02.03.2022
02.03.2022

«Дзікі страх і булькае сэрца». Псіхіятр і пацыент пра панічныя атакі

logo
Здароўе дарослых
0 208
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Калі без бачных прычын вас ахоплівае паніка, узнімаецца ціск, шалёна б'ецца сэрца і здаецца, што надышла апошняя гадзіна, гэта могуць быць панічныя атакі. Людзі пачынаюць бегаць па кардыёлагах і неўролагах, у той час як у першую чаргу варта звярнуцца да псіхатэрапеўта або псіхіятра.

Як распазнаць атакі і справіцца з імі? Ці можна пазбавіцца ад іх без медыкаментаў? Ці трэба дашуквацца да прычын прыступаў трывогі? Абмяркоўваем тэму з Уладзімірам Пікірэнем, псіхіятрам, асістэнтам кафедры псіхіятрыі і медыцынскай псіхалогіі БДМУ  і чалавекам, які асабіста перажыў панічныя атакі.

Псіхіятр: «Атакі праходзяць у 70% пацыентаў»

Як распазнаць атакі і справіцца з імі

Калі ў вас быў апошні пацыент з панічнымі атакамі?

З гэтай праблемай звяртаюцца даволі часта. Панічныя атакі – гэта не хвароба, а сімптом, які бывае пры розных расстройствах, у асноўным, неўратычных. У цэлым, аднамомантна не менш за 10% насельніцтва пакутуюць ад расстройстваў, якія суправаджаюцца панічнымі атакамі, а на працягу жыцця з гэтым сутыкаецца каля 15% людзей. Гэта сусветная статыстыка, але не думаю, што ў Беларусі дадзеныя моцна адрозніваюцца. Хаця звяртальнасць у нас можа быць ніжэйшая, чым у іншых краінах.

Чаму? Людзі думаюць, што само пройдзе?

У тым ліку. Але ў пэўнай меры людзі маюць рацыю. Панічныя атакі ў 50% выпадкаў праходзяць самі на працягу 4-х гадоў, у кагосьці хутчэй, у кагосьці больш павольна. Але калі чалавек звернецца па дапамогу да ўрача, яны пройдуць у 70% выпадкаў. Гэта значыць, паспяховасць выхаду з атак вышэйшая пры лячэнні.

Якія сімптомы звычайна назіраюцца ў пацыентаў?

Скардзяцца на трывогу, якая рэзка ўзрастае, павышэнне ціску, вялікі пот. Турбуюць страх страты кантролю, боязь вар'яцтва.

У панічных атак ёсць псіхічныя і фізіялагічныя праявы. Псіхічныя: пачуццё панікі, страху, дэперсаналізацыя – калі людзі быццам бы пачынаюць бачыць сябе з боку ці не адчуваць «сябе сабой», дэрэалізацыя навакольнага свету, калі ён быццам бы змяняецца, робіцца нерэалістычным, звышяркім або, наадварот, шэрым. А фізіялагічна атакі выяўляюцца пачашчаным сэрцабіццем, потавыдзяленнем, болем у верхняй частцы жывата, ватнымі нагамі, дрыжыкамі ў руках.

Панічныя атакі могуць быць выкліканыя не толькі неўрозамі і псіхічнымі расстройствамі, але і хваробамі эндакрыннай сістэмы, у прыватнасці, шчытападобнай залозы, а таксама некаторымі пухлінамі.

Калі яны адбываюцца сістэматычна, гэта ўжо панічнае расстройства.

Хто і ў якім узросце да іх больш схільны?

У асноўным, яны назіраюцца ў пацыентаў ва ўзросце 30-40 гадоў, часцей у жанчын, чым у мужчын.

Прычыны вядомыя?

Тэорый на гэты конт шмат. У псіхааналізе, напрыклад, трывожнасць і панічныя атакі тлумачацца, як трывога аддзялення чалавека ад бацькоў, трывога пры нараджэнні. Фізіялагічныя тэорыі звязваюць іх з парушэннем працы блакітнай плямы – участка ратыкулярнай фармацыі галаўнога мозгу, які адказвае, у тым ліку, за абуджэнне і ўзровень трывогі.

Ёсць тэорыя парушэння абмену гама-амінамасленай кіслаты – важнага тармазнога нейрамедыятара цэнтральнай нервовай сістэмы, які адказвае за наш спакой. Калі яе не хапае ці адчувальнасць рэцэптараў да гэтай кіслаты паніжанае, тады могуць узнікаць прыступы трывогі.

Ёсць вялікая колькасць даследаванняў, якія кажуць пра сувязь з паніжаным узроўнем сератаніну. Існуе тэорыя гіперадчувальнасці СО2-рэцэптараў або сімптом ілжывага задушвання: калі нават невялікае павелічэнне вуглякіслага газу, напрыклад, духата ў памяшканні, выклікае пачуццё рэзкага недахопу паветра і паніку. Сярод фактараў рызыкі – псіхалагічныя траўмы і гвалт у дзяцінстве, моцны стрэс.

Але нельга сказаць, што гэта прычынныя фактары, бо многія людзі адчуваюць стрэс і сутыкаюцца з цяжкімі ўмовамі, але пры гэтым не захворваюць. Ёсць тэорыя пра тое, што збой адаптацыі адбываецца ў тым выпадку, калі ў чалавека першапачаткова ёсць адчувальнасць, уразлівасць да гэтых фактараў.

Фактары рызыкі

Алкаголь можа справакаваць атакі?

Спадчыннасць адыгрывае ролю?

Так. Прычым справа не толькі ў генетычнай схільнасці. Уплывае і мадэль сямейных паводзінаў. Калі дзеці бачаць, як мама ці тата трывожацца з любой нагоды, пазбягаюць складанасцяў і праблем, яны таксама пачынаюць гэтак ж рэагаваць.

Алкаголь можа справакаваць атакі?

Вядома. Алкаголь уздзейнічае на бензадыязепінавыя рэцэптары нервовай сістэмы як тормаз, гэта значыць, адразу пасля ўжывання трывога змяншаецца. Але калі яго дзеянне праходзіць, рэцэптары «вызваляюцца», і трывога, адпаведна, узмацняецца. І гэта можа прывесці да заганнага кола і фарміравання залежнасці. Даследаванні гэта пацвярджаюць, як і той факт, што ў залежных людзей трывожныя расстройствы сустракаюцца часцей, чым у папуляцыі.

Прачытала, што панічныя атакі могуць узнікнуць з-за прыёму медыцынскіх прэпаратаў без прызначэння ўрача, маўляў, бескантрольнае самалячэнне спусташае нервовую сістэму. Ці так гэта?

Прэпараты нашага профілю без рэцэпта не купіш і самалячэннем так проста не зоймешся. А вось сістэмны прыём карвалолу (і да яго падобных прэпаратаў) «ад сэрца» цалкам можа справакаваць прыступ. Карвалол – гэта спіртавы раствор фенабарбіталу. Ён дзейнічае гэтак жа, як і алкаголь.

Як перамагчы атакі

панічныя атакі

Ці дапамагае людзям справіцца з панікай разуменне механізму ўзнікнення атак?

Так. У псіхатэрапіі гэта называецца паводніцкай карэкцыяй. Людзям дакладна трэба ведаць, што панічныя атакі – гэта спантанная актывізацыя сімпатычнай вегетатыўнай нервовай сістэмы. У сярэднім прыступ доўжыцца ад 2-3 да 20 хвілін.

Панічная атака не з'яўляецца рызыкай інфаркту, інсульту, псіхічных расстройстваў. Ад яе не паміраюць і не страчваюць розум.

Веданне гэтых фактараў ужо памяншае трывогу. Плюс дапамагаюць простыя практыкаванні. Звычайна, калі ў чалавека паніка, ён пачынае актыўна дыхаць, нервовая сістэма ўспрымае гэта як сігнал небяспекі і адбываецца яшчэ большы выплеск адрэналіну і актывізацыі.

Таму падчас прыступу трэба ўзяць кантроль над дыханнем – дыхаць павольна і неглыбока, калі ёсць магчымасць – у пакет. Лепей не класціся, а сесці, бо лежачы чалавек мацней адчувае сэрцабіцце і можа нармальнае прыняць за ўзмоцненае і перапалохацца яшчэ больш.

А калі ўжо неабходныя прэпараты і які прынцып іх дзеяння?

Медыкаментознае лячэнне неабходнае, калі панічныя атакі прыводзяць да дэзадаптацыі і абмежаванняў жыццядзейнасці. Напрыклад, калі чалавек баіцца ездзіць у аўтобусе ці спускацца ў метро, калі не можа заставацца адзін, калі баіцца брацца за працу, каб усё не сапсаваць і г.д.

Для лячэння панічнага расстройства, як правіла, ужываюць антыдэпрэсанты і транквілізатары.

Антыдэпрэсанты памяншаюць актыўнасць трывожнай нейрасеткі. Яны павышаюць канцэнтрацыю сератаніну і зніжаюць адчувальнасць да норадрэналіну.

Транквілізатары часцей ужываюцца як сродкі экстранай дапамогі – калі ў пацыента вельмі выражаны ўзровень трывогі, атака адна за адной. Таксама транквілізатары ў невялікіх дозах прызначаюць у першыя тыдні прыёму антыдэпрэсантаў, бо тыя пачынаюць дзейнічаць не адразу.

Цяпер шмат людзей пакутуе ад дэпрэсіі. Ці могуць медыкаменты, якія прызначаюцца пры дэпрэсіі, апатыі, актывізаваць псіхіку і выклікаць панічныя атакі?

Логіка ў пытанні ёсць, бо людзі думаюць, што калі апатыя, дык, значыць, прызначаюць псіхастымулятары. Але гэта не так. Дэпрэсію, як і панічнае расстройства, лечаць антыдэпрэсантамі. Самі па сабе антыдэпрэсанты не выклікаюць трывожных расстройстваў і панікі. Стымулятары пры дэпрэсіі не прызначаюцца, бо яны здольныя выклікаць залежнасць і прывесці да яшчэ большага спусташэння нервовай сістэмы.

Чым дапаможа псіхатэрапія

Панічная атака: Чым дапаможа псіхатэрапія

Да каго першага ісці: да псіхолага, псіхатэрапеўта або псіхіятра?

Не мае прынцыповага значэння. Псіхіятр або псіхатэрапеўт пры першасным кантакце вызначыць, што рабіць далей. Калі псіхіятр не практыкуе псіхатэрапію, але бачыць, што яна паказаная, ён накіруе пацыента да псіхатэрапеўта. А псіхатэрапеўты ў нас маюць медыцынскую адукацыю і, калі спатрэбіцца, могуць выпісаць прэпараты або перанакіраваць да псіхіятра. Сёння ў кожнай паліклініцы прадугледжана стаўка псіхатэрапеўта, для пачатку трэба пайсці туды: гэта бясплатна, не прыводзіць да пастаноўкі на ўлік і нейкіх іншых абмежаванняў у правах.

Як псіхатэрапеўт можа дапамагчы справіцца з атакамі?

Метадаў шмат. Напрыклад, кагнітыўна-паводніцкая тэрапія. Пры панічных атаках у пацыента назіраецца «катастрафізацыя мыслення», калі адна трывожная думка чапляе іншую, і ў выніку гэта выліваецца ў востры прыступ трывогі. Адзін са спосабаў псіхатэрапіі – паказаць гэты ланцужок чалавеку і дапамагчы яго разарваць. У такіх выпадках пацыент вядзе дзённік думак, каб вылічыць, якія з іх выклікаюць трывогу.

Або іншы прыклад: чалавек баіцца выходзіць з дому, бо думае, што людзі дрэнна ацэньваюць яго прычоску. У рамках тэрапіі спецыяліст можа правесці апытанне, ці ўплывае прычоска на стаўленне да чалавека. І калі пацыент атрымлівае зваротную сувязь і бачыць, што людзям няма ніякай справы да яго валасоў, трывожная думка памяншаецца ці сыходзіць. Як правіла, псіхатэрапеўт сумесна з пацыентам распрацоўвае індывідуальны план лячэння, каб «адлавіць» кагнітыўныя памылкі.

А веданне сітуацыі, якая прывяла да атак, дапамагае?

Гэта хутчэй дапамагае знізіць інтэнсіўнасць атак, лягчэй іх перанесці, чым пазбавіцца зусім. Хаця бывае і такое.

Для пазбаўлення ад атак часта бывае досыць адной псіхатэрапіі і няма неабходнасці ў медыкаментозным лячэнні. Але справа ў тым, што гэта не ўсім па кішэні. Курс кагнітыўна-паводніцкай тэрапіі складае 10-20 сустрэч. Адна сустрэча каштуе каля 60-160 рублёў. Антыдэпрэсанты танней, пры практычна такой жа эфектыўнасці. Найлепшы вынік дае сумеснае прымяненне абодвух метадаў.

Але ў лекаў, напэўна, больш пабочных эфектаў?

Любы прэпарат мае пабочныя эфекты, асабліва калі яго няправільна прымаць. А часта людзі, як толькі зрабілася лепей, хочуць кінуць піць антыдэпрэсанты. Я сваім пацыентам у такіх выпадках рэкамендую прымаць лекі хаця б яшчэ 4 месяцы пасля таго, як ім зрабілася лепей.

А колькі ў сярэднім трэба піць антыдэпрэсанты?

Каб стабілізаваць стан пры панічным расстройстве, звычайна патрабуецца год. Не заўсёды адразу атрымліваецца падабраць эфектыўную дозу і прэпарат, тады гэта можа зацягнуцца на больш доўгі тэрмін. А калі расстройства хранічнае, дык давядзецца прымаць на працягу ўсяго жыцця.

Але ў працяглым прыёме прэпарата няма нічога страшнага.

Нікога ж не палохае, што трэба, напрыклад, працягла прымаць інсулін. Ёсць даследаванні па прыёме антыдэпрэсантаў на працягу 2-5 гадоў, якія паказваюць, што гэта не нясе небяспекі, наадварот, забяспечвае паляпшэнне якасці жыцця.

Пацыент: «Я прызнаў у сабе права на пачуцці – і атакі адступілі»

Мікалай некаторы час не адчувае вострых прыступаў атак. У сваім адкрытым аповедзе ён аналізуе, што ж яму рэальна дапамагло і як пазбегнуць памылак «пачаткоўцам».

– Я памятаю дакладную дату першай атакі, якая прывяла мяне ў жах, – 7 сакавіка 2018 года. Мы былі на дачы ў таварыша, і ноччу я рэзка прачнуўся ад пачуцця, што ў мяне булькае сэрца. Гэта складана апісаць словамі. Быў моцны страх, я ўвесь дрыжаў, здавалася, што прыйшоў мой канец. Я адчыніў акно, пачаў дыхаць і даваць абяцанні ўсяму свету – я кіну паліць, піць, пачну бегаць, толькі, Госпадзі, адпусці.

Зараз я ўжо ведаю, што панічная атака працягваецца нядоўга. Але тады я ўвесь час быў у чаканні наступнага прыступу, і мне здавалася гэта бясконцым. Другая моцная атака здарылася праз тры тыдні – 29 сакавіка. Я павінен быў пайсці на новую працу, і ўвечары на мяне накаціла: сэрца булькае, удушша, страх. Я вымераў ціск – ён быў павышаным. Гэта, як я цяпер разумею, стала асноўным распальвальнікам маіх наступных атак: мне ўсяго 26 гадоў, а ў мяне павышаны ціск!

З гэтага моманту атакі былі штодня на працягу трох месяцаў. На фоне гэтага ў мяне развілося шмат фобій. Я баяўся выходзіць у людзі, ездзіць у метро, у ліфце, лётаць на самалёце, хадзіць па лесвіцы. Гэта значыць, баяўся замкнёнай прасторы, дзе не будзе доступу да дапамогі. На тэлефоне ў мяне быў пастаянна забіты нумар 103, каб адразу націснуць, калі што. Дарэчы, я разы тры яе выклікаў, мне казалі, што гэта вегетасасудзістая дыстанія, і з'язджалі.

***

Вядома, я пачаў шукаць у інтэрнэце. І адразу натрапіў на інфармацыю пра панічныя атакі, пра якія я наогул ніколі не чуў. Але інтэрнэт – гэта звалка, дзе ты чытаеш пра атакі, і тут жа побач артыкул пра інфаркт, з такой жа сімптаматыкай, або пра інсульт. У выніку гэтых пошукаў у мяне дадаўся яшчэ страх інсульту і інфаркту. Паўгода я ледзь не кожны тыдзень рабіў кардыяграму сэрца.

**

Пасля другой атакі я пайшоў да тэрапеўта ў паліклініку. Яна сказала, што ўсе мае сімптомы суб'ектыўныя, і прызначыла шмат аналізаў і даследаванняў. Усе яны паказалі, што я здаровы – хоць у космас. Гэта мяне крыху супакоіла. Але ўрач прызначыла мне таблеткі для паніжэння ціску. Я піў іх нядоўга, бо ўнутры мяне была дзікая нязгода з тым, што я такі малады, а ў мяне праблемы з ціскам, як у пажылога чалавека. Я сказаў пра гэты дысананс тэрапеўту і пачуў у адказ, што для нашай краіны гэта ўжо стандартная сітуацыя.

Тады я пайшоў у платную клініку да кардыёлага і неўролага, зноў здаў кучу аналізаў. І толькі тут упершыню неўролаг параіла мне схадзіць да псіхатэрапеўта. Ён скінуў мне на пошту тэсты, адзначыў, што ёсць над чым папрацаваць, і выпісаў транквілізатары. Мяне гэта не задаволіла, я знайшоў псіхолага праз сваіх знаёмых і пачаў хадзіць на псіхатэрапію. Пасля першага ж занятку ў мяне нармалізаваўся ціск. У цэлым, дзякуючы псіхатэрапіі я пачаў зусім па-іншаму глядзець на св ет і пазбавіўся ад прыступаў. Так, перыядычна ёсць лёгкая сімптаматыка, але гэта ўжо не палохае.

**

Што мне дапамагло? Я зразумеў, адкуль маглі ўзяцца гэтыя атакі. З псіхолагам мы планамерна вялі раскопкі з самага дзяцінства, і я адкрыў, што маё «булькочучае сэрца» было выкліканае страхам бацькоўскага асуджэння.

Калі ў дзяцінстве цябе пастаянна асуджалі, выпрацавалася такая мадэль паводзінаў, што лепей не паказваць свае пачуцці, хаваць іх далей. А наш арганізм – гэта пасудзіна, і калі ты пастаянна хаваеш унутр свой страх, сорам, злосць, крыўду, у пэўны момант яна перапаўняецца, што выліваецца ў панічныя атакі. Арганізм быццам сігналізуе, што ты перапоўнены непражытымі эмоцыямі.

Я заўсёды сябе пазіцыянаваў добрым, адкрытым, некрыўдлівым, пазітыўным – не чалавек, а робат. Але па факце ў мяне ёсць усе тыя ж пачуцці, што і ў іншых людзей. Я прызнаў у сабе гэтыя пачуцці, тую ж злосць і крыўду на бацькоў за іх развод, і мне зрабілася лягчэй. Але зразумець прычыны і прызнаць іх – палова справы. Трэба працаваць над гэтым.

***

Я ўжо не саромеюся праяўляць свае пачуцці. Любыя. Нядаўна ў мяне было вяселле. Да мяне падыходзілі знаёмыя і выказвалі здзіўленне, што я некалькі разоў плакаў. А мне было пляваць. Ідзе мая прыгожая жонка, у мяне наварочваюцца слёзы, і я не буду іх хаваць, бо гэта мае пачуцці, і я вельмі добра ведаю, што бывае, калі ты іх хаваеш.

***

Вельмі моцна мне дапамагло ўсведамленне, што я такі не адзін. У тым жа інтэрнэце я даведаўся пра гісторыі людзей, якія перажылі яшчэ больш жорсткія панічныя атакі, прычым некаторыя жылі з гэтымі сімптомамі 20 гадоў! Мяне супакоіла фраза аднаго псіхатэрапеўта: «Не бойся, ад панічных нападаў ніхто яшчэ не паміраў, больш за тое, людзі, якія перажылі іх, жывуць даўжэй, бо прыступы прымушаюць абследавацца па поўнай праграме і выявіць розныя захворванні на больш ранніх стадыях».

***

Мне дапамагла медытацыя. Калі ты спрабуеш супакоіцца, прывесці свае думкі ў парадак, адкрываецца і ўсплывае такое, што дазваляе пазбавіцца ад чарговага сімптому.

***

Зараз я ўдзячны лёсу, што са мной здарыліся панічныя атакі. Я іх прымаю, прызнаю і раблю з іх правільныя высновы. Гэта штуршок для працы над сабой, да ўсведамлення і пазнання сябе сапраўднага, без шаблонаў і комплексаў, навязаных кімсьці ў мінулым.

Я абышоўся без медыкаментаў і думаю, што атакі можна перамагчы пры дапамозе адной псіхатэрапіі.

***

Што б я параіў тым, хто сутыкнуўся з атакамі?

  1. Не бойцеся – з гэтым можна справіцца.
  2. Зрабіце «тэхагляд» арганізма, каб выключыць усялякую іншую паталогію.
  3. Абавязкова займайцеся з псіхолагам/псіхатэрапеўтам.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 208

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).