Site icon Слушна

Дзевачкі, або Нататкі з псіхушкі. Дзень трэці

Я ў псіхушцы, закрытым жаночым аддзяленні псіхіятрычнай клінікі.

Дзень трэці

ў псіхушцы

Мне сніўся канцэрт Metallica, на якім я выпадкова стаяла побач з Трампам. “Во трапіла, - думала сама сабе ў сне, - зараз мая фотка будзе ва ўсіх СМІ”.

Прачнулася ад таго, што Лена б’е і душыць некага нябачнага на сваёй падушцы. З праклёнамі і дзіўнымі жэстамі.

А вось гэта ты трапіла! Я ж у псіхушцы. Сёння толькі трэці дзень, а здаецца, што я тут ужо цэлую вечнасць.

Найгорш ад таго, што паўсюль хворыя. Аголеныя целы ў прыбіральні (толькі тут, пад кранам можна трохі памыцца). Целы не маладыя і прыгожыя, а з абвіслымі азадкамі і грудзямі. Часам – толькі адной. Не хачу гэта бачыць! Не хачу, каб мяне так пільна разглядалі.

- Хм, а колькі табе гадоў? – пытаецца Светка.

- 30…

- Ні фіга сабе! А цела ў цябе, як у дзяўчынкі!

Пасябравала з дзяўчынай, якая ляжыць у асобнай палаце, і дамовілася хадзіць да яе ў душ. Хоць нейкі бонус.

***

Ісці па таблеткі трэба абавязкова са сваёй вадой. Назваць папку, у якой ляжыць твой ліст прызначэнняў, атрымаць лекі, праглынуць, запіць вадой і паказаць язык. Маўляў, я ўсё выпіла. Але ёсць і такія хворыя, якія ўмудраюцца нейкім чынам хаваць таблеткі пад язык, а потым іх выкідваюць у прыбіральні ці хаваюць у шкарпэткі.

***

Правілы – наша ўсё. Есці, спаць па раскладзе, атрымліваць лекі. Хадзіць па калідоры. Апошні пункт хворыя выконваюць асабліва шчыра. Ужо ў 6 раніцы яны пачынаюць сноўдаць туды-сюды, абавязкова шаркаючы нагамі па падлозе.

Яшчэ адно правіла, ці хутчэй лайфхак: не паказваць хворым, што ў цябе ёсць нешта з ежы. Будуць хадзіць і бясконца прасіць.

- А можа ў вас ёсць хлебушак?

- Пачастуйце хоць булачкай…

- О, у цябе тут бананы… А можна мне?

- Можа, цукерачка ёсць?

- Мне так твае піражкі спадабаліся, – гэта значыць, трэба даць яшчэ адзін, а праз некалькі хвілін яна прыйдзе за трэцім.

***

- У мяне шкарпэткі скралі! – залятае ў палату Магдалена. – Мокрыя! Я іх толькі памыла і павесіла сушыцца. Мне іх Наташа цяжарная падарыла, бо ў мяне не было шкарпэтак. А тая баба іх скрала і аддала Ані. Што яна за чалавек! Каб у яе пасля смерці не было чаго адзець і вось так шукалі адзежу, як я сёння свае шкарпэткі шукаю!

***

Аказваецца, пасцельную бялізну тут засцілаюць хворыя. Адразу не па сабе – мала ці хто да маёй дакранаўся. А некаторыя бяруць у санітарак анучы і ідуць па палатах праціраць пыл: рабіць жа няма чаго.

Пра пацыентаў можна пісаць асобна. Нехта тут сапраўды жыве – па паўгода-году. Потым выпісваецца, пераводзіцца ў іншую бальніцу і зноў вяртаецца сюды… І яны ўсе розныя: адна не можа стаяць і нават ляжаць спакойна, увесь час рухае нагамі. Нехта – сядзіць, утаропіўшыся ў адну кропку, і толькі хістаецца з боку ў бок. Хтосьці лезе з гутаркамі да ўсіх, а хтосьці – маўкліва глядзіць у сцяну, сам сабе ўсміхаецца, размаўляе з бульбай з супу ці шле праклёны некаму нябачнаму. Ёсць тыя, паўз якіх лепш праходзіць асцярожна: адзін “не такі” погляд – і яна ўчэпіцца ў валасы і будзе матляць цябе ва ўсе бакі. Не раз бачыла, як санітаркі вырашалі падобныя канфлікты.

- Гэтая жанчына - прастытутка, - кажа Лена некаму нябачнаму, хто стаіць каля акна. Яна ляжыць у ложку пад коўдрай і актыўна жэстыкулюе.

***

Тут любяць казаць з гонарам: у нашай псіхушцы кормяць лепш, чым ва ўсіх астатніх псіхушках! Не ўяўляю, што тады ядуць хворыя ў іншых бальнічках? Камяні?

На сняданак нам зазвычай даюць кашу – аўсяную, манную, ячменную і ледзь цёплую, слабенькую салодкую гарбату. Як у школьнай сталоўцы.

На абед – суп, нейкая катлета з кашай, макароны з гуляшом ці тушаная капуста. Бачыць кавалкі сапраўднага мяса – радасць невымоўная. Палуднуем творагам, заціркай (фу!) ці яйкам.

- А можна мне кавалачак хлеба да яйка?

- У нас няма хлеба на полудзень!

- Як можна есці вараныя яйкі без хлеба?

На вячэру – тушаная капуста, бульба з рыбай ці падліўкай. І заўсёды – крыху цёплыя і салодкія гарбата, кававы напой…

Спачатку кормяць самых нецярплівых – хворых з палат назірання. Ім прыносяць ежу ў палаты ці вядуць у асобную сталоўку. Астатнія чакаюць пад дзвярыма, а потым займаюць сталы. Ямо па чарзе: не хапае месца сесці ўсім адразу.

- Дзевачкі, кушаем! – падбадзёрвае медсястра. - А ты, Малевіч, што там стаіш, як зорка!

***

-А кім ты там у Мінску працуеш?

- Журналістам.

- Ого, першы раз бачу, каб журналістка ляжала ў псіхушцы. А пра нашу бальніцу напішаш?

- Ага.

- А пра пацыентаў? Ну, запісвай!

***

Засынаць не так страшна, як прачынацца. Мой сусвет у гэтыя дні звузіўся да аднаго цёмнага калідора (чым глыбей у яго заходзіш – тым страшнейшыя там хворыя); ложка з тоненькім матрасам (ну як матрасам – кавалкам паралону), які скрыпіць пры кожным руху і ад якога баліць усё цела; зялёнай тумбачкі і акна. За акном – жоўтыя будынкі з зялёнымі дахамі, а ўдалечыні – лес. Калі пайсці ў самы канец калідора, то праз акно можна пабачыць дарогу…

Працяг будзе

Раней: Дзень першы. Дзень другі.

Exit mobile version