Як даўно ў вашым жыцці, шаноўныя сябры, не было рамантыкі? «Жыццё такое цяжкае», – найчасцей апраўдваемся мы. І… ідзем на кухню, да камп’ютара, да пральнай машыны… Але хаця мы і не камп’ютары самі, нам таксама час ад часу карысна рабіць перазагрузку. І вось сёння цудоўная нагода для гэтага – Дзень спатканняў пад месяцам!
Нават калі вы даўно ўжо жанатыя… Альбо толькі пачалі сустракацца… Ці яшчэ плануеце пачаць… Адкладзіце хаця б на пару гадзін усе свае важныя і патрэбныя справы ды запрасіце адно аднаго на вечаровую альбо начную рамантычную прагулку. Безумоўна, цяжэй тым, хто яшчэ не сустрэў сваю пару.
Але і ім таксама можна проста прагуляцца пад месяцам і, углядаючыся ў неба, падумаць, напрыклад, пра бязмежнасць Сусвету і космас. І пра тое, што дзесьці там, над намі, зараз праплывае Міжнародная касмічная станцыя, на якой знаходзіцца і наш зямляк, ураджэнец Чэрвеня, касманаўт Раскосмасу Алег Навіцкі. І, магчыма, менавіта зараз ён пазірае ў ілюмінатар і бачыць калі не вас, дык агні вашага населенага пункта!
А любыя прагулкі не толькі карысныя, але і, ведаеце, так супакойваюць! І насамрэч дапамагаюць перазагрузіцца. Інакш пад цяжарам будзённых праблемаў і вялікай колькасці працы можна такую псіхасаматыку выдаць…
А вы любіце ўглядацца ў зорнае неба? Я дык вельмі. З дзяцінства яшчэ. Шукаць позіркам знаёмыя сузор’і, проста назіраць за мігценнем зорак, колерамі Месяца… Во дзе рамантыка!
Памятаю, як аднойчы ўранні, ідучы на аўтобусны прыпынак, я літаральна перад сабою ўбачыла вялі-і-і-ізарны шар. І гэта было не Сонца. Гэта быў Месяц! Неверагодна вялікі і неверагодна нізка над зямлёю. Той малюнак у мяне і зараз перад вачыма. Хіба не рамантыка?! Яшчэ якая!
Вядома ж, можна паназіраць за месяцам і зоркамі (калі яны ёсць на небе) з акна альбо з балкона… Але гэта ж зусім не тое… Гэта не спатканні ці прагулкі пад месяцам. Так што не лянуемся, сябры, не лянуемся!
А калі хочаце падчас прагулак-спатканняў яшчэ і пра космас падумаць-паразважаць, дык я вам зараз накірунак падкажу. Па сутнасці, падказала ўжо: космас-МКС-касманаўт Алег Навіцкі. 🙂
Памятаю, як мяне ўразіў і ўсхваляваў яго самы першы старт увосень 2012 года (а зараз жа ўжо трэці адбыўся!). І натхніў нават… На верш! 🙂
МОЙ АДНАКЛАСНІК – КАСМАНАЎТ!
Камандзіру касмічнага карабля
«Саюз ТМА-06М»
Алегу НАВІЦКАМУ
і яго экіпажу прысвячаецца
«Казбекам» – старт! Ракета – у прастор!
Не, гэта мне не мроіцца, не сніцца.
Свой шлях упэўнена праклаўшы паміж зор,
У космас паляцеў Алег Навіцкі!
Ён – касманаўт. І – аднакласнік мой.
Алегам я надзвычай ганаруся!
Для Чэрвеня – сапраўдны ён герой.
І трэці зорны чалавек – для Беларусі.
Усё далей ад карабля Зямля...
Перажывалі двое сутак несупынна!
На станцыі касмічная сям’я
Сустрэла новы экіпаж гасцінна.
Ім родным домам стала МКС.
Прыняты тут жыцця свае законы.
І прывітаннем ад Зямлі «Прагрэс»
Даставіць на арбіту грузу тоны.
У Зорным гарадку не спіць сям’я,
У Чэрвені – хвалюецца матуля.
Плыве ў ілюмінатары Зямля...
Яе спакой цяпер Алег вартуе.
Калі ж надыдзе час ляцець дамоў,
За мяккую пасадку памалюся.
Да манітораў мы прысядзем зноў...
«З вяртаннем!» – скажа кожны ў Беларусі.
А вы любіце вершы? Магчыма, нават самі іх складаеце? Ці ведаеце на памяць шмат? Вось падчас спаткання пад месяцам самы час і вершы прачытаць. Таксама ж рамантыка! 🙂
Напрыклад, баладу Адама Міцкевіча «Свіцязянка». Быў час, калі я магла прадэкламаваць яе ўсю. Зараз некаторыя часткі падзабыліся. Трэба асвяжыць у памяці… Прыгожая рэч. І, безумоўна, рамантычная. Ведаеце? Чыталі?
Цікава, ці будзе сёння ўвечары бачны месяц? А то мы на яго такія планы будуем… 🙂 Зрэшты, прагулкі-спатканні ўсё роўна ж ніхто не адмяняў. Бо калі Месяц і не пабачым, дык будзем дакладна ведаць, што ён дзесьці там, у бязмежнай прасторы. І, магчыма, менавіта зараз з ілюмінатара МКС за ім назірае і наш касманаўт Алег Навіцкі… 🙂