Site icon Слушна

Дзевачкі, або Нататкі з псіхушкі. Дзень пяты

Я ў псіхушцы, закрытым жаночым аддзяленні псіхіятрычнай клінікі.

Дзень пяты

– Палаценчыка. Можна я вазьму палаценчыка... На гадзінніку 5 раніцы, да нас запаўзла Галя з 6-й палаты... Яна цягнецца да калоды картаў, што ляжыць на тумбачцы.

– Цыгарэту, Яна, дай мне цыгарэту...

– Ідзі да чорта з нашай палаты, – не вытрымлівае Каця.

Добрай раніцы, блін!

***

На гадзінніку 7.00, у палату залятае санітарка і пачынае ліхаманкава выціраць паўсюль пыл.

– Пад'ём! Устаём! Што гэта за рэчы на падаконніках? У нас рэжым! У любой іншай бальніцы вам тое самае скажуць!

– А можна трохі больш па-чалавечы?

Санітарка злуецца, вылятае за дзверы і больш не вяртаецца.

***

Ідзеш сабе раніцай у прыбіральню, стаяць у калідоры дзве пацыенткі, нібыта мірна размаўляюць. І раптам адна з іх з крыкам «Ах ты курва!» чапляецца ў валасы другой і пачынае матляць яе ў розныя бакі. Іх разнімаюць санітаркі.

***

Раз на два дні сюды прыходзіць бібліятэка. Ну як бібліятэка, санітарка з кошыкам кніг. Кошыкам, у які ў крамах кладуць пакупкі. У «фондзе» – жаночыя раманы, дэтэктывы, а таксама – казкі Андэрсена і «Пакуты маладога Вертара» Гётэ. 

– Ну вы дадумаліся прынесці гэтую кнігу ў псіхушку! 

– Пацыенткі папрасілі. А што вы адразу «псіхушка»? 

Дзіўна, але каля 2-х тыдняў таму я была ў доме-музеі Гётэ ў Франкфурце. Там пісьменнік пражыў да 27 гадоў і напісаў гэты самы твор.

***

«Нават не смей да мяне дакранацца! Люцыфер назірае, дзе ты і чакае цябе. Ох, як добра! А-а-ах!». Лена глядзіць у вакно, па яе целе нібыта праходзіць хваля задавальнення. 

Блін, атрымліваецца нейкая сцэна з таннага эратычнага рамана, але гэта true.

***

Да нас у палату перавялі 17-гадовую Веру. Яна некалькі дзён ляжала ў 7-й, палаце назірання. Казала, што спаць там немагчыма. Нейкая бабка ноччу крычала «Нараджаю!», а яшчэ адна згадвала вайну: «Страляюць! Яны хочуць забіць маіх дачку і сына! Я павінна іх выратаваць!» і спрабавала ўцячы праз вакно. А трапіла сюды Вера, бо не вярнулася своечасова ў інтэрнат, а таксама, маўляў, пад машыну кідалася і хацела сябе забіць.

***

Яшчэ заходзіла Оля. Не распавяла гісторыю сваёй вандроўкі ў псіхушачку. Сказала толькі, што проста спала дома, а санітараў выклікалі суседзі – і яе забралі.

Сёння паклалі многа хворых. Кажуць, 6-я палата перапоўненая, там ляжыць ажно 16 чалавек. На ўсіх ложкаў і кушэтак не хапае, дык некаторых размяшчаюць проста на падлозе на матрасах.

***

– Людачка, тут у 7-й палаце бабка на ложак нарабіла. Прыбяры.

– Якая? Лідка? Вось чорт, я ж яе толькі што памыла!

***

Расклад дня нашай псіхушачкі (аказваецца, ён існуе)

7.00 – 7.30 Пад’ём, ранішні туалет.

7.30 – 8.30 Вымярэнне тэмпературы цела.

8.30 – 9.00 Сняданак.

9.00 – 9.30 Прыём лекаў.

9.30 – 12.00 Абход урачоў.

12.00 – 13.00 Прагулка, працатэрапія.

13.00 -14.30 Абед.

14.30 – 15.00 Прыём лекаў.

15.00 – 17.00 Ціхі час.

17.00 – 17.15 Полудзень.

17.15 – 18.30 Прагулка, наведванне пацыентаў сваякамі.

18.30 – 19.30 Вячэра.

21.00 – 21.30 Прыём лекаў.

21.30 -22.00 Вячэрні туалет.

22.00 Сон.

І так – па коле кожны дзень…

Працяг будзе.

Раней: Дзень першы. Дзень другі. Дзень трэці. Дзень чацвёрты.

Exit mobile version