Site icon Слушна

Дзяўчынка, якая з’ела сонца (казка) + аўдыё

Дзяўчына, якая з'ела сонца

https://bel.24health.by/wp-content/uploads/2022/11/Dzyaўchynka-yakaya-zela-sonca.mp3?_=1

 

Жыла-была на свеце сердабольна-свінцовая дзяўчына.  Напалову яна складалася з сердабольнасці. Напалову яна складалася са свінца. Яна жыла ў сонечнай кватэры на вядомай вуліцы.

Аднойчы дзяўчына ішла па сваіх сердабольна-свінцовых справах праз горад. Каля ратушы яна ўбачыла сонца. Тлустае і вялікае яно ляжала на воблаке.  Паважна ўсміхалася і глядзела на мясцовых. Свінцовым вокам дзяўчына пераблытала яго з печанай бульбай. І  страшна і сердабольна захацела яго з’есці.

Падняла з брукаванкі камень і кінула яго ў сонца. Тое ад нечаканасці ойкнула і пакацілася па воблаку. Звалілася на дах ратушы, а адтуль проста ў рукі дзяўчыне. Тая абхапіла яго левай сердабольнай і правай свінцовай далонямі  пабегла да сябе дадому. Прыходзілася падкідваць гарачае сонца у руках, нібыта сапраўды печаную бульбу.

Сонца ў руцэ

Дзяўчына разрэзала гарачае сонца вялікім нажом на чатыры кавалкі. Паглядзела на пустое неба і хутка іх праглынула. А сонца пачало свяціцца ў яеным жываце і ніякім адзеннем гэта нельга было прыхаваць. Мясцовыя даведаліся, што гэта свінцова-сердабольная дзяўчына з’ела іх сонца.

Яны прыйшлі да яе ў бяссонцую кватэру на вядомай вуліцы. Патлумачылі, што гадаваць новае сонца занадта доўга і хай яна лепш паверне ім старое.

Адзін з мясцовых даў ёй залаты рубель. Дзяўчына за гэты рубель выплюнула адзін кавалак.

Другі даў ёй срэбны рубель. Дзяўчына за гэты рубель выплюнула другі кавалак.

Трэці даў ёй медны рубель. Дзяўчына за гэты рубель выплюнула трэці кавалак.

Чацвёрты не меў ніякага рубля. Таму дзяўчына не аддала яму чацвёрты кавалак.

Паспрабавалі мясцовыя склеіць сонца з трох кавалкаў суперклеем. Але нічога не атрымалася і яны проста кінулі кавалкі на неба, ды кожнаму знайшлося па воблаку. А апошні кавалак застаўся ў дзяўчыны ў жываце. У сердабольна-свінцовым палоне.

Exit mobile version