Site icon Слушна

Дзень Архіпа і Філімона: наша месца… на кухні, спадарыні! :)

Архіп. Філімон. Гатуем шмат.

Не, гэта зусім не ў плане нас, дзяўчат ды жанчын, прынізіць ды сапраўды ўказаць месца! Проста ў нашых продкаў так было прынята ў гэты дзень, 4 сакавіка: чым больш гаспадыня будзе завіхацца на кухні, чым больш яна нагатуе, тым больш багацця будзе ў сям’і. А ўсё таму, што сёння – дзень Архіпа і Філімона! Так што – на кухню, на кухню, шаноўныя! 🙂 Праўда, сёлета ў праваслаўных пачаўся ўжо Вялікі пост…

Архіп. Філімон. Гатуем шмат.

А хто з вас умее выпякаць каравай?! Вялікі, жоўты, прыгожы і смачны?! Я, па шчырасці, дык не. І паколькі дзень, зноў-такі, працоўны, не лёс сёлета і паспрабаваць гэта зрабіць. А вось у каго ёсць такая магчымасць…

Выпечаны ў дзень Архіпа і Філімона каравай сімвалізуе сонца і, натуральна, прыход вясны. З’есці яго пажадана не толькі сваёй сям’ёй, але і пачаставаць суседзяў, знаёмых і проста падарожных.

І ўвогуле, прыгатаваным дзяліліся з маламаёмнымі. Бо менавіта сёння Сусвет ацэньвае дабро, добрыя справы, шчодрыя і зробленыя ад усёй душы. А крошкі ад каравая трэба прысаліць і кінуць праз плячо за спіну! Па народных прыкметах, той, хто гэта зробіць, і ўвосень не застанецца без хлеба-солі.

Прыгадваю ранейшыя часы, калі пазычыць у суседзяў той жа солі, запалак, хлеба ці яшчэ чаго лічылася ледзьве не нормай. І зусім нікога не дзівіла. Ды і жылі тады больш дружна. Сябравалі калі не цэлым пад’ездам, дык паверхамі – дакладна.

З таго часу шмат суседзяў змянілася ў нашым пад’ездзе, больш стала маладых. З кімсьці проста вітаешся, з кімсьці – практычна не стасуешся. І ў гасцях не бываеш. І нічога не пазычаеш. Вунь, маўляў, крама пад бокам. Не кругласутачная, але да 23.00 працуе.

А вось нашыя продкі ў дзень Архіпа і Філімона стараліся абавязкова пазычыць прадуктаў у суседзяў ці сваякоў. І не таму, што так было трэба. Проста лічылася, што вясна пабачыць пустыя паліцы – і прыйдзе хутчэй. А мяркуючы па нашай, «зімовай» яшчэ, вясне… Яна толькі пустыя паліцы дзесьці і назірала! 🙂 Увесь сезон!

Калі ў кагосьці сёння ёсць магчымасць прагуляцца ў лес, дык пастарайцеся прайсціся тымі сцежкамі ці мясцінамі, дзе зайцы любяць гуляць! J Сустрэнеце шэрага – халадоў больш не будзе (але ж сёлета хіба яны былі, халады?!). А калі белага, значыць, яшчэ і снег выпадзе.

Між іншым, хтосьці абяцаў у сакавіку мінус дзесяць і снег… Я ўсё яшчэ ў чаканні! J Толькі вось наконт зайчыкавай шубкі… Не ўпэўненая. А ці мянялі яны яе сёлета каляндарнай зімой з шэрай на белую?! Дужа цікава даведацца.

Сонечны дзень 4 сакавіка абяцаў спрыяльны ў плане ўраджаю год. Цікава праверыць гэтую прыкмету. Асабліва ўлічваючы, што грымоты на голы лес у нас былі ўжо. Ажно ў лютым!

Яшчэ на Архіпа і Філімона імкнуліся падкарміць птушак. Бо таксама лічылася, што год тады будзе ўраджайным. Зрэшты, як няма снегу, дык яны і самі даволі актыўна здабываюць сабе харчаванне! Асабліва сарокі і вароны. Вось пастаянна дзяўбуць штосьці, прытрымліваючы лапкамі! Ці на зямлі, ці на дрэвах… Выйдзеш па абедзе ў нас прагуляцца ў наваколлі офіса – толькі стук чуваць! 🙂

Як ні дзіўна гэта гучыць, але ў дзень Архіпа і Філімона стараліся… не захварэць! Бо лічылася, што хвароба можа зацягнуцца надоўга. Так што таксама сцеражомся, загартоўваемся, умацоўваем імунітэт і... рухаемся!

Ушаноўваючы Архіпа і Філімона, не забываемся і пра тое, што 4 сакавіка ў Беларусі адзначаецца  Дзень міліцыі. А міліцыянеры часта супрацоўнічаюць і з медыкамі, і з выратавальнікамі, асабліва падчас надзвычайных сітуацый. Таму шчыра віншуем усіх, у каго сёння – прафесійнае свята!

І – на кухню, на кухню, спадарыні! Да пліты, да стала! Вунь сёння колькі нагодаў! 🙂

Exit mobile version