Намеснік міністра дадала, што ў выхадныя дні ўстановы аховы здароўя, як амбулаторныя арганізацыі, так і стацыянарныя, будуць працаваць без зменаў. Пры ўзнікненні прыкметаў захворвання Алена Богдан заклікае не цягнуць час, а адразу звяртацца па медыцынскую дапамогу.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!