Site icon Слушна

Дзень пажылых людзей. Сацыяльная падтрымка і медыцынская дапамога

Штогод у першы дзень кастрычніка ў нашай краіне, як і ў многіх іншых, адзначаецца Дзень пажылых людзей. Гэтая дата абраная не выпадкова. У 1990 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю і абвясціла 1 кастрычніка Міжнародным днём пажылых людзей.

Беларускае грамадства старэе, адзначыў, выступаючы ў Нацыянальным прэс-цэнтры, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак.

Паводле яго слоў, згодна з міжнароднай класіфікацыяй, грамадства лічыцца старым у выпадку, калі доля пажылых людзей ва ўзросце 65 гадоў і старэйшых складае 7%. У нашай краіне гэты паказчык знаходзіцца на ўзроўні 15,2%. Гэта значыць, што ў Беларусі жыве 1 мільён 440 тысяч чалавек, якія перасягнулі 65-гадовы рубеж. Ёсць і доўгажыхары: 396 чалавек, па дадзеных на 1 ліпеня, адзначылі 100 і больш гадоў.

Шмат у чым прычына таго, што павялічваецца колькасць пажылых людзей, у тым, што расце працягласць жыцця, лічыць намеснік міністра.

Сацыяльная падтрымка сталых

У чым выяўляецца дзяржаўная сацыяльная палітыка ў адносінах да пажылых людзей? Перш за ўсё – гэта падтрыманне іх матэрыяльнага дабрабыту, у прыватнасці, пенсійнае забеспячэнне, распавёў Аляксандр Румак. Акрамя гэтага, у 2019 годзе больш за 6 тысяч пажылых людзей былі ўдзельнікамі сістэмы дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі.

Аляксандр Румак
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны
Сёлета мы змянілі падыходы да выяўлення людзей, якім неабходныя сацыяльнае абслугоўванне і падтрымка. Гэта зроблена для таго, каб максімальна ахапіць тых, каму неабходная дапамога. Штогод праводзяцца агляды бытавых умоў пажылых, перш за ўсё тых, хто жыве адзін. Даследуюцца матэрыяльна-бытавыя ўмовы, правяраецца функцыянаванне сістэм жыццезабеспячэння: стан электраправодкі, газазабеспячэння, пячнога ацяплення.

Галоўным накірункам у сацыяльным абслугоўванні з'яўляюцца формы дапамогі, якія быццам замяшчаюць стацыянар. Гэта робіцца для таго, каб пажылы чалавек максімальна доўга мог знаходзіцца ў хатніх умовах.

Так, напрыклад, больш за 90 пажылых людзей жывуць у замяшчальных сем'ях. Гэтая паслуга запатрабаваная і, на думку Аляксандра Румака, з'яўляецца перспектыўным напрамкам. Яе сутнасць у тым, што для адзінокага пажылога чалавека знаходзяць сям'ю, якая згодная жыць разам з ім. Акрамя гэтага, тым, каму патрабуецца павышаная ўвага, прадастаўляюцца паслугі сядзелак.

Аляксандр Румак
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны
Зараз мы можам прапанаваць па жаданні пажылога чалавека і яго сям'і любыя формы сацыяльнага абслугоўвання, і праца па іх удасканаленні будзе працягвацца.

Нацыянальная стратэгія

У 2019 годзе вялася праца над праектам нацыянальнай стратэгіі, якая б улічвала такія дэмаграфічныя працэсы, як старэнне насельніцтва. Гэты дакумент будзе вызначаць асноўныя напрамкі для падтрымання актыўнага даўгалецця сярод пажылых людзей.

Аляксандр Румак
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны
Пажылы чалавек не заўсёды па дасягненні пенсійнага ўзросту сыходзіць на заслужаны адпачынак. Зусім не. Многія людзі працягваюць працаваць. Менавіта таму стратэгія змяшчае нормы, якія тычацца адукацыі для пажылых людзей, стварэння магчымасці працягваць прафесійную дзейнасць, а таксама пытанні захавання здароўя, абароны годнасці пажылога чалавека, для таго каб яны не падвяргаліся дыскрымінацыі з улікам іх узросту.

Гэты дакумент пасля ўсіх дапрацовак і рэкамендацый, у тым ліку і ад міжнародных арганізацый, у снежні будзе прадстаўлены на зацвярджэнне ва ўрад. Плануецца, што пасля зацвярджэння стратэгіі яе палажэнні знойдуць сваё адлюстраванне ў адпаведных дзяржаўных праграмах, рэзюмаваў Аляксандр Румак.

Медыцынскае забеспячэнне. Герыятрычная служба

Здароўе пажылых людзей, як распавяла кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч, патрабуе асаблівага комплекснага падыходу, які ўключае ў сябе не толькі лячэнне, але і (часам) рашэнне пэўных сацыяльных пытанняў.

Актыўнае даўгалецце – гэта не толькі добрая спадчыннасць, але і тое, што чалавек укладвае ў сваё здароўе на працягу ўсяго жыцця.

Менавіта таму ў нацыянальнай стратэгіі будуць таксама асветленыя пытанні, якія тычацца здаровых звычак беларусаў, каб даўгалецце было як мага больш якасным, падкрэсліла Людміла Жылевіч, дадаўшы, што якасць жыцця ў любым узросце шмат у чым залежыць ад стану здароўя.

 
Людміла Жылевіч
Кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя
Ад чаго залежыць даўгалецце? Акрамя генетыкі, на якую мы ўсе спадзяемся, вельмі шмат залежыць ад псіхалагічнай устаноўкі чалавека. Калі ён у пэўны момант вырашае, што ўсё, прыйшла старасць, запускаюцца многія паталагічныя працэсы. Але ёсць яшчэ шмат фактараў, якія набліжаюць старасць, і ў іх ліку – нежаданне рэагаваць на свой лад жыцця, гіпадынамія. Над здароўем трэба працаваць. Цудадзейнай таблеткі ад старасці няма. Ёсць бясконцая праца і павага да свайго здароўя.

Акрамя Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), які дзейнічае на базе Рэспубліканскага шпіталя інвалідаў ВАВ, у нашай краіне працуе 7 рэгіянальных герыятрычных цэнтраў, 105 герыятрычных кабінетаў.

Exit mobile version