Вольга Сямашка і Ганна Амбросава — мастачкі, якія захапляюць ідэямі і канцэпцыямі жывапісных твораў. Іх работы заўжды прыцягваюць дэталямі і тонкім майстэрствам. У сакавіку ў галерэі «Мастацтва» прайшла выстаўка аўтараў «ЧБ», на якой можна было пазнаёміцца з разнастайнасцю тэм творцаў.
Чорна-белая тэма ў работах майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў тэхналогіі керамікі зацікавіла псіхалагізмам і філасофскай сімвалічнасцю. Стыльныя творы мастачак вяртаюць нас у беларускую восень і ў той жа час нагадваюць аб вясне. Камерныя, нягучныя работы «Рух», «Жахi», «Сонца ў чоўне» напоўнены глыбокім чалавечым сэнсам.
Малая пластыка ў кераміцы нячаста песціць людзей і мінскія выставачныя прасторы. Гэта робіць праект аўтараў яшчэ больш каштоўным. Увогуле, мастачкі праз выстаўку прадэманстравалі свой патэнцыял, ідэйнасць і арыгінальнасць. Іх творчасць нібы экперымент дэманструе, што глядач можа знайсці аднасчасова цікавага ў чорным, і белым кантэксце.
Работы Вольгі Сямашка і Ганны Амбросавай зроблены ў розных тэхніках, але аб'яднаны адным стылем, сярод іх можна пабачыць разнастайнасць матэрыялаў і тэхнік. Мастацкасць і густ іх работ, безумоўна, надае экспазіцыі нотку экспрэсіі.
Праз шмат стагоддзяў пасля свайго з'яўлення кераміка не страціла актуальнасці. Наадварот, яна стала яшчэ больш запатрабаванай. Матэрыял каштоўны не толькі сваёй прыгажосцю і функцыянальнасцю, але і высокай экалагічнасцю. Наватарскія па сваёй задуме і выкананні звычайныя гліняныя збаны, кашпо вырастаюць у сапраўдныя арт-аб'екты і скульптурныя кампазіцыі.
У зале прадстаўлена каля двух дзясяткаў работ, выкананых у стылі старажытных беларускіх тэхналогій — дрывянога абпалу, абвару і дымлення. Без дапамогі ганчарнага круга, вырабы ствараліся выключна ручной фармоўкай. Яшчэ адна навамодная тэхналогія, якая дазваляе стварыць дадатковыя эфекты, не кантраляваныя самім аўтарам, атрымала назву — пітфайрынг. Спецыфіка метаду складаецца ў тым, што пасля абпалу ў майстра ёсць толькі адна хвіліна, каб паэксперыментаваць з работай і зрабіць яе ўнікальнай. Літаральна захаваць імгненне, напрыклад, адбітак падаючага пяра.
Спецыфіка стварэння керамічных вырабаў — час. Праца над адным творам можа заняць ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. Падрыхтоўка гліны, лепка, сушка, абпал і толькі затым фінальная справа — дэкор.
У наш час кераміка выйшла за рамкі прымітыўных уяўленняў і ўспрымаецца як самастойны аб'ект.
У адрозненне ад манументальных скульптурных работ, работы аўтараў камерныя, бліжэйшыя да гледача: іх можна дэталёва разгледзець паблізу, вывучыць пластычныя і тэхналагічныя знаходкі , адчуць, як аб'ект арганізоўвае вакол сябе прастору, і ўстанавіць прамы кантакт з стваральнікамі.
На выстаўцы прадстаўлены эфектныя работы, выкананыя з фантазіяй. Работы невялікія, іх можна ўпісаць у інтэр'ер - і захапляцца імі за кубачкам ранішняй кавы, І яшчэ адна ўласцівасць керамікі — якую б думку ці выяву яна не выяўляла, якімі б колерамі не была аздоблена, яна вылучае цеплыню. І гэта зразумела: гліна абпальваецца ў печы. Але ёсць нешта найбольш істотнае: яна апрацавана цеплынёй чалавечых рук.
Прафесійная графіка ад легендарнага жывапісца. Леанід Шчамялёў, якога мы не ведалі