Site icon Слушна

Дзевачкі, або Нататкі з псіхушкі. Дзень першы

Я ў псіхушцы, закрытым жаночым аддзяленні псіхіятрычнай клінікі.

З этычных меркаванняў імёны герояў змененыя

26.10. – 01.11.2017

Я ў псіхушцы, закрытым жаночым аддзяленні псіхіятрычнай клінікі. 

Дзень першы

Медсёстры і санітаркі называюць усіх хворых “дзевачкамі”. Гэта выглядае вельмі дзіўна, калі ведаць, што дзевачка тут – гэта і 17-гадовая дзяўчына, і падлетак, і жанчына на 9-м месяцы цяжарнасці, і ўскудлачаная бабуля з адсутным поглядам, і Магдалена (з ёй пазнаёмімся пазней).

- Дзевачкі, ідзём па таблеткі!

- Дзевачкі, пачакайце, порцый хопіць усім, не спяшайцеся!

- Дзевачкі! Ну што гэта за дурдом!

Але ж мы сапраўды ў дурдоме!

***

- Нічога не адбываецца! Калі нешта будзе? Пазваніце тату!

Ліля рэзка падхопліваецца, выбягае з палаты, а потым не можа знайсці ў яе ўваход. Валя роўненька расстаўляе тапачкі суседак па палаце, клапатліва накрывае ўсіх, хто спіць, коўдрамі. Маша, дзяўчынка-інвалід, якой на выгляд 5-6 гадоў (а насамрэч, потым даведаюся, 30), як толькі мама некуды адыходзіць, паўзе праз ложкі, лезе ў маю торбу, дакранаецца да маёй нагі і… аблізвае пальцы. Свае. Я ў жаху прыціскаюся да спінкі ложка. Як засну, яна ж і па мне можа папаўзці!..

Гэта палата нумар 7, адно з самых страшных месцаў лякарні. Тут хворыя, якіх ні на хвіліну нельга пакідаць без нагляду. Страшней – толькі палата 6, дзе знаходзіцца больш як дзясятак хворых, а новенькіх, калі не хапае ложкаў, размяшчаюць на кушэтках. Дзверы – празрыстыя, сцены – з вялікімі шклянымі вокнамі. На вокнах, што выходзяць на двор, – рашоткі. За табой увесь час назіраюць і без суправаджэння нават у прыбіральню нельга выйсці.

Так, я ў псіхушцы, закрытым жаночым аддзяленні псіхіятрычнай клінікі.

У жаху заходжу ў прыбіральню. У кабінках няма дзвярэй. У калідоры – хворыя. У выцвілых халатах незразумелага колеру. З ускудлачанымі ці даўно не мытымі валасамі і пустымі вачамі. Яны паўсюль. Шаркаюць, смяюцца, нешта шэпчуць. Увесь час ходзяць туды-сюды па калідоры. Потым я зразумею, што гэта адзінае месца для шпацыра, бо на вуліцу ў гэту пару года не выпускаюць. Зусім.

***

На шчасце, з палаты назірання мяне хутка пераводзяць у 9-ю. Цяпер на суседніх ложках – шызафрэнічка Люба, якая чуе галасы і ляжыць тут ужо месяц; падлетак Оля, якая не можа запомніць нават самую простую інфармацыю кшталту імёнаў суседак і нумара палаты. Жанчына, якая адмаўляецца есці, увесь час плача і паўтарае “Што я нарабіла, што я нарабіла!”.

***

Заходзіла Магдалена, мясцовая бабка-клоўн, якая ляжыць у псіхушцы з мая, прапаноўвала ўсім пагадаць на картах – цыгане навучылі, яшчэ калі была маладая. А перад адбоем яна зноў зайшла да нас і папрасіла Любу зняць з яе сукенку: самой рукі баляць. Пад сукенкай – нават бялізны не было. Так і пайшла ў сваю палату па калідоры.

***

Тут няма мабільных тэлефонаў, стацыянарны – адзін на ўсіх – сродак сувязі са светам. Але патэлефанаваць могуць толькі табе ў спецыяльна прызначаны для гэтага час. Гадзіннік – таксама адзін на ўсіх. Каб даведацца час, трэба прыйсці на пост медсястры.

***

У мяне ў руцэ – катэтар пасля кропельніцы. Я дзен сем не ела, таму зараз “харчуюся” толькі так. Рука баліць, сагнуць яе немагчыма. Нават не ўяўляю, як пераапрануцца ў піжаму. Ды і засынаць страшна…

Працяг >>>

Exit mobile version