На працягу вось ужо 20 гадоў пачатак мая ва ўсім свеце адзначаны не толькі святам вясны, міру і салідарнасці працоўных. Кожны першы аўторак месяца – гэта яшчэ і міжнародны дзень барацьбы з бранхіяльнай астмай, ад якой у свеце пакутуюць больш за 350 мільёнаў людзей. Да гэтага часу само слова «астма» для большасці абывацеляў напоўнена страхам і асуджанасцю.
Між тым, апошнія 12 гадоў у корані змянілі ўяўленне аб бранхіяльнай астме, дзякуючы дасканаламу вывучэнню прыроды захворвання і, як следства, з'яўленню сучасных метадаў тэрапіі. Хваробу можна кантраляваць! Галоўнае ў астме – яе абарачальнасць. Пры своечасовым і адэкватным лячэнні цалкам рэальна дамагчыся адсутнасці сімптомаў захворвання, а значыць, высокай якасці жыцця.
Пра тое, што ляжыць у аснове бранхіяльнай астмы, якія прыкметы паказваюць на яе развіццё, як не прапусціць аптымальны час, каб спыніць хваробу, журналіст інфармацыйнага партала 24health.by даведалася ў загадчыка алергалагічнага аддзялення 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы г.Мінска, галоўнага пазаштатнага дзіцячага алерголага Міністэрства аховы здароўя, к.м.н. Дзмітрыя Бузы.
Фактары астмы
Бранхіяльная астма – гэта хранічнае запаленчае генетычна абумоўленае захворванне, пры якім арганізм адказвае на ўздзеянне раздражняльных фактараў спазмам бронхаў.
Гэта хвароба са шматвяковай гісторыяй. На працягу доўгага часу яна трывала асацыявалася з непрадказальнымі і зацяжнымі прыступамі ўдушша, якія прыводзяць у крайніх выпадках да фатальнага зыходу. Але нават пры менш цяжкім цячэнні праявы хваробы ў выглядзе дыхавіцы, адчування цяжару ў грудзях, хрыпаў і свісту пры дыханні, стамляльнага кашлю пакідалі хвораму мала шанцаў на паўнавартаснае і якаснае жыццё. Чаму так адбываецца?
Вобразна кажучы, бронхі – гэта дварэцкія ля параднага ўваходу. Яны з'яўляюцца апошнім правадніком у лёгкія вычышчанага і сагрэтага паветра, якое мы ўдыхаем. У выпадку бранхіяльнай астмы «дварэцкiя» залішне падазроныя і гіперактыўныя: пры мінімальным раздражненні «дзверы» вокамгненна зачыняюцца. Адсюль абцяжаранае дыханне, дыхавіца, хрыпы і свіст пры дыханні, рэфлекторны кашаль.
Фактары, якія спрыяюць развіццю і/або абвастрэнню астмы, дзеляцца на некалькі груп:
- Алергены памяшканняў:
- хатні пыл, у тым ліку клешч хатняга пылу;
- поўсць жывёлаў;
- алергены прусакоў;
- бытавая хімія;
- цвіль.
- Алергены па-за домам:
- пылок квітнеючых раслінаў;
- плесневыя грыбкі;
- прафесійныя алергены.
- Неалергічныя прычыны:
- вірусныя інфекцыі;
- халоднае паветра;
- стрэс;
- курэнне, у тым ліку пасіўнае;
- празмерная фізічная нагрузка.
Прыкметы навальніцы, якая насоўваецца
У перыяд рэмісіі хвароба ніяк сябе не выдае, а сімптомы настолькі зменлівыя, што нават пры абследаванні не заўсёды магчыма сапраўды ўсталяваць дыягназ бранхіяльнай астмы. Прыкметы хваробы найбольш ярка выяўленыя ў перыяд абвастрэння (прыступу ўдушша):
- з'яўляецца экспіраторная дыхавіца (цяжкасці пры выдыху);
- выдыханне паветра патрабуе намаганняў, пра што сведчаць разадзьмутыя крылы носа;
- гаворка перарывістая;
- у наяўнасці ўзбуджэнне, якое мяжуе з панікай;
- становішча артапноэ (чалавек спрабуе знайсці становішча, якое дапамагло б яму дыхаць на поўныя грудзі: як правіла, седзячы, абапіраючыся на рукі);
- пачынаецца пастаянны або перарывісты кашаль.
Акрамя таго, ёсць і іншыя прыкметы, якія паказваюць на цяжар абвастрэння: цыяноз (сінюшнасць твару і канечнасцяў, што сведчыць пра недахоп кіслароду), дрымотнасць, тахікардыя, уздуцце грудной клеткі, немагчымасць вымавіць слова.
Лячэнне астмы
Для бранхіяльнай астмы прымяняюцца дзве катэгорыі лекавых прэпаратаў: для неадкладнай дапамогі і купіравання вострых прыступаў удушша (яны эфектыўна здымаюць праявы хваробы, але не лечаць яе саму) і планавая базісная тэрапія (лечаць захворванне, перашкаджаюць з'яўленню прыступаў, але бескарысныя ў момант абвастрэння).
Таксама варта памятаць, што лячэнне бранхіяльнай астмы не абмяжоўваецца толькі прыёмам лекавых сродкаў. Абсалютны кантроль над хваробай магчымы толькі пры комплексным падыходзе, з выкарыстаннем, у тым ліку, немедыкаментозных метадаў. Іншымі словамі, важна стварыць вакол сябе такія ўмовы, якія звялі б да мінімуму рызыку развіцця і/або абвастрэння хваробы.
Тэрыторыя, свабодная ад астмы. 15 правілаў бяспекі
Дзмітрый Буза раіць прытрымлівацца 15 правілаў арганізацыі гіпаалергеннага побыту. Гэтыя правілы былі распрацаваны ў рамках міжнароднай Глабальнай стратэгіі лячэння і прафілактыкі бранхіяльнай астмы (GINA) і даказалі сваю высокую эфектыўнасць.
- Па магчымасці пазбаўцеся ад рэчаў-«пылазборнікаў»: дываноў, парцьераў, залішняга тэкстыльнага дэкору ў інтэр'еры, шкур жывёл...
- Штодня праводзьце вільготную ўборку кватэры. Кампрамісы ў дадзеным выпадку недарэчныя.
- Захоўвайце кнігі, вопратку, пасцельную бялізну ў закрытых шафах.
- Пры неабходнасці выкарыстоўвайце паветраачышчальнікі кругласутачна, у тым ліку у перыяд цвіцення раслін. Калі ў вас няма такога прыбора, занясіце яго ў спіс першачарговых набыткаў.
- Рэгулярна і старанна праветрывайце кватэру, забяспечце прыток свежага паветра нават уначы.
- Падумайце, ці патрэбныя вам дома пакаёвыя расліны – у зямлі ствараюцца ўмовы для размнажэння плесневых грыбкоў.
- Праводзьце ўборку ваннага пакоя з растворамі, якія папераджваюць рост плесневых грыбкоў, не радзей 1 разу ў месяц.
- Сачыце, каб дома не было плямаў сырасці на столі і сценах.
- Карыстайцеся пасцельнай бялізнай для матрацаў, коўдраў, падушак, вырабленай з сінтэтычных матэрыялаў, непранікальных для алергенаў. Пры гэтым неабходна раз у год мяняць старую падушку на новую.
- Дзіцячыя мехавыя цацкі неабходна рэгулярна пыласосіць, падвяргаць хімічнай апрацоўцы акарыцыдамі або класці на ноч у маразільнік (-20 градусаў). Як бы ні было прывязана да свайго плюшавага мядзведзя ваша дзіця, прызвычайце яго да думкі, што спаць яны павінны паасобку.
- Не трымайце ў доме жывёл. Даўжыня воўны або адсутнасць такой у хатняга гадаванца не маюць значэння: неалергенных жывёл не бывае.
- Засцеражыце сваё дзіця ад кантакту з бытавой хіміяй: пральнымі парашкамі, чысцячымі сродкамі, фарбамі і да т.п.
- Пазбягайце выкарыстання ў прысутнасці дзіцяці рэчываў з рэзкімі пахамі: касметыка, духі, дэзадаранты, лак для валасоў і т.п.
- Не паліце дома. Нават пасіўнае курэнне можа правакаваць абвастрэнне захворвання.
- Дзіця з устаноўленым дыягназам «бранхіяльная астма» пажадана не адпраўляць у дзіцячы сад да 5 гадоў. Але гэта не значыць, што яго трэба цалкам ізаляваць ад знешняга свету, стварыць інкубацыйныя ўмовы.
Бранхіяльная астма адносіцца да ліку захворванняў, супраць якіх не існуе цуда-таблеткі, здольнай раз і назаўсёды пазбавіць чалавека ад хваробы. Тым не менш, пры існуючых спосабах лячэння і правільным іх ужыванні можна забыцца пра пакутлівыя прыступы ўдушша, званкі ў «хуткую» і атрымліваць асалоду ад жыцця ва ўсёй яго паўнаце. Яскравы прыклад таму – Сафія Ратару і Дэвід Бэкхем, Ірына Слуцкая і Біл Клінтан, Шэран Стоўн і Томас Долан... Апошні, дарэчы, пакутаваў на цяжкую форму бранхіяльнай астмы задоўга да таго, як стаць двухразовым алімпійскім чэмпіёнам па плаванні.