Site icon Слушна

Дыярэя, крываўка, бледная кабыліца…

Дыярэя

Дыярэя — вядомая са старажытнасці малапрыемная хвароба, барацьбу з якой чалавецтва вядзе не адно тысячагоддзе. Часам ад яе памірала больш людзей чым ад брушнога тыфу. Раней у вёсках ваніты і панос у дзяцей тлумачылі тым, што малое ўпала з лавы ці калыскі і перавярнулася. Тады клікалі бабку-знахарку, якая тройчы пераварочвала дзіцёнка.

Эпідэміі дызентэрыі ў свеце

Эпідэмія дызентэрыі

Эпідэміі дызентэрыі вядомыя чалавецтву са старажытных часоў. Упершыню тэрмін «дызентэрыя» быў уведзены Гіпакратам для апісання захворвання, пры якім назіраюцца часты стул з крывава-слізевымі выдзяленнямі, што не моцна адрозніваецца ад сучаснага клінічнага вызначэння дызентэрыі. Крывавы панос (чырвонка, крываўка, бягунка, бледная кабыліца, чырвоная дыярэя) на 1823 год апісаны ў медыцынскай літаратуры як сур’ёзная пагроза для жыцця, якая патрабуе неадкладнага ўмяшання спецыялістаў.

Эпідэміі гэтай хваробы суправаджалі многія ваенныя кампаніі, часта ад яе гінула салдат болей, чым непасрэдна падчас баёў. Пра эпідэміі дызентэрыі падчас ваенных кампаній вядома яшчэ з часоў Старажытнай Грэцыі. Ад крывавага паносу шмат воінаў памерла ў Крымскую (1853–1856), руска-турэцкую (1877–1878) і японскую (1904–1905) войны. У 1920 годзе ў Петраградзе за паўгода хвароба забрала жыцці 19 % ад тых, хто захварэў. Падчас Грамадзянскай вайны ў ЗША прыкладна кожная чацвёртая смерць была з-за дызентэрыі.

Нараўне з грыпам і брушным тыфам дызентэрыя адыгрывала важную ролю ў Першай сусветнай вайне, падчас якой у салдат былі дрэнныя санітарныя ўмовы, і інфекцыя перадавалася фекальна-аральным шляхам або праз заражаную ежу ці ваду.

У Другой сусветнай вайне смяротнасць ад дызентэрыі значна знізілася, чаму паспрыяла і з’яўленне антыбіётыкаў. Тым не менш, прыкладна ад 40 да 50 % нямецкіх і італьянскіх частак мелі дызентэрыю.

Дызентэрыя ў Беларусі

На тэрыторыі Беларусі такія эпідэміі здараліся даволі часта. Неўраджаі, якія перыядычна паўтараліся, голад, вайна 1812 года ў значнай меры паўплывалі на эканамічнае становішча і стан здароўя насельніцтва. Цяжка працякалі і паўтараліся эпідэміі сыпнога і брушнога тыфу, дызентэрыі, воспы. Асабліва ў перыяд напалеонаўскіх войнаў 1807 і 1812 гадоў.

Ад стыхійных бедстваў і эпідэмій больш за ўсё пакутавалі найбяднейшыя пласты насельніцтва. Як адзначалася ў справаздачах, у першую чаргу цярпелі сяляне, за імі — гарадская бедната. Так, з 1803-га па 1810 год насельніцтва Гродзенскай губерні зменшылася на 0,7 %, або на 4 224 чалавекі, з 1810-га па 1816-ы — на 9,4 %, або на 50 637 чалавек.

Паводле архіўных звестак, у 1833 годзе шмат людзей памерла ад дыярэі каля Слуцка. У 1844 годзе ў адным з маёнткаў каля Віцебска захварэла 60 чалавек, з іх 11 памерла. У 1845 годзе ў Лідскім павеце на панос захварэла 253 чалавека, а памерла 30.

У пачатку 20 стагоддзя па многіх паветах смяротнасць ад крывавага паносу складала 15 %. Уводзіліся каранцінныя меры. Для хворых рабілі часовыя лячэбніцы. Памерлых хавалі на асобных могілках і ў трунах, напоўненых негашанай вапнай.

Вялікая эпідэмія чырвонкі здарылася ў 1885 годзе ў Нясвіжы. Мяшчане, якія жылі ў прадмесці горада (Новае места) сабралі грошы па дамах і зрабілі два драўляныя крыжы. Адзін з іх паставілі на плошчы Новага места, каля помніка Святога Вікенція, а другі ў полі, на перакрыжаванні малых дарог, якія вялі ва ўрочышча Крыж. Абодва крыжы абнеслі драўлянай агароджай. У горадзе і наваколлі ўсе ведалі, што крыжы пастаўлены для абароны ад крывавага паносу і абракаліся каля іх.

Гарэлка з соллю ды іншыя народныя метады

У народнай медыцыне існавалі розныя метады лячэння паносу. Гэта разнастайныя настоянкі — на кары чаромхі, дуба, з сушанага мухамора на гарэлцы; адвары — з мяты і чарніц, кропу, рамонку, піжмы ды розных араматычных зёлак; парашкі — з насення шчаўя, сушаных брусніц, ільнянога і канаплянага насення. Эфектыўным сродкам лічылі гарэлку з соллю. Пры дзіцячых кішэчных хваробах выкарыстоўвалі корань крывахлёбкі.

На жывот клалі прыпаркі са скарынак жытняга хлеба. Елі розныя крупяныя кашы, асабліва ячменную з мёдам і цукрам, бруснічным ці парэчкавым сокам. Рэкамендавалі печаныя яблыкі, кісель з сухіх чарніц, гатаванае малако і пракіпячонае чырвонае віно. Сярэднявечныя лячэбнікі раілі высушаную заечую кроў, зваранае разам сала, масла і ягады чарніц, галубінае мяса, спалены заечы памёт з воцатам.

А каб цэлы год не балеў страўнік, лічылі даўней беларусы, трэба пацерці лоб адшчыпнутай часткаю новых пладоў, ад шчаўя і да капусты, перш чым іх спажываць. Таксама верылі, каб не было паносу ад не вельмі спелых ягад, першую ягаду трэба раздушыць у сябе на твары.

Мох і лішайнікі. Чым беларусы лячыліся ад розных хвароб?

Exit mobile version