Кожны год у трэці чацвер лістапада праводзіцца Дзень некурэння. Гэтая дата зацверджаная па ініцыятыве Міжнароднага саюза па барацьбе з ракам. Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, курэнне з'яўляецца прычынай прыкладна 40% смяротных выпадкаў сярод насельніцтва. Ужыванне тытуню спецыялісты расцэньваюць як асноўны фактар заўчаснай смерці, якой можна пазбегнуць.
«Слушна» ў Дзень некурэння вырашыў яшчэ раз нагадаць пра шкоду, якую наносяць арганізму цыгарэты. Экспертам выступіў загадчык анкалагічнага (таракальнага) аддзялення РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава, анколаг-хірург, к.м.н. Павел Караткевіч.
90% выпадкаў развіцця раку лёгкага
Штогод у нашай краіне на рак лёгкага захворваюць каля 4 тысяч мужчын і прыкладна 600 жанчын. Прычым прыблізна 90% выпадкаў развіцця гэтага захворвання непасрэдна звязаныя з курэннем. Рак лёгкага лідзіруе сярод прычын смерці ад анкалагічных захворванняў. На жаль, вынікі лячэння гэтай паталогіі нельга назваць здавальняючымі. Хвароба, як правіла, праходзіць бессімптомна, выяўляецца на позніх стадыях, працякае даволі агрэсіўна і рана дае метастазы, распавёў Павел Караткевіч.
Эксперт нагадаў, што ў цыгарэце ўтрымліваецца каля 50 канцэрагенаў – тых рэчываў, якія правакуюць развіццё раку. Тытунёвы дым наўпрост уздзейнічае на поласць рота, дыхальныя шляхі і лёгкія, выклікаючы пухліны дадзеных лакалізацый. Паколькі хімічныя рэчывы з дыму пранікаюць у кроў, курэнне з'яўляецца прычынай развіцця 18 формаў злаякасных новаўтварэнняў іншых органаў, у тым ліку мачавога пузыра, ныркі, тоўстай кішкі, малочнай залозы, шыйкі маткі, стрававода, страўніка і падстраўнікавай залозы.
Не ратуюць ад шкоднага ўздзеяння тытунёвага дыму «лёгкія» цыгарэты і фільтр, падкрэсліў эксперт. Паводле яго слоў, меркаванне пра тое, што цыгарэты з паніжаным утрыманнем нікатыну і смолаў меней шкодзяць, не больш чым міф. Дарэчы, рызыка развіцця раку лёгкага пры курэнні кальяну, цыгар, люлек або ўжыванні курыльных сумесяў супастаўная з курэннем звычайных цыгарэт.
Небяспека тытунёвага дыму для навакольных
На жаль, далёка не ўсе разумеюць, што тытунёвы дым небяспечны не толькі для курца, але і для тых, хто знаходзіцца побач з ім. Паветра вакол курца напоўненае канцэрагеннымі рэчывамі агульнай колькасцю больш за 40, якія могуць правакаваць анкалагічныя захворванні. Асабліва пакутуюць дзеці. Яны ў большай ступені схільныя да розных інфекцый дыхальных шляхоў. Ёсць нават меркаванне, што ў дзяцей, чые бацькі паляць, павышаная верагоднасць узнікнення лімфомаў.
Па словах Паўла Караткевіча, пасіўнае курэнне ў 2,5-3 разы павялічвае рызыку раку лёгкага. Чалавек, які знаходзіцца ў адным памяшканні з тым, хто паліць, засвойвае 14% ад рэчываў, якія ўдыхае актыўны курэц. Амерыканскія і японскія эксперты падлічылі, што знаходжанне ў накураным памяшканні на працягу працоўнага дня для таго, хто не паліць, роўнае 5 выпаленым цыгарэтам у дзень.
Стаж курэння ўплывае на развіццё захворванняў у геаметрычнай прагрэсіі: чым большы стаж, тым вышэйшая верагоднасць. Статыстыка паказвае, што ў чалавека, які паліць, рызыка развіцця раку лёгкага ў 22 разы вышэйшая, чым у таго, хто не паліць. Як правіла, для развіцця раку лёгкага трэба паліць 20-30 гадоў. Разам з тым, ёсць людзі, якім дастаткова і 10, а рызыка будзе ідэнтычная з курцамі з 30-40-гадовым стажам, падкрэсліў Павел Караткевіч.
Калі кінуць паліць
Карысць для арганізма будзе велізарнай, пацвярджае эксперт. Задумайцеся: праз 20 гадоў рызыка захварэць на рак лёгкага ў былых курцоў робіцца практычна такой жа, як і ў таго, хто ніколі не курыў. 30% усіх анкалагічных захворванняў звязана менавіта з курэннем.
Курэнне павялічвае рызыку развіцця інфаркту міякарда, інсульту, захворванняў бронхаў і лёгкіх, хваробаў страўнікава-кішэчнага тракту, выклікае зніжэнне дзетароднай функцыі ў жанчын, імпатэнцыю ў мужчын. Курцы ў сярэднім жывуць на 10 гадоў меней, а 50% тых, хто паліць, паміраюць ад хвароб, выкліканых тытунём.
Толькі факты
- Верагоднасць узнікнення раку поласці рота і глоткі ў тых, хто паліць, вышэйшая ў 2-3 разы ў параўнанні з тымі, хто не паліць. Тыя ж, хто выпальвае больш за адзін пачак у дзень, схільныя да гэтага захворвання ў 10 разоў больш.
- Як правіла, для развіцця раку лёгкага патрэбны перыяд часу – ад 10 да 30 гадоў курэння. Разам з тым, рызыка ўзнікнення захворвання ў 3-4 разы вышэйшая пры выкурванні больш за 25 цыгарэт у дзень.
- Не апошнюю ролю адыгрывае ўзрост курца на пачатку курэння, што было даказана ў выніку даследавання амерыканскіх спецыялістаў. Самая вялікая рызыка развіцця раку лёгкага зафіксаваная ў мужчын, якія пачалі курыць да 15 гадоў.
- У тых, хто паліць, у 5 разоў вышэйшая рызыка развіцця раку стрававода, страўніка – у паўтара разы ў параўнанні з тымі, хто не паліць.
- Верагоднасць узнікнення раку падстраўнікавай залозы ў тых, хто паліць, вышэйшая ў 2-3 разы, а раку мачавога пузыра і ныркі – у 5-6 разоў.
- Тытунь змяшчае нікацін – рэчыва, якое выклікае наркатычную залежнасць, непераадольнае жаданне да яго ўжывання. Пры курэнні нікацін усмоктваецца ў кроў. У малых дозах гэты яд узбуджае нервовую сістэму, у вялікіх – прыводзіць да яе паралічу (выклікае спыненне дыхання, спыненне сардэчнай дзейнасці).
- У склад тытунёвага дыму, акрамя нікаціну, уваходзяць некалькі дзясяткаў таксічных і канцэрагенных рэчываў і іх злучэнняў. Некаторыя з іх змяшчаюцца ў тытунёвым лісце, іншыя ўтвараюцца ў выніку яго апрацоўкі і гарэння.