Site icon Слушна

«Дзе ты быў 20 гадоў?» Пра развод, бацькоўства і новы шлюб вачыма мужчын (+відэа)

Сітуацыя паўторнага шлюбу ў Беларусі не рэдкасць. Бо больш за палову зарэгістраваных саюзаў заканчваюцца разводам. Узнікае сітуацыя, калі ў мужчыны ёсць дзеці ад папярэдніх адносінаў, пры гэтым яго новая выбранніца ўжо таксама з'яўляецца маці.

Як заставацца добрым бацькам, які захоўвае сувязь са сваім дзіцем, нягледзячы на развод, і пры гэтым наладзіць узаемадзеянне ў якасці айчыма? Як граматна ўвайсці ў новую сям'ю? Які ўдзел айчым можа прымаць у выхаванні няродных дзяцей і з якімі перажываннямі з гэтай нагоды можа сустрэцца?

Пра гэта наша размова ў рубрыцы «Пра што маўчаць мужчыны» з псіхолагам Серыкам Аспанавым.

Серык Аспанаў – практыкуючы псіхолаг, сертыфікаваны гештальт-тэрапеўт

Серык Аспанаў – практыкуючы псіхолаг, сертыфікаваны гештальт-тэрапеўт, сябра Еўрапейскай Асацыяцыі Гештальт-Тэрапіі, спецыяліст па працы з псіхалагічнымі траўмамі і негатыўным дзіцячым вопытам, кансультант па працы з фігурай бацькі і вядучы групаў на тэму бацькоўства, мадэратар тата-школы, кансультант па працы з мужчынамі, схільнымі да агрэсіі; дзіцячы і падлеткавы псіхолаг, вядучы падлеткавых груп, энеяпрактык, танцарухальны тэрапеўт.

Увага таты неацэнная

Серык Аспанаў:

– Мужчына застанецца татам да заканчэння жыцця. Пытанне толькі ў тым, якой якасці будзе яго бацькоўства. Калі ён сыходзіць з сям'і, дык адчувае вельмі шмат перажыванняў, якія звязаныя не толькі з кантэкстам разводу, але і з дзіцем. Калі мужчына дастаткова добра ўзаемадзейнічаў з сынам ці дачкой, паміж імі прысутнічала ўзаемная прыхільнасць, дык для яго страта гэтага штодзённага кантакту – самая моцная трагедыя, якую ён перажывае па-рознаму. Гэта можа быць так: не спраўляючыся са сваімі моцнымі перажываннямі сораму, болю, крыўды, злосці, гневу, бацька пачынае замыкацца і аддаляцца ад дзіцяці. Не самы лепшы варыянт. Але ў той момант, напэўна, ён не можа зрабіць штосьці іншае. Не хапае вопыту, усвядомленасці, падтрымкі... У такім выпадку і дзіця пачынае бачыць бацьку ў іншым кантэксце: лічыць, што той яго кінуў. Адпаведна – злуецца, крыўдзіцца, адчувае сябе якімсьці не такім...

Уплыў можа аказваць і крыўда маці. Бо ў такой сітуацыі яна не мае права пагрузіцца ў свае эмацыянальныя перажыванні і цалкам ігнараваць патрэбы дзіцяці. Ёй у любым выпадку неабходна заставацца ў кантакце.

– Так. Чым меней бацька мае стасункаў з дзіцем, тым больш часу той праводзіць з мамай, робіцца лаяльным да яе, пачынае пераймаць яе погляды. І гэта таксама можа быць праблемай. Калі мама гатовая падтрымліваць кантакт бацькі з дзіцем, казаць, што нягледзячы на тое, што яны з татам разышліся, застаюцца бацькамі, і мужчына таксама гатовы да гэтага, дык усё выдатна. Адносіны мужчыны і жанчыны выносяцца за дужкі, застаецца супрацоўніцтва бацькоў. Але калі наадварот, дык дзіцячая душа будзе з цяжкасцю перажываць гэта. Бо бацька ад яго аддзелены, ён яго не бачыць, мама перапоўненая крыўдай і злосцю, усе свае перажыванні яна выгружае ў дзіцячы маленькі кантэйнер, які наогул не прызначаны для гэтага. Тады дзіцяці робіцца яшчэ горш. Яму, адпаведна, таксама трэба кудысьці гэтую злосць падзець. І першы аб'ект гневу – тата.

Нядаўна я размаўляў са сталым мужчынам, які даўно разведзены. Ён не бачыў дачку 20 гадоў, толькі цяпер пачаў з ёй узаемадзейнічаць. Усёй гісторыі не ведаю. Я рады, што нават праз 20 гадоў знайшлася магчымасць кантактаваць з дачкой, наблізіцца, што яна дапусціла яго да сябе. Такое бывае нячаста. Але ў мяне заўсёды пытанне: «Што ты рабіў 20 гадоў? Дзе ты быў?»

Я мужчын не апраўдваю. Наколькі б ні было табе балюча, наколькі б табе ні было складана, ты ўсё ж такі дарослы чалавек. І ёсць маленькі чалавечак, які чакае цябе. Тваёй увагі, дотыку, парады, пажадання, блаславення. Толькі ты гэта можаш даць яму ў той меры, у якой ён мае патрэбу.

Калі лепшае выйсце для бацькі – знікнуць...

Ці ёсць сітуацыі, калі лепей, каб бацька і дзіця не мелі стасункаў?

– Калі па шчырасці, дык я часам лічу рашэнне мужчыны сысці з сям'і і не вяртацца больш здаровым. У сітуацыях гвалту, напрыклад, калі ў бацькі вялікія праблемы з залежнасцю, амаль нічога чалавечага не засталося. Тады дзіцяці і праўда лепей не бачыць гэтую мадэль. Няхай ён у пэўным сэнсе дабудуе ў сваёй галаве гісторыю. Важна разумець, што ёсць рэальны бацька – і сімвалічны, унутраны. І часцяком, працуючы з гэтай унутранай фігурай, мы можам неяк кампенсаваць тыя недахопы, якія выяўляў рэальны тата.

Як правільна наладзіць адносіны з дзецьмі новай жонкі?

– Тут актыўна павінны працаваць новыя муж і жонка. Жанчыне трэба ўводзіць айчыма ў сям'ю самой досыць паступова, без рыўкоў па тыпу: «Глядзі, у нас будзе жыць мужчына. І ты яго называй татам». Не. Маленькае знаёмства, сумесныя прагулкі, кіно, дзе мужчына павінен паважаць дзіця. Тут пытанне ў тым, што калі я па-сапраўднаму люблю гэтую жанчыну, дык буду беражліва ставіцца і да яе працягу. Але любіць гэтае дзіця айчым не абавязаны. Калі гэта здарыцца, дык выдатна, прыгожая гісторыя. Аднак ён дакладна не павінен займаць месца біялагічнага бацькі. Што гэта значыць? Канкурыраваць, паказваць, наколькі ён добры, адэкватны і г.д., параўноўваючы сябе з родным татам. У сямейнай сістэме ў кожнага ёсць сваё месца, парадак і значэнне. І калі новы мужчына спрабуе выкараніць у душы дзіцяці роднага бацьку, якім бы ён ні быў, ён займае не сваё месца. Адпаведна, адносіны могуць не скласціся.

Мужчынам у такой сітуацыі, напэўна, нялёгка. Дадаецца пачуццё віны за тое, што пакінуў сваё дзіця, якое можа раўнаваць да новай сітуацыі...

– Так. Мужчына павінен разабрацца з усім гэтым і выразна ўсведамляць усе працэсы, якія адбываюцца. Злосць, рэўнасць, разгубленасць, гатоўнасць бегчы ў розныя бакі ад роспачы. Усё натуральна ў гэты перыяд, бо сітуацыя абсалютна не тыповая. Не кожны дзень мы сустракаем новага партнёра з дзіцем і нам даводзіцца ўваходзіць у новую сям'ю.

Па першым часе ўсе прэтэнзіі, непаразуменні будуць весціся праз маці і агучвацца ў яе прысутнасці. Ужо потым, калі выявяцца правілы, выразная структура, тады можна непасрэдна кантактаваць айчыму з дзіцем.

Стварэнне новай сям'і, у якой ужо ёсць дзеці, патрабуе максімальнай усвядомленасці. Гэта тычыцца перш за ўсё новай пары. Важна прагаварыць «на беразе», што дапушчальна і што не, дзе будзе жыць новая сям'я, якія ў ёй будуць правілы, як будуць улічаныя інтарэсы кожнага, якім чынам мужчына будзе клапаціцца пра дзецей ад першага шлюбу, як новая сям'я можа супрацьстаяць магчымым нападкам і незадаволенасці з боку бабуль і дзядуляў... Усе гэтыя пытанні важна абмяркоўваць загадзя і разумець сваю адказнасць.

Тры «ключы» для кантакту бацькі з дзіцем

Ці трэба мужчыну ўсё ж такі браць на сябе абавязацельствы па выхаванні няродных дзяцей у новай сям'і? Ці можа айчым, напрыклад, іх караць?

– Трэба. Любы працэс выхавання – гэта ўзяцце на сябе абавязацельстваў. Калі айчым забяспечвае сям'ю і ў яго ёсць пэўныя рэсурсы, якія ён уносіць у яе і дзіця іх атрымлівае, дык мужчына мае права абмяжоўваць яго (але не караць). У разумных межах, свядома і адказна, каб гэта не было празмерным.

Ёсць тры фактары, якія дапамагаюць мужчынам будаваць адносіны з дзецьмі. На іх можна абапірацца і бацьку, і айчыму.

1. Уцягнутасць бацькі ва ўзаемадзеянне з дзіцем. Гэта значыць, колькі часу ён надае дзіцяці, стасункі. Калі малыш зусім маленечкі, гэта ўдзел у яго доглядзе: змена падгузніка, купанне і г.д.

2. Даступнасць бацькі. Цяпер гэта дэфіцыт. Старыя архаічныя ўстаноўкі пра тое, што мужчына павінен шмат працаваць і мала надаваць часу дзіцяці, усё яшчэ працуюць. Даступнасць азначае, што калі бацька прыходзіць з працы і дзіця падбягае да яго, мужчына проста павінен узяць яго на рукі, выдаткаваць 2-3 хвіліны, паслухаць, як прайшоў дзень малога.

З дарослым сынам ці дачкой быць даступным азначае магчымасць пагаварыць на ўсе тэмы, абмеркаваць любыя пытанні, праблемы, не адмахвацца.

У мяне ў Казахстане ёсць стрыечны брат, у яго 5 дачок. Я заўважыў, што ўсе яны вельмі цёпла ўзаемадзейнічаюць з бацькам, і паназіраў, за кошт чаго гэта ўдавалася. Усё проста. Калі, напрыклад, былі госці і дзеці вакол бегалі, любая з дачок магла падбегчы, сесці да яго на калена, і ён 2-3 хвіліны з ёй гаварыў.

Такім чынам ён паказваў ім, што нягледзячы на вялікую колькасць людзей, занятасць ён гатовы вырвацца з гэтай мітусні для іх. І дочкі раслі з адчуваннем, што іх заўважаюць, прызнаюць, бачаць, тата даступны, не закрыты.

3. Адказнасць. За форму выхавання, наступствы, якія той ці іншы падыход нясе.

Калі гэтыя тры фактары вельмі добра складваюцца, дык можна казаць пра досыць добрае бацькоўства. Бо ідэя «супертаты» вельмі таксічная.

Тое ж самае можа рабіць і айчым: уключацца ў адносіны з пасынкам або падчаркай, размаўляць, быць даступным у гульні, хатняй працы і паволі браць на сябе абавязацельствы за выхаванне гэтага дзіцяці. Не браць цалкам, але падзяляць. Бо ёсць усё ж такі біялагічны бацька, які ў першую чаргу нясе адказнасць.

Бацька – не толькі той, хто «нарадзіў»

Атрымліваецца, што мужчына шмат укладвае рэсурсаў у дзяцей сваёй жанчыны, але па факце ён не можа назваць іх сваімі. Ці не будзе гэта прыводзіць да пачуцця ўнутранай спустошанасці?

– Бацькоўства – гэта акт волі. Калі ўсё складзецца добра, дык не будзе адчування пустэчы або таго, што ўклаў рэсурсы не туды. Калі будзе зваротны водгук і падзяка з боку дзіцяці, разуменне, цеплыня ўзаемная, дык дакладна гэты мужчына будзе задаволены сваімі дзеяннямі.

Удзячнасць прыходзіць часам толькі з гадамі

– І такое магчыма. На семінарах, звязаных з бацькоўствам, мы робім практыкаванне: я даю 4 словы («тата», «баця», «бацька» і «айчым») і прашу ва ўдзельнікаў даць на іх асацыяцыі. Калі тата больш сустракаецца на першых этапах жыцця, ён дамінуючы і апякуючы, дык баця з'яўляецца ў падлеткавым перыядзе. Гэта ўжо настаўнік, паплечнік, сябар, які дапамагае разам рамантаваць пэўныя рэчы, уводзіць у свет мужчын, дзеянняў, актыўнасці. Бацька – самая апошняя стадыя. Менавіта ў ёй мужчына гатовы ў поўнай меры прыняць падзяку і ўсвядоміць той уклад у дзіця, які ён зрабіў. Гэта потым выяўляецца ў тым, што мужчына становіцца выдатным дзядулем для сваіх унукаў.

Відэа – Святлана Стахоўская, Андрэй Васкрасенскі

 

Exit mobile version