Site icon Слушна

Дзіва ў гняздзе (казка) + аўдыё

https://slushna.by/wp-content/uploads/2025/06/Dziva-ў-gnyazde-1.mp3?_=1

Ой, якое дзіва дзіўнае сёння ў куратніку аднае вясковай гаспадыні здарылася! Такое дзіва, што нават зоркі рассыпаліся далей Млечнага Шляху. Кожная мкнулася быць першым сведкай таго чароўнага гнязда.

І хто ж гэта такі Чарадзей аб’явіўся? А можа якая Чараўніца вырашыла пазабаўляцца над чубаткамі, якія ад неспадзяванага здзіўлення ледзь да тых самых зор не ўзняліся…

Гэта ўсяго толькі прыказка. А зараз казка пачынаецца.

Аднаго разу надвячоркам да бабулі Васіліны прыбілася нейкая незвычайная птушка – курыца – не курыца: грэбень – ледзь прыкметны і караляў знізу бародкі няма. А вось бакенбарды ў той птахі, ну як у знакамітага Паэта, падобныя на пуховы каўнерык.

Ды й прычоска як у сапраўднай Прынцэсы – акуратныя кудзеркі прывабна звісаюць, вясёлкай пераліваючыся на сонцы.

— Ну прывітанне, прыгажуня! – выйшла насустрач гаспадыня.

— Ко-ко-ко! Пры-ы-вітанне! – заківала галавою, адначасова ўзмахваючы крыламі госця.

— Адкуль ты ўзялася, цудатворца? І чаго табе ад нас патрэбна?

— Калі ласка, выслухайце! Мае продкі з Паўднёвай Амерыкі, з чылійскіх арауканаў – самай незвычайнай у свеце пароды курэй.

— Ну, хай сабе так, а што ты тут робіш? І чым жа вы акрамя знешнасці адрозніваецеся ад маіх звычайных рыжанькіх?

— Ды мы тут непадалёку, у вальеры былі. Наляцеў страшэнны вецер і расшпурляў нас. Фазан з Паўлінам невядома дзе.  Дзякуй Страусу, гэта ён мяне выратаваў ад немінуемай гібелі. На спіне мяне нёс, пакуль маланкі не пачалі жаліць. А сам недзе знік, мусіць Пярун па ім садануў. Ён заўсёды мяне аберагаў. Я перажываю за яго… А наконт розніцы з вашымі куркамі, як вы кажаце, асабліва нічым не адрозніваемся, калі не лічыць знешнасці і галоўнага – мы нясём іншага колеру яйкі, ко-ко-ко.

— Добра, паверу з ветрам моцным ды дажджом. Сама бачыла тую страшную залеву. І выратавальніка твайго шкада, але што значыць “іншага колеру”, няўжо каляровыя? Мае рыжанькія таксама карычневыя нясуць.

— Вось іменна толькі аднаго колеру! А мы – каляровыя! Не буду раскрываць сакрэт.  Заўтра на свае вочы ўбачыце.

 Калі ўздымаецца буран

Бліснула маланка, распаласаваўшы палову неба – стала відна як удзень, нават трохі страшнавата зрабілася: “Што гэта?”

Замежны госць, які толькі пачаў прывыкаць да нашай прыроды ўсё болей прыслухоўваўся да грымотаў, насцярожваўся.

А як лінуў дождж, а ў хуткім часе і град сыпануў пад перуновы раскаты, зусім разгубіўся. Град быў такі моцны, такі буйны, што, здавалася яму, нарэшце пакаштуе беларускага марозіва, што незлічона падае з неба.

— Вось дык цуд: марозіва валіцца прама пад ногі! - дзівіўся госць. – Напэўна смачнае? І ўхапіў белы камяк памерам з яйка.  І тут жа выплюнуў: - Якое халоднае і пустое!  Вой! А мне падалося, смакоцця наемся. Госць ледзь не танцаваў ад злосці.

Тым часам зямля пад нагамі станавілася ўсё болей назызлай і халоднай. Агароджа вальера фермы “Салаўіны гай” тулілася ля берага вострава і дзе-нідзе забягала на куп’ё ўзбалатка і тады пад націскам ветру яшчэ больш хісталася.

— Калі так працягнецца яшчэ колькі часу ўвесь вальер разарве, а я захварэю, - разважаў госць.

— Чаму ты такі кволы?  - пыталіся Паўлін з Фазанам.

— А чаму вы кідаецеся такімі не смачнымі ледзяшамі? Яны такія халодныя, што мае два пальцы на нагах адразу зрэагавалі на такі пачастунак! - разумным поглядам госць змераў сваіх сяброў. – Мне патрэбна цяпло і пастаянны рух.

Тут да яго падбег прыгажун Фазан і давая яго па-сяброўску штурхаць.

— А давай, дружа, паспаборнічаем у даганялкі!

— Ты, Фазан, мусіць даўно не смяяўся? Ды я магу развіць хуткасць за 90 кіламетраў у гадзіну! Ты нават з месца скрануцца не паспееш, як я схаваюся за павароткаю.

— Як аўтамабіль?

— Так!

— Адкуль ты такі браўся? – дружна спыталі.

— Я – Афрыканскі Страус! – з гордасцю адрэкамендаваўся птах.

— Зараз жыву на вядомай страусінай ферме.

— Во, дык мы суседзі! А як наконт даганялак?

Яшчэ пэўны час па небе плылі абрыўкі чорных хмар, але апошнія кроплі дажджу прагнала яснае сонейка.

— На старт! – скамандаваў Фазан.

Пасля каманды “Марш!”  Фазан з Паўлінам зрушылі з месца, а Страус стаяў і пасмейваўся.

— Гэта з такой руплівасцю вы, хлопцы, захацелі са мною спаборнічаць? Не смяшыце мае ногі!  Яшчэ каторага растапчу, хаця бачыце, што я гэтага зусім не хацеўў бы. Вы такія прыгажуны! Абоім толькі са сцэн канцэртных красавацца, а не ў даганялкі бегаць!

— Дзякуй! Можа і так, - адказаў гаваркі Фазан. – Гэта мы хацелі пажартаваць.

— Лічыце, жарт удаўся! – пасміхаўся доўгашыі Страус.

 Чаму Страус не лятае?

— Сябры, я вось пра што разважаю: чаму не ўмею лётаць? – выказаўся ўголас Страус. – А так хаця б на дрэва якое ўзляцеў.

— Няўжо табе не цікава быць адметным ад усіх? Не такім як усе быць? – спытаў усюдыісны Вецер.

— Чаму не! Цікава! Толькі мне здаецца, што я на зямлі не заўсёды магу абараніцца ад драпежнікаў.

— Якраз тут і няма тваіх ворагаў – гіенаў ды шакалаў, а з птушкамі, што крадуць твае яйкі, ты і сам справішся.

— Умееш ты, Вецер, мёдам мазаць. – Тады слухай. Я нават вашага Арлана-белахвоста зусім не баюся. А вось выратаваць яго, калі спікіруе раптам па нейкай, можа нават недарэчнай прычыне, змагу.

— Выратаваць самага вялікага крылатага драпежніка! Як гэта? Ды размах яго крылаў два з паловай метры! Толькі ад аднаго ценю гэтага жывога самалёта жах бярэ.

— Ну і што? Я вунь яшчэ калі быў у Афрыцы выратаваў Грыфа, які ўрэзаўся ў самалёт.

— Як гэта? Выратаваў птушку, а самалёт?

— Самалёт паляцеў далей, не змяніўшы курс. А Грыф пацярпеў пашкоджанне свайго крыла. Каб я яго не спаймаў магло б скончыцца трагічна.

— Ну вось, а ты кажаш няма чым ганарыцца! Ды нагамі сваімі дужымі! Каб яны слабенькімі былі ці змог бы таго Чырвонакніжніка спаймаць!

— Можа і так.

— Некалі вельмі даўно ў нашых краях была спякотная саванна, - распачаў Вецер. — І жылі тады вялікія, вышэй за цябе птушкі. Твае суродзічы. Яны таксама не лёталі, але вельмі ганарыліся сваімі нагамі.Іх нават Львы з Тыграмі пабойваліся.

— Так ужо сам Цар звяроў і баяўся?

— Памятаю адзін цікавы выпадак, - успамінаў стары Вецер, - калі твой суродзіч адным ударам нагі напавал злажыў нахабнага Тыгра, што цікаваў за ім.

— Няўжо і насамрэч было такое?

— Ды было-было! На свае вочы бачыў, - бажыўся Вецер.

— Ну, тады іншая справа!

— Вось вырасцеш у вялікага і дужага, і калі да таго ж чарады трымацца будзеш, павага сама сабой прыйдзе, - нагадваў празорлівы Вецер. – А крылы не ўсім дадзены не толькі ад Неба, але і ад Прыроды. А пакуль ці чуў пра іншую птушку, якая б бегала хутчэй за цябе?

— Не чуў.

— Вось і кажу, ганарыся гэтым, - пераканаў Вецер. – А што ногі замачыў, не бяда. Ведай: гэта не спякотная Савана, дзе дождж рэдкі госць, прывыкнеш, і будзеш не горш за Бусла нават па балотах тэпаць.

У гэты момант з поўначы насунулася чорная хмара і лінуў моцны дождж. Яго падхапіў злы Вецер, узняўшы на свае дужыя крылы ўсё замежнае птаства фермы. І панёс немаведама куды.

Толькі імклівы Страус паспеў ухапіць адну чароўную курачку па клічцы Злата, якую бураннае залева з усяе моцы шпурляла аб клетку. Ён усё ж паспеў данесці куру-шчабятуру да суседняй вёскі, а самога ў той жа момант падхапіў і панёс Віхор…

Дзіва ў гняздзе, або Калі  гняздо чароўнае

Пад раніцу, калі зоры збіраліся на адпачынак асвятлілі ля курынага хлеўчука  сядзячую згорбленую птушку. Калі пачалі мацней свяціць, птушка ачухалася, выцягнула з-пад крыла доўгую шыю, разгледзелася і ўскочыла на ногі. Гэта  быў афрыканскі Страус.

Калі бабуля Васіліна прынесла ў карытцы сняданак для сваіх чубатак пад дзярыма куратніка сустрэла новага госця.

— Ну, а ты чаго хочаш? Учора адна госця прыбілася, сёння ты. Што гэта з вамі?

— Ды вось, выбачайце, за турботы. Але я вярнуўся за сваёй сяброўкай – курай-шчабятурай Златай.

— А, дык гэта ты і ёсць той самы кавалер, хто кінуў безабаронную малодку ў такую слоту!

— Прабачце, зусім не так! Не кінуў, а Віхор нас разлучыў.

— Ну добра. І табе паверу. А зараз паглядзем чым жа здзівіць твая сяброўка. Учора абяцала...

Бабуля адчыніла куратнік, а там нямая тэатральная сцэна. Усе рыжанькія ў гурце з бравым Генералам-пятухом, які ў парадным строі з чырвонымі лампасамі ды белымі ўзорамі-пагонамі на плячах, абкружылі гняздо і пазіраюць-дзівяцца. А гняздо тое, што зладавала гаспадыня ў вялізай кардоннай скрыні, напоўненай сенам – паўнютка блакітных і бірузовых яечак.

— Вой, людцы мае! І праўда ж каляровыя яечкі! –  здзівілася гаспадыня.

— Зірніце, зірніцке! Дзіва ў гняздзе!  – Я ж казала, што кура тая незвычайная! – казала самая яркая Зорка.

— Каляровыя яечкі! Гэта ж трэба так! Ей-Богу, дзіўная курачка! – адказвала вясёлая гаспадыня. – Ну, а дзе наша дзіўная Чараўніца? А вось дзе яна, пад самую столь забілася. Ці не крыўдзілі цябе?

— Не, што вы!- ко-ко. - Яны такія спакойныя, тоўпіліся вакол і толькі аглядалі ды краталі пёры мае, і штораз дзівіліся  колеру маіх яечак, ко-ко.

— Ну давай я цябе здыму адсюль, ды пакармлю. Разам і твой сябар няхай падсілкуецца.

— Юніс!

— -Злата! Ну вось і сустрэліся, - узрадаваўся Страус.

— Злата, адкажы мне, калі ласка, як даўно вы гэтым займаецеся? – пыталася гаспадыня.

— Маеце на ўвазе каляровыя яйкі?

— Так!

— Ой, гаспадынька, даўно! Я ж учора казала, што з дакалумбійскіх часоў, калі ідзейскія плямёны арауканаў скрыжавалі нейкіх дзікіх птушак. Намі абзаводзіліся як чымсьці экзатычным, прадстаўніцы вышэйшага свету.

— Во як! Значыць, калі я завяду такую пароду, таксама буду лічыцца прадстаўніцай вышэйшага свету?

— Так!

— Ну, дзякуй табе, заморская дзіўная Чараўніца! Так і зраблю. А чаму б і не! – адказала радасная бабуля.

Пад’еўшы, госці падзякавалі гаспадыні і выправіліся ў дарогу. На шляху да вальера ледзь жывымі Фазана і Паўліна знайшлі. Узрадаваныя сустрэчы, радаснымі і шчаслівымі птушкі вярнуліся на сваю ферму “Салаўіны гай”.

А праз колькі часу і Страус прынёс бабулі Васіліне ад сябе падзяку. Падзяку за сяброўку: тры свае вялізныя яйкі. І паклаў у тое ж гняздо.

— Няхай і ў вас развядуцца вялікія птушкі! І будзе новае Дзіва!

Павучальная гісторыя Блакітнага Ікара (казка) + аўдыё

Exit mobile version