Парадаксальна, але ў стагоддзе высокіх тэхналогій чалавек вяртаецца да вытокаў: замест сінтэтычных прадуктаў абірае натуральныя, змагаецца з культурай масавага спажывання, і ўсё часцей замест забаў вялікага горада едзе адпачываць на прыродзе .
Тэндэнцыя back to basics (вяртанне да вытокаў) ахоплівае ўсе сферы нашага жыцця, у тым ліку і догляд скуры твару. Пасля шматгадовага выкарыстання прамысловых сродкаў жанчыны ўсё больш імкнуцца надаць касметычным працэдурам індывідуальнасць і экалагічнасць.
Пра тое, як дасягнуць жаданага выніку ў працэсе догляду скуры твару, інфармацыйнаму парталу «Здаровыя людзі» распавяла Наталля Дзічкоўская, б'юці-трэнер, галоўны спецыяліст па натуральным амаладжэнні, кіраўнік Школы прыгажосці.
Натуральнае амаладжэнне
Наталля Дзічкоўская:
– Для мяне эка-амаладжэнне – гэта не проста набор працэдур. Гэта цэлая філасофія і адмысловая методыка догляду знешнасці, што дазваляе падтрымліваць натуральную прыгажосць і маладосць. Прагрэсіўныя і фізіялагічныя метады дапамагаюць вам здабыць усвядомленасць і любоў да сябе, а таксама магчымасць перастаць баяцца ўзросту і называць яго з гонарам. Выбар на карысць натуральнай DIY (англ. DIY – Do It Yourself – від дзейнасці, які ўключае самастойны выраб чаго-небудзь) касметыкі – гэта магчымасць бясконца мяняць склад неабходных сродкаў у залежнасці ад надвор'я, патрэбаў скуры і нават настрою! У яе аснове ляжаць бяспечныя склады і натуральныя інгрэдыенты. Такі падыход не ссоўваецца ў плоскасць бабуліных рэцэптаў і пры гэтым не патрабуе нейкіх асаблівых ведаў і інструментаў.
Наталля Дзічкоўская з'яўляецца аўтарам 5-крокавай праграмы, якая дапамагае атрымаць ідэальную скуру. Яе перавагі – выкарыстанне даступных інгрэдыентаў і хуткі вынік.
1. Першы крок. Большасць праблем са скурай твару пачынаюцца з-за няправільнага догляду. Каб зрабіць першы крок, неабходна правільная дыягностыка.
- тлустая – шчыльная, з пашыранымі порамі, наяўнасць тлустага бляску;
- сухая – тонкая і фарфоравая, адчуванне сцягнутасці;
- нармальная – матавая, не блішчыць і не дастаўляе праблем;
- камбінаваная – прысутнасць бляску і пашыраных пор толькі ў Т-зоне.
2. Другі крок – гэта ачышчэнне, якое ўключае ранішнія і вячэрнія працэдуры.
Для чаго можна выкарыстоўваць звычайную аўсянку. Дастаткова невялікай колькасці, разведзенай цёплай вадой, і эфектыўнае пазбаўленне ад лішкаў скурнага сала, чорных кропак, таксінаў, адмерлых клетак пасля сну вам гарантавана.
Каб дадаць у гэты працэс трохі эстэтыкі, перасыпце шматкі ў прыгожы слоічак. Такі ж просты сродак патрэбен і для вячэрняга дэмакіяжу.
Проста нанясіце пару кропель аліўкавага алею на змочаны вадой ватны дыск і выдаліце ўсё лішняе з твару. Пасля такой працэдуры скура будзе адчуваць сябе вільготнай.
3. Трэці крок, якім памылкова грэбуюць шматлікія дзяўчыны, – гэта танізаванне, неабходнае для падтрымання кіслотна-шчолачнага балансу скуры.
Гэтая працэдура ідзе пасля ачышчэння і перад нанясеннем крэму. Не забывайце танізаваць скуру твару пасля кожнага яе кантакту з вадой, каб аднавіць pH – так вы пазбавіцеся ад высыпанняў. Сродкі для гэтай працэдуры таксама можна прыгатаваць самастойна. Самы просты спосаб – змяшаць чайную лыжку вады з двума-трыма кроплямі лімоннага соку або яблычнага воцату, намачыць атрыманай сумессю ватны дыск і працерці твар.
4. Чацвёрты крок, харчаванне і ўвільгатненне з дапамогай касметычнага алею, звычайна палохае ўладальніц тлустай скуры.
На самай жа справе алей – універсальны змагар за здаровую і прыгожую скуру. З яго дапамогай вы можаце аднавіць гідраліпідны бар'ер, ачысціць і звузіць поры, нармалізаваць працу сальных залоз, захаваць пругкасць і эластычнасць скуры, адбяліць і запусціць працэсы рэгенерацыі.
5. Пяты крок. Завяршае праграму эка-амаладжэння самы важны крок – рэгулярная гімнастыка для твару.
Вы будзеце здзіўлены, але фэйс-фітнес дапаможа вам разгладзіць тое, што здавалася незваротна састарэлым, падцягнуць на месца тое, што паспела з'ехаць.
Ні адзін крэм не здольны гарантаваць эфект, які дасягаецца рэгулярнымі практыкаваннямі.
Просты комплекс дапаможа падцягнуць авал твару і куточкі вачэй, разгладзіць зморшчынкі паміж носам і вуснамі, разняволіць падбароддзе, зрабіць вусны больш аб'ёмнымі, пазбавіцца ад гусіных лапак і мяшкоў пад вачыма.
На працягу жыцця чалавек пастаянна знаходзіцца ў пошуку таго, што сапраўды падыходзіць менавіта яму: працы, сяброў, кахання, і нават касметыкі. Праграма «эка-амаладжэнне» – гэта магчымасць выбіраць касметычныя сродкі і методыкі, якія грунтуюцца толькі на вашых жаданнях і асаблівасцях.
https://bel.24health.by/typy-starennya-skury-yak-scerci-uzrost/?