Пра стан паверхневых вод у адкрытых крыніцах Беларусі і праблемных раёнах, дзе паветра не такое чыстае і празрыстае, як хацелася б, распавяла на прэс-канферэнцыі начальнік службы экалагічнай інфармацыі Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Алена Багадзяж.
Па дадзеных шматгадовых назіранняў спецыялістаў, вызначаны пералік водных паверхняў, якія маюць найбольшую антрапагенную нагрузку (уплыў, выкліканы дзейнасцю чалавека). Сюды ўвайшлі рэкі Свіслач ніжэй Мінска, Уша ніжэй Маладзечна, Ясельда, Морач, Пліса ніжэй Жодзіна, Уза ніжэй Гомеля і некалькі азёр, якія прымаюць падземныя воды.
Аднак, у першым паўгоддзі 2018 года на стан паверхневых вод аказвалі ўплыў не толькі антрапагенныя, але і прыродныя фактары. Напрыклад, сёлета назіралася даволі моцная паводка, якая стала прычынай дэфіцыту кіслароду ў большасці рэк і азёр. Мінімальная яго канцэнтрацыя была адзначана ў рацэ Бярэзіна.
Перавысіла дапушчальныя ўзроўні канцэнтрацыя фасфату амонія ў рацэ Пліса ніжэй Жодзіна (у 8,7 ГДК – гранічна дапушчальная канцэнтрацыя), па нафтапрадуктах у вадасховішчы Волма і ў рацэ Свіслач у межах Мінска (да 3 ГДК). Гэта таксама стала вынікам паводкі, калі вада, вяртаючыся ў рэчышча рэк, змывала з зямлі эндагенныя рэчывы.
– У цэлым такая сітуацыя назіраецца кожны год, – запэўніла Алена Багадзяж. – Паказчыкі адпавядаюць сярэднім шматгадовым. А калі параўноўваць стан паверхневых вод цяпер і, скажам, гадоў 30 таму, зараз паказчыкі значна больш аптымістычныя.
Што тычыцца атмасфернага паветра, назіранні за яго станам праводзяцца ў 19 прамысловых цэнтрах краіны і ахопліваюць 80% насельніцтва, якое пражывае ў буйных і сярэдніх гарадах Беларусі. Маніторынг вядзецца па асноўных забруджвальных рэчывах (напрыклад, пылу і зместу цвёрдых часціц), а таксама спецыфічных, такіх як фармальдэгід, фенол, якія аказваюць істотны ўплыў на здароўе людзей.
Па словах Алены Багадзяж, з году ў год нестабільнае экалагічнае становішча адзначаецца ў асобных раёнах Гомеля, Мінска, Магілёва, Жлобіна.
У першым паўгоддзі 2018 года ў раёне Уручча горада Мінска на працягу 8 дзён запар рэгістравалася перавышэнне ГДК у паветры па дыаксідзе азоту. Вышэй за дапушчальныя канцэнтрацыі адзначана яго ўтрыманне ў Магілёве. У паветры Наваполацка фіксавалі перавышэнні ГДК і па дыаксідзе азоту, і па сера-дыаксідзе.
З-за дэфіцыту ападкаў у красавіку-маі канцэнтрацыя цвёрдых часціц і пылу ў паветры часта перавышала дапушчальныя нормы. Так, у Мінску ў раёне Уручча адзначаны перавышэнні ў 4,7 разоў, у Гомелі і Жодзіна – у 2,5 разы (прычым, павышаная канцэнтрацыя пылу фіксавалася ў гэтых гарадах на працягу 44 і 10 дзён адпаведна). Неспрыяльная экалагічная абстаноўка адзначалася ў Полацку і Наваполацку.
А вось узровень забруджвання паветра спецыфічнымі рэчывамі, паводле слоў спецыяліста, захоўваўся досыць нізкім. Нязначныя перавышэнні ў 1,3-1,4 разы па канцэнтрацыі фенолу адзначаны ў Наваполацку і Барысаве. Да 1,8 раз вышэй нормаў была канцэнтрацыя фармальдэгіду ў Віцебску, Наваполацку, Гродне, Жлобіне і Светлагорску. Змест аміяку ў паветры Гомеля фіксаваўся з перавышэннем у 2,3 ГДК, у Брэсце – у 3,4 ГДК, у Магілёве – у 1,2 ГДК.