Site icon Слушна

Экскурс у мінулае. Дзіцячыя кнігі пра Францыска Скарыну

Кнігі пра с Скарыну

Нават калі нехта з беларусаў у школьныя гады быў зацятым прагульшчыкам альбо лавіў варон на ўроках, і тое будзе ведаць імя — Францыск Скарына! Першадрукар, перакладчык, паэт, мовазнавец, педагог, астраном, філосаф, медык, батанік…

У «Зале сарака» аднаго з найстарэйшых універсітэтаў — Падуанскім, дзе навучаўся наш славуты зямляк — сорак партрэтаў слаўных з найслаўнейшых. Сярод іх другі ад покуці, каля кафедры Галілея, — Францішак Скарына.

Скарына

  • Імем Францыска Скарыны названы вуліцы і плошчы ў Мінску, Полацку, Віцебску, Нясвіжы, Оршы, Слуцку.
  • Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, гімназія № 1 Мінска, гімназія № 1 Полацка, беларуская гімназія ў Вільнюсе носіць яго імя..
  • Помнікі Францыску Скарыне пастаўлены ў Полацку, Лідзе, Мінску, Вільнюсе, Калінінградзе, Празе, Кішынёве.
  • Імем Францыска Скарыны названа малая планета № 3283 (1979 QA10) Сонечнай сістэмы.
  • Уведзены дзяржаўныя ўзнагароды Беларусі — медаль Францыска Скарыны (1989) і ордэн Францыска Скарыны (1995).

Жыццё і дзейнасць Францыска Скарыны вывучае комплексная навуковая дысцыпліна — скарыназнаўства…

Скарына — паўсюль! Ён — як ахоўная грамата беларусам. Калі знаходзяцца ахвотныя прынізіць нашыя культуру, літаратуру, гісторыю, варта згадаць аднаго толькі слаўнага палачаніна, Францыска Скарыну, каб перастаць пераймацца. Усё з намі ў парадку!

У нашай сямейнай бібліятэцы, якую пачалі збіраць бацькі-філолагі, нямала кніг па скарыназнаўству. Я раскажу толькі пра дзве, адрасаваныя дзецям. Яны — як цаглінкі ў падмурку будучых грунтоўных ведаў. Што істотна — добра выкладзенае для дзяцей звычайна лёгка ўспрымаецца і запамінаецца дарослым. Таму раю да прачытання ўсім узроставым катэгорыям!

Вось «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» Анатоля Клышкі, выдадзеная ў 1983 годзе «Юнацтвам».

«Менавіта са Скарынавых рук без мала пяцьсот гадоў таму назад усходняе славянства атрымала першую друкаваную кнігу», — піша аўтар.

Ён расказвае не толькі пра самога Скарыну і эпоху, у якую ён жыў, але і пра даўнейшыя кнігі. На чым яны пісаліся, калі не было паперы; чым пісаліся; як ад папіруса і кніг з драўлянымі старонкамі чалавецтва рухалася да вынаходніцтва друкавальнага станка…

Экскурс у мінулае дае ўбачыць месца старажытнага Полацка і самога Скарыны не толькі ў кантэксце еўрапейскай, але і сусветнай гісторыі.

Вельмі цікавыя дыялогі малога Францішка са сваім дзедам.

«У Вялікім княстве Літоўскім пасля сталічнай Вільні Полацк быў другім з найбольшых гарадоў.

Другім? Пасля Вільні?! Гэта вы скажыце каму другому, толькі не Францішкаваму дзеду. Той нікому не мог саступіць першынства Полацка.

— Вільня, праўда, горад вялікі, нічога не скажаш,— як бы згаджаўся Міхалка.— Але хто старэйшы? Пра Вільню толькі, можа, дзвесце гадоў, як пачалі гаварыць, калі з яе сталіцу зрабілі. А пра Полацк ужо шэсцьсот гадоў,— дзед паўтарыў: — шэсцьсот гадоў слава грыміць... Аб ім у скандынаўскіх сагах упамінаюць, у «Слове пра паход Ігаравы» гаворыцца... Каб не гэтыя мечаносцы ды крыжакі — гэта ж як арда другая на нас лезе — о, каб не яны, наш горад і цяпер самым вялікім тут быў бы,— лаяў дзед нямецкіх рыцараў».

«Як памятка даўняй славы і цяпер яшчэ ўзвышаўся з адзінаццатага стагоддзя Сафійскі сабор — галоўны будынак горада. Полацкая Сафія, казалі, трэцяя сястра Кіеўскай і Наўгародскай.

— Трэцяя? — не вельмі згаджаўся дзед.— А можа, унуча, другая. Яе разам з Наўгародскаю пачалі, а нават, можа, у Полацку і на год раней. Толькі кончылі крыху пазней».

«Дзед расказваў Францішку, што і ўзводзіў яе князь Усяслаў, каб паказаць, што Полацк ужо раўня Кіеву ды Ноўгараду. I дзед апавядаў, як некалі тут прымалі замежных паслоў, як абвяшчалі вайну і мір... У гэтым саборы знаходзілася княжацкая казна. Тут была, апавядаў дзед, вялікая бібліятэка, тут пісаўся летапіс. От каб прачытаў яго — усё чыста ведаў бы, што з году ў год дзеялася ў Полацку».

У кнігі Анатоля Клышкі «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» шчаслівы лёс. Яна перавыдаецца, вывучаецца ў школе. Кнігу можна ўзяць у бібліятэках альбо набыць у кнігарнях. Паспяшайцеся прачытаць і набыць у асабістыя бібліятэкі.

А вось – навінка ад выдавецтва «Тэхналогія». «Скарына дзеткам» ад творчага дуэта аўтаркі Таццяны Сапегі і мастачкі Марыі Каралёвай.

Кніга адрасавана дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Яна знаёміць чытачоў з гісторыяй асобы беларускага дзеяча — сам першадрукар у ёй раскажа, дзе ён нарадзіўся, навучаўся, як зацікавіўся кнігадрукам і пачаў друкаваць кнігі сам. Заданні пасля кожнай часткі дапамогуць дзеткам замацаваць набытыя веды, а таксама весела прабавіць час.

У невялікай па аб’ёму, але багатай на інфармацыю ды інтэрактыў кніжцы можна аформіць тытульную старонку, намаляваць  скарынаўскае «Сонца маладзіковае», размаляваць гравюру, разгадаць крыжаванку… Ніякіх шанцаў у чытачоў, каб забыцца на тое, што прачыталі ў кніжцы!

Мастачцы Марыі Каралёвай удалося вельмі важнае – яна нібы абтрэсла бронзу і пазалоту з легендарнага Скарыны і прапанавала дзецям яскравы вобраз жывога, рухавага першадрукара — нібы ён сапраўды аджыў, збегшы з п’едэсталу.

Кніга выдадзеная нядаўна, яна яшчэ ёсць у продажы. Хочаце праверыць свае веды, альбо пачынаць напаўняць скарбонку ведаў пра Беларусь — набывайце! Адукоўвайцеся разам з дзецьмі, каб веды пра сваю зямлю — а, значыць, і пра нас саміх — трывала замацаваліся ў свядомасці.

Прапанаваныя сёння кніжкі будуць цудоўна працаваць у звязцы, працягваючы распачатую Скарынам больш за 500 гадоў таму справу: адукоўваць, пашыраць далягляд, шукаць і знаходзіць сваё месца сярод людзей на ўсёй зямлі і тут, на радзіме.

Уражлівыя факты кнігі «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»

Exit mobile version