Штогод колькасць пацыентаў з цукровым дыябетам у Беларусі павялічваецца на 20-22 тыс. чалавек. Зрэшты, такая тэндэнцыя да росту захворвання ў нашай краіне ідэнтычная сітуацыі ў свеце. І пакуль, на жаль, ні ў адной краіне не атрымалася значна спыніць рост распаўсюджанасці цукровага дыябету.
Аб праблеме захворвання на цукровы дыябет (ЦД), прычынах яго росту, магчымасцях і метадах лячэння ў Нацыянальным прэс-цэнтры распавялі:
- галоўны пазаштатны эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя, дацэнт кафедры эндакрыналогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Віктар Валуевіч;
- прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм» Ала Шапялькевіч;
- галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Наталля Карлавіч.
Аб сітуацыі
Па словах Віктара Валуевіча, захворванне на цукровы дыябет расце шпаркімі тэмпамі. Калі 10 гадоў таму ў Беларусі налічвалася 150 тыс. пацыентаў, то на 1 студзеня 2018 года - каля 320 тыс. чалавек. Прычым такі «драматычны рост» адбываецца ў асноўным за кошт ЦД 2 тыпу (звыш 93% выпадкаў).
Што тычыцца пацыентаў з ЦД 1 тыпу, іх колькасць застаецца адносна стабільнай: у свеце каля 1 млн., у нашай краіне - крыху больш за 17 тыс. Сярод хворых ЦД 2 тыс. 139 дзяцей.
Аб прычынах развіцця цукравага дыябету
Як распавяла Ала Шапялькевіч, у першую чаргу гаворка ідзе аб фактарах рызыкі развіцця ЦД 2 тыпу. У прыватнасці, трывогу ў спецыялістаў выклікае распаўсюджанасць сярод беларусаў атлусцення, у тым ліку вісцаральнага, калі тлушчавая тканіна празмерна назапашваецца вакол унутраных органаў, у выніку чаго можа фарміравацца інсулінарэзістэнтнасць (зніжэнне адчувальнасці тканін да інсуліну).
Акрамя таго, адзначыла спецыяліст, пакідае жадаць лепшага прыхільнасць жыхароў Беларусі да рацыянальнага харчавання і фізічных нагрузак.
Аб узаемадзеянні
Першы Беларускі дыябеталагічны форум, які прайшоў у нашай краіне ў верасні, сабраў вядучых айчынных і замежных спецыялістаў. Адным з галоўных вынікаў яго працы стала падпісанне рэзалюцыі па дыябеталогіі – першага такога дакумента, што датычыцца праблемы ўзаемадзеяння спецыялістаў і пацыентаў з цукровым дыябетам у Беларусі.
Аб лячэнні дыябету
Зараз у рэспубліцы дзейнічае шматузроўневая сістэма аказання медыцынскай дапамогі хворым на цукровы дыябет:
- першы ўзровень – урачы агульнай практыкі ці ўчастковыя тэрапеўты гарадскіх або раённых паліклінік,
- другі – эндакрынолагі гарадскіх паліклінічных устаноў аховы здароўя,
- трэці – эндакрынолагі абласных цэнтраў ці Гарадскога эндакрыналагічнага цэнтра ў Мінску,
- чацвёрты – Рэспубліканскі цэнтр эндакрыналогіі, які функцыянуе на базе Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі.
Аб інсулінатэрапіі
Сёлета, як распавёў Віктар Валуевіч, пашыраны паказанні для прызначэння аналагаў інсуліну. У прыватнасці, іх атрымліваюць усе дзеці ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама тыя, хто атрымліваў раней, але ўжо дасягнуў паўналецця, пацыенты з ЦД 2 тыпу, якія перанеслі інфаркт ці інсульт, людзі з выяўленымі ўскладненнямі цукровага дыябету.
Разам з тым, адзначыў Віктар Валуевіч, у нашай краіне ёсць праблема забяспечанасці хворых на цукровы дыябет інсулінавымі помпамі. Гэтымі сучаснымі прыборамі ахоплена менш за 5% пацыентаў (прыкладна 100-120 чалавек). А, напрыклад, у ЗША імі забяспечаны больш за 50% пацыентаў.
Аб Сусветным дні дыябету
14 лістапада ў свеце праходзіць Сусветны дзень дыябету. Сёлета Сусветная арганізацыя аховы здароўя і Міжнародная федэрацыя дыябету гэты дзень прысвяцілі тэме «Сям'я і цукровы дыябет».
17 лістапада з 9.00 да 13.00 для пацыентаў з цукровым дыябетам пройдзе медыка-асветніцкае мерапрыемства «Сусветны дзень дыябету 2018: сям'я і дыябет», якое арганізуюць БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм» і ГА «Падтрымка людзей з цукровым дыябетам». Адбудзецца мерапрыемства ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў (пр. Незалежнасці, 25).