Site icon Слушна

Новы год! Ствараем настрой сабе самі

Новы год

Што рабіць, калі на календары – снежаньскі выхадны, а за вокнамі – мокрадзь, туман, 100-працэнтная вільготнасць і ўвогуле немаведама што?! І на душы, як кажуць, «не лепшае надвор’е»... І на свежым паветры не пагуляеш з прыемнасцю, бо дыхаць цяжка... Ну што ж, тады ствараем настрой сабе самі!

Душэўнай цеплыні...

Калі канапа ўпарта маніць да сябе, мяккае крэсла не выпускае з абдымкаў, а каробка шакаладных цукерак, здаецца, крычыць: «З’еш маё начынне цалкам!», тады трэба зрабіць усё наадварот! Уключыць прыемную музыку гучней ды паскакаць перад люстэркам!

Зрабіць той комплекс практыкаванняў, які не патрабуе вялікіх намаганняў, але бадзёрыць.

Прайсціся з пыласосам у вальсе... Змахнуць з паліцаў пыл, напяваючы і робячы выпады... Паспрабаваць жангліраваць чымсьці...м-м-м... ну, тым, што не паб’ецца... Лоўкасць рук – ажно самой прыемна!

У высокіх падскоках змахнуць павуцінне, прымусіўшы павучка таксама праявіць актыўнасць, каб знайсці сабе іншы прытулак.

І вось ужо сонны стан некуды падзеўся. І такая ахвота дацягнуцца да гор, каб іх звярнуць! Ну і няхай  за вокнамі туман і мокрадзь... А ў нас – бадзёрасць, рух і дзеянне!

Зрэшты, пасля гэткай актыўнасці ўжо можна дазволіць сабе і цукерку-другую. Але не ўсю каробку, вядома ж! І кубачак кавы зварыць. Альбо любімай гарбаты – напрыклад, са святаянніка і мяты. Ну прыемна ж, праўда?! І смачна... А водар які!!!

А тады сярод шматлікіх хатніх спраў (я зараз больш да жанчын) знайсці час на прагляд любімага фільма. Пасумаваць і парадавацца разам з яго героямі і адчуць душэўны камфорт. Я звычайна ўжо дзесьці з сярэдзіны снежня пачынаю пераглядаць свой топ-10 навагодніх фільмаў. Не спяшаючыся... З радасцю і прыемнасцю. І настрой уздымае, і якіясьці цікавыя моманты ўсплываюць у памяці з уласнага жыцця.

І – так, «Іронія лёсу», вядома ж, сярод іх. Як па мне, дык вечны фільм. А яшчэ штораз адкрываеш для сябе ў ім штосьці новае. Здаецца, гэта з вобласці фантастыкі... Ну як такое можа быць, калі за апошнія дзесяцігоддзі фільм перагледжаны, як кажуць, упоперак і ўдоўжкі, расцягнуты на цытаты?! Невытлумачальна, але дзівосы здараюцца... І так цёпла робіцца на душы...

Дагэтуль памятаю, як у дзяцінстве і юнацтве мы чакалі праграмы тэлебачання (!!!) на навагоднія святы, каб паглядзець, па якому каналу будуць паказваць гэты самы навагодні фільм у той час, калі нам зручна. Чамусьці менавіта 31-га снежня «Іронію лёсу» трэба было паглядзець абавязкова! А без гэтага, здаецца, і Новы год – не свята. Як без ёлкі, мандарынаў, шампанскага і «Аліўе»... А ў вас была ці, можа, і ёсць такая традыцыя, сябры?!

Словам, сёння – не сумуем! Нават калі няма сонейка, якое традыцыйна стварае ўзімку вясёлы настрой адной сваёй прысутнасцю на небе. Давайце зробім штосьці добрае і прыемнае для саміх сябе, сямейнікаў, сяброў і знаёмых! Я шчыра зычу ўсім душэўнай цеплыні – сёння і штодня!

Exit mobile version