Site icon Слушна

Дзевачкі, або Нататкі з псіхушкі. Дзень другі

Я ў псіхушцы, закрытым жаночым аддзяленні псіхіятрычнай клінікі. Дзень другі

Я ў псіхушцы, закрытым жаночым аддзяленні псіхіятрычнай клінікі.

Дзень другі

Я не ведаю, колькі цягнецца ноч і колькі я спала. У палаце – святло, адмыслова ўключанае на ноч. Нельга, каб было цёмна. Гадзіннік – толькі каля паста медсястры. Не пайду глядзець, колькі часу. Чортаў катэтар моцна баліць. Не магу нармальна легчы, толькі час ад часу правальваюся ў сон, прачынаюся і з жахам усведамляю, што я ў псіхушцы.

Зранку будзіць медсястра. Трэба здаць аналізы. Кроў з вены і пальца. Кропельніца. Кардыяграма. Энцыфалаграма мозга. Флюараграфія. Гінеколаг. Усё ў рэжыме нон-стоп. Здаецца, хутка папросяць дастаць нырку, каб праверыць, ці ўсё з ёй добра…

***

Хадзіла на “разбор” свайго выпадку. Загадчыца аддзялення. Мой урач-псіхіятр. Псіхолаг. Куча інтэрнаў. Задавалі ўсё тыя ж пытанні, я раз 10-ты расказвала, што адчуваю, што са мной адбываецца і чаму я сюды трапіла.

Ага, бацькі прывезлі, бо спалохаліся. Шмат працавала. А потым - не ела. Не спала. Не ўставала з ложка. Хацела, каб балела, балела зразумела. Не, я не хацела сябе забіваць. Так, спалохалася, што не змагу спыніцца. Так, баялася звар’яцець. Татуіроўкі? Ліса – проста ліса. На назе – дыяграма пульсара і вокладка альбома Joy Division. Любімы гурт і я нарадзілася ў адзін дзень з Кёрцісам. Парэзы на руках і нагах неглыбокія. Ножык адмыслова тупы выбірала. Так, зажывуць хутка…

- Вось каб не было тваіх рэзанняў, была б у адкрытым аддзяленні, - гучыць у галаве голас мамы.

Дзякуй за напамін.

***

Мяне перавялі ў палату 15. Амаль VIP-нумар. Чым бліжэй да ўвахода ў аддзяленне – тым “цывільней” палаты. Наша – другая ў рэйтынгу.

Тут дагледжаная жанчына з акуратнай прычоскай і ў новым халаце не можа ўседзець на месцы. То ляжа, то сядзе, то адчыніць шафу, тумбачку, то выйдзе ў калідор, то зноў вернецца… і ўсё зноў па коле. Яна ўвесь час паўтарае: “Што ж робіцца ў хаце!”.

17-гадовая Яна, якая выпіла 50 таблетак і парэзала вены, каб напалохаць хлопца. Выратавала яе мама. Некалькі дзён у рэанімацыі, а потым – прывітанне наша вясёлая псіхушачка.

17-гадовая Таня, якую ў псіхушку сікраваў дырэктар вучэльні за прагулы. А бацькі і пагадзіліся – гэта ж “не лякарня, а пансіянат”.

Дзяўчына Алена з прыгожымі хвалістымі рудымі валасамі нешта мармыча, размаўляе з ежай і кімсьці нябачным каля дзвярэй, каму загадвае: “Заткні пасць!”. Усе свае дзеянні яна каментуе нечым накшталт вершаў. Ложак засцілае вельмі акуратна, рукамі разгладжвае коўдру, любуецца, што ўсё роўненька. Разоў з дзесяць дастае ўсё з тумбачкі і зноў састаўляе на месца. Любуецца кожным з варыянтаў. Мыецца ў ракавіне разоў з дзесяць на дзень. Мые ногі шампунем, баначку шампуня паласкае пад кранам некалькі хвілін…

***

Добрыя навіны: мне захацелася есці і працаваць. Паперу і ручку медсястра не дала – “Трэба свае мець!”. Папрасіла ў Олі, былой суседкі па палаце.

 

***

Час наведванняў і тэлефанаванняў – самы актыўны. Медсёстры нават музыку ўключаюць. А хворыя, як свецкія дамы, прагульваюцца на Цэнтральнай плошчы псіхушкі – каля паста №1.

***

-Так, міленькая, пакажы мне свае пазногцікі, - у палату заходзіць жанчына з добрым тварам. - Ага, трэба падстрыгчы.

- У мяне ўсё забралі, тэлефон, завушніцы, нават асабістую прастору і прыватнасць! Пакіньце хоць пазногці!

- Такія правілы… Раптам ты сабе ці некаму іншаму твар будзеш драпаць…

Мяне заводзяць у ванны пакой. Дастаюць спецыяльныя нажніцы. Я адчуваю сябе яшчэ больш безабароннай…

- Не бойся, яны апрацаваныя. А ў мяне вопыт падстрыгання пазногцяў ох які вялікі. Ага, вось так, як мага карацей. Цябе ж пры паступленні правяралі на педыкулёз? Дарэчы, раз на тыдзень мы рэкамендуем мыцца вось тут у ванне, пад дожджыкам, галаву лепш мыць у ракавіне, падмывацца на бідэ…

З жахам думаю пра тое, як гэта – дакрануцца целам да ўсяго гэтага, а раптам і валасы дастануць да самой ракавіны?

Мыю рукі з мылам кожныя пяць хвілін. Хоць нейкі занятак…

***

Гасцінцы ад наведвальнікаў – асобная тэма. Магдалена хваліцца, што заўтра да яе прыйдзе пляменніца і прынясе пасту, шчотку, туалетную паперу (2 рулоны), зефір, пернікі, цукеркі. І бананы. Кілбасу! “Мінулы раз прыносіла палку – такую тоўстую, як твая рука. Але я яе не з’ела. Укралі!”. Магдалена ходзіць па палатах і пытаецца ва ўсіх, ці ёсць яблык, груша, цукерка, каб і самой пачаставаць унука.

***

Ідзём палуднаваць. У дадатак да ежы даюць па паўшклянкі кефіру.

- Быў час, калі кефір перад сном давалі, - меланхалічна згвадвае хворая.

- Гэта даўно было. Быў і час, калі на сняданак хлеб з маслам давалі, - дадае супрацоўніца кухні.

***

Увечары Магдалена – зноў у нас у палаце.

- Мне давалі такія таблеткі, што я 10 сваякоў пахараніла!

- Як так? Таблеткі піла ты, а паміралі іншыя?

- Не, думкі такія былі. Здавалася, што яны ўсе памерлі. А яны жывыя! Во пляменніца заўтра прыйдзе.

***

Замест жанчыны, якая ўвесь час паўтарала “Што ж у хаце робіцца!” нам перавялі цяжарную Кацю. 22 гады, ужо мае дачку і зараз чакае хлопчыкаў-двайнят: “Ігара – бацька перад смерцю папрасіў, каб сына яго іменем назвала. І Лёшу або Дзяніса, канчаткова яшчэ не вырашыла. Дзяніс – багатае імя”.

Палата 15 паступова ператвараецца ў “вясёлую маладзёжную”.

Працяг будзе.

Раней: Дзень першы.

Exit mobile version