З чым сутыкаюцца людзі з псіхічнымі расстройствамі? Якія страхі і перажыванні напаўняюць іх душу?
У гэтым дапамогуць разабрацца кнігі, якія напісалі самі пацыенты. Яны зрабіліся бэстсэлерамі і адкрылі раней невядомы свет псіхічнахворых зусім з іншага боку. Гэтыя кнігі даюць надзею ўсім, хто сутыкнуўся з дадзенай праблемай.
1. Арнхільд Лаувенг «Заўтра я заўсёды бывала львом»
Часам у галаве стаяла хаатычнае гудзенне і выццё, як быццам там уключылі на вялікую гучнасць прыёмнік, які я ніяк не магла выключыць. Часам я спрабавала біцца галавой аб сценку, каб такім чынам заглушыць гэты хаос. Часам гэта быў голас, які выразна прамаўляў: «Ты памрэш». Або: «Разрэж сабе запясце і акрэслі сябе крывавым кругам, інакш усе твае родныя памруць». Ну, што будзеш рабіць, атрымаўшы такое паведамленне?
Да таго часу я ўжо прывыкла раздрапваць сябе да крыві або рэзаць нажом. Я не ведала, ці праўда тое, што казаў голас, але ўсё роўна не хацела рызыкаваць. Таму я рабіла тое, што ён мне загадаў... Я атрымлівала задавальненне ад скажонага ўяўлення, быццам я магу прынесці гэтым карысць маім блізкім, і гэта надавала хаця б нейкі сэнс майму разбуранаму жыццю...»
Аўтару гэтых радкоў, нарвежцы Арнхільд Лаувенг, у 17 гадоў быў пастаўлены дыягназ «шызафрэнія». Яна правяла ў адкрытых і закрытых аддзяленнях бальніц у агульнай складанасці 7 гадоў, не раз спрабавала скончыць жыццё самагубствам. Але ў выніку справілася з захворваннем, 20 гадоў жыве без рэцыдыву, скончыла ўніверсітэт і сёння паспяхова працуе клінічным псіхолагам. У кнізе праз шчырае адкрыццё і даходлівыя метафары яна апісала, з чым сутыкаюцца людзі з псіхічным захворваннем, што робіцца ў іх у душы і як яны ўспрымаюць дапамогу ўрачоў.
Арнхільд праўдзіва распавяла пра свае галюцынацыі, калі за ёй ганяліся зграі пацукоў, воўк у электрычцы грыз яе шчыкаладкі, а Капітан у галаве аддаваў брутальныя загады, у тым ліку хвастаць сябе па твары. Яна патлумачыла многія дзіўныя рэчы ў сваіх паводзінах, калі была хворая. Напрыклад, навошта яна ела шпалеры ў бальніцы і рэзала сабе рукі, з-за чаго яе зачынялі ў ізалятары і забінтоўвалі з ног да галавы.
Ядучы шпалеры і шкарпэткі, яна запаўняла такім чынам пустэчу, якая ўтварылася ў ёй: бо ў яе забралі ўсе звыклыя рэчы, змясціўшы ў бальніцу. А фізічную шкоду яна рабіла сабе, каб паказаць навакольнаму свету, што ёй балюча.
Нанясенне сабе пашкоджанняў зрабілася для мяне сродкам замяніць або заглушыць некантраляваны душэўны боль знешнім болем, якім я магла кіраваць. Гэта можна параўнаць з тым, як мы, седзячы ў крэсле зубнога ўрача, сціскаем кулакі, каб пазногці ўпіваліся ў далонь», – піша аўтар.
Кніга мела вялікі рэзананс. Таму праз пэўны час аўтар выпусціла працяг.
2. Арнхільд Лаувенг «Бескарысны як ружа»
У гэтай кнізе аўтар яшчэ больш падрабязна распавяла пра сваё захворванне і як ёй удалося выкараскацца.
3. Джэймісан Кей «Неспакойны розум. Мая перамога над біпалярным расстройствам»
Гэтую кнігу напісала псіхіятр, якая сама захварэла на расстройства псіхікі. Яна не пасаромелася прызнацца ў гэтым. Больш за тое, адкрыта падзяліўшыся перажытым, дапамагла многім пацыентам з біпалярным расстройствам і змяніла падыходы да яго лячэння. Крытыкі назвалі кнігу кіраўніцтвам да дзеяння, бо ў ёй расказана, што рабіць, каб перамагчы хваробу.
4. Джэні Лоусан «Па-вар'яцку шчаслівыя. Неверагодна смешныя апавяданні пра наша звычайнае жыццё»
Гэтая кніга напісана зусім у іншай манеры – з бліскучым гумарам і самаіроніяй. Аўтар таксама пакутавала на псіхічнае расстройства, але ператварыла гэтае захворванне ў своеасаблівы «дапаможнік па смехатэрапіі». Яе дзівацтвы выклікаюць смех з першых старонак кнігі і, па водгуках крытыкаў, выратавалі не аднаго чытача ад дэпрэсіі і суіцыдальных думак. Чаго толькі вартае пудзіла памерлага янота, які разам з гаспадыняй сустракаў паштальёнаў або нечакана з'яўляўся з-за спіны яе мужа падчас яго дзелавых перамоваў па скайпе!
З дапамогай гэтай кнігі я хачу дапамагчы людзям змагацца з іх псіхічнымі расстройствамі, я паказваю і тлумачу чытачам, што могуць быць свае плюсы ў тым, каб быць з прыбабахам, як любіла казаць мая бабуля. Я хачу, каб мая дачка зразумела, што са мной не так, а што – так», – піша аўтар у прадмове.
5. Рэбека Вуліс «Калі ваш блізкі пакутуе ад душэўнай хваробы»
Гэта даступнае кіраўніцтва для членаў сем'яў, сяброў і сацыяльных работнікаў. Аўтар шмат гадоў аказвала дапамогу такім пацыентам. Яна раскрывае суб'ектыўны вопыт псіхічнахворых і дае асновы стасункаў з імі. Напрыклад, адна з праяў псіхічных захворванняў у тым, што людзі не ўсведамляюць, дзе заканчваюцца яны і пачынаюцца іншыя. Таму калі чалавек, хворы на шызафрэнію, сумуе, яму можа здавацца, што сумуюць усё вакол. І тады ён можа спытацца, чаму сумныя вы. І калі раптам ваш адказ супадзе з тым, пра што ён толькі што падумаў, тады ён можа абвінаваціць вас у крадзяжы яго думак.
Справа ў тым, што хворыя настолькі губляюць кантроль над сваім розумам, што імкнуцца знайсці гэтаму нейкае тлумачэнне. Таму для іх характэрна ілжывае перакананне, што іх розумам кіруе хтосьці звонку, пачынаючы ад іншапланецян і заканчваючы былым сябрам або жонкай. Таксама псіхічнахворыя людзі нашмат лягчэй запамінаюць адмоўныя заўвагі, чым станоўчыя (таму трэба правільна рабіць гэта).