Site icon Слушна

Эпідуральная і спінальная анестэзія ў родах. Плюсы і мінусы

Рэгіянальная анальгезія з'яўляецца найбольш сучасным метадам медыкаментознага абязбольвання родаў. Яна ўключае эпідуральную, спінальную і камбінаваную спінальна-эпідуральную анестэзію.

Рэгіянальная анальгезія валодае шэрагам відавочных перавагаў перад іншымі метадамі, перш за ўсё – хуткім і эфектыўным здыманнем болевых адчуванняў без шкоды для маці і плода. У той жа час асаблівасці выкарыстання гэтага віду абязбольвання патрабуюць дакладных паказанняў, а выконваць працэдуру павінен дасведчаны анестэзіёлаг.

Пра плюсы і мінусы эпідуральнай і спінальнай анестэзіі распавяла намеснік галоўнага ўрача па родадапамозе 1-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска Элеанора Фядотава ў рамках Марафона жаночага здароўя, які завяршыўся тыдзень таму.

Навошта абязбольваць роды?

Рэгіянальная анестэзія ў родах. Калі страх перакрывае ўсё.

Сутнасць рэгіянальнай анальгезіі зводзіцца да таго, каб блакаваць болевыя імпульсы, якія праходзяць ад маткі па нервовых шляхах спіннога мозгу.

Навошта гэта трэба і чаму тады не абязбольваюць роды абсалютна ўсім?

Крыніцай болю, які жанчына адчувае падчас родавых схватак, з'яўляецца магутнае напружанне мускулатуры маткі. Гэта натуральны родавы працэс. І чым больш падрыхтаваная жанчына да родаў у псіхаэмацыянальным плане, тым прасцей ёй справіцца з непрыемнымі адчуваннямі нават немедыкаментознымі метадамі.

Важна не дапусціць звышнапружання мышцаў маткі. Гэты стан можа затармазіць працэс родаў, паколькі парушае раскрыццё шыйкі маткі. А таксама негатыўна адбіваецца на кровазабеспячэнні плацэнты, што ў сваю чаргу можа прывесці да гіпаксіі плода (кіслароднага галадання), з наступствамі ажно да трагічных.

Страх, паніка, страта эмацыянальнага кантролю ў родах – усё гэта шматкроць павялічвае рызыку звышнапружання матачных мышцаў. Калі жанчыне не ўдаецца справіцца з сітуацыяй, выкарыстоўваючы немедыкаментозныя метады і псіхатэрапеўтычныя практыкі, урачы могуць разгледзець варыянт медыкаментознага абязбольвання, у тым ліку з прымяненнем эпідуральнай альбо спінальнай анестэзіі.

Віды рэгіянальнай анестэзіі

Рэгіянальная анальгезія, насуперак існуючым вакол яе міфам і здагадкам, – бяспечны від абязбольвання, пры якім не адбываецца прыгнёту цэнтральнай нервовай сістэмы плода, паляпшаецца матачна-плацэнтарны кроваток. Пры выкарыстанні гэтага метаду абязбольвання магчыма дакладна кантраляваць дозу лекавага прэпарата, павялічваючы яе па меры неабходнасці.

Адрозніваюць некалькі відаў рэгіянальнай анальгезіі:

  • Эпідуральная. Мясцовы анестэтык уводзяць у эпідуральную прастору (прастору вакол абалонкі спіннога мозгу). Эпідуральная анестэзія забяспечвае працяглае і якаснае абязбольванне родаў. Эфект выяўляецца праз 10-20 хвілін пасля ін'екцыі, пры неабходнасці і ўвядзенні дадатковых дозаў лекаў яго можна захоўваць да заканчэння родаў. Эпідуральная анестэзія тым і адрозніваецца, што анестэтык дапушчальна ўводзіць на працягу досыць доўгага перыяду часу. Але з-за таго, што часам эпідуральная анестэзія можа аслабіць родавую дзейнасць, яе прымяняюць для абязбольвання толькі пры рэгулярных схватках, якія ўстанавіліся, і раскрыцці шыйкі маткі не менш за 3 см.
  • Спінальная. Мясцовы анестэтык уводзяць у субарахнаідальную прастору паяснічнага аддзела пазваночніка. У адрозненне ад эпідуральнай анестэзіі эфект абязбольвання захоўваецца непрацяглы час – ад 90 да 120 хвілін.
  • Камбінаваная спінальна-эпідуральная анальгезія. Спалучае перавагі абодвух метадаў.

Паказанні да эпідуральнай, спінальнай, спінальна-эпідуральнай анестэзіі

Эпідуральная і спінальная анестэзія асабліва запатрабаваныя пры розных ускладненнях цяжарнасці, напрыклад:

  • гіпертэнзіўных расстройствах (прээклампсіі, хранічная артэрыяльная гіпертэнзія);
  • родах у жанчын з захворваннямі сэрца, нырак, органаў дыхання;
  • родах у жанчын з антэнатальнай гібеллю плода;
  • анамаліях скарачальнай дзейнасці (такія віды, як дыскаардынаваная родавая дзейнасць, празмерна бурная родавая дзейнасць, якія суправаджаюцца выяўленым болевым сіндромам);
  • пры празмерным болевым сіндроме. Для таго, каб зразумець, ці трэба рэгіянальнае абязбольванне, праводзяць ацэнку родавага болю. Парадзісе прапануюць ацаніць свой боль па візуальна-аналагавай шкале (з максімальным значэннем 10 балаў). Калі адзнака болю пераўзыходзіць 4 балы, можна разглядаць магчымасць правядзення рэгіянальнай анальгезіі;
  • заўчасных родах, як метад абязбольвання, больш ашчаджальны для дзіцяці.

Таксама правядзенне эпідуральнай альбо спінальнай анестэзіі магчымае ў юных дзяўчат у першых родах, якія найбольш эмацыянальна лабільныя.

У любым выпадку рашэнне аб прымяненні дадзенага метаду абязбольвання разглядаецца індывідуальна, прымаецца сумесна з анестэзіёлагам і акушэрам-гінеколагам, улічваюцца ўсе плюсы і мінусы рэгіянальнай анальгезіі. Пры гэтым пацыентка дае інфармаваную згоду на правядзенне дадзенага метаду абязбольвання, бо любое медыцынскае ўмяшанне мае і пабочныя дзеянні.

Акрамя таго, рэгіянальная анестэзія можа быць прымененая пры кесаравым сячэнні. Пры гэтым уводзіцца больш высокая канцэнтрацыя прэпарата, што дазваляе выклікаць пачуццё «здранцвення» ў брушной поласці, дастатковае для правядзення хірургічнай аперацыі.

Пабочныя дзеянні рэгіянальнай анальгезіі

Сярод найбольш распаўсюджаных пабочных дзеянняў эпідуральнай і спінальнай анестэзіі адзначаюць:

  • скурны сверб. Не патрабуе спецыфічнага лячэння, праходзіць хутка і без наступстваў;
  • постпункцыйны галаўны боль. Можа турбаваць на працягу 2-3 дзён пасля прымянення эпідуральнай альбо спінальнай анестэзіі. У некаторых выпадках патрабуе медыкаментознай карэкцыі;
  • зніжэнне артэрыяльнага ціску. Як правіла, такі стан купіруецца на працягу паўгадзіны. Жанчыне рэкамендаваны спакой і шмат піць;
  • балючасць у месцы ўколу. Праходзіць на працягу 1-2 сутак.

Да больш цяжкіх пабочных эфектаў адносяцца алергічная рэакцыя на мясцовыя анестэтыкі, спыненне дыхання, неўралагічныя парушэнні. На шчасце, яны сустракаюцца вельмі рэдка.

Супрацьпаказанні да эпідуральнай альбо спінальнай анестэзіі

Але якім бы ні быў эфектыўным метад рэгіянальнай анальгезіі ў абязбольванні родаў, існуюць прамыя супрацьпаказанні да яго выкарыстання. У іх ліку:

– У родах вельмі важны кантакт жанчыны з медыцынскім персаналам, – перакананая Элеанора Фядотава. – Не трэба саромецца задаваць нават самыя нязручныя пытанні і прасіць аб дапамозе. У сучасным свеце натуральныя роды павінны быць максімальна бяспечнымі, зыход якіх – нараджэнне здаровага даношанага дзіцяці і шчаслівая, задаволеная родамі мама. Гэта стварае так званы станоўчы вопыт родаў, які дазволіць жанчыне яшчэ не раз прыйсці ў радзільню.

Exit mobile version