Site icon Слушна

Калі ўкусіла гадзюка… Правілы паводзінаў

Укусила змяя. Правілы паводзінаў

З 1 ліпеня па 22 жніўня сёлета ў мінскую бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі трапілі 6 пацярпелых ад укусаў змей.

Вуж, мядзянка і гадзюка – змеі, што насяляюць Беларусь. Сустрэча з вужом ці мядзянкай можа скончыцца толькі перапудам і непрыемнымі ўражаннямі, яны не ядавітыя. Гадзюка ж не такая бяскрыўдная, пацярпелыя ад яе ўкусу абавязкова павінны звярнуцца па медыцынскую дапамогу.

Як аказаць першую дапамогу чалавеку, якога ўкусіла гадзюка, Слушна расказала ўрач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг таксікалагічнага аддзялення вострых хімічных атручэнняў у псіхічна хворых Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі (БХМД) Мінска Вольга Солтан.

Правила поведения при укусе гадюки

 

Калі вас укусіла змяя

Укус вужа ці мядзянкі значна больш балючы, чым гадзюкі. Чалавек адчувае моцны боль і пякоту. А вось ўкус ядавітай гадзюкі можна і не адчуць.

Адназначна сказаць, як адрэагуе арганізм таго ці іншага чалавека на яд гадзюкі, нельга. Як правіла, месца ўкусу чырванее. На працягу паўгадзіны з'яўляецца ацёк, які з часам павялічваецца.

Напрыклад, калі пацярпела далонь, ацёк можа распаўсюдзіцца на ўсю руку і нават частку грудной клеткі. Акрамя гэтага, змяняецца колер скуры: ад бардова-чырвонага да сінюшнага. У некаторых пацыентаў могуць з'явіцца і іншыя прыкметы атручвання ядам: парушэнне дыхання, кашаль, пачашчанае сэрцабіцце, павышэнне артэрыяльнага ціску.

 
Вольга Солтан
Урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг
Нярэдка, нават пры ўкусах неядавітых змей, у чалавека проста ад перапуду падымаецца ціск і пачынаецца тахікардыя.

Як аказаць першую дапамогу пры ўкусе гадзюкі

Калі гадзюка ўкусіла ў вобласць шыі, верхняй паловы грудной клеткі альбо твару, трэба тэрмінова звярнуцца па медыцынскую дапамогу. Таму што вельмі хутка могуць развіцца сур'ёзныя анафілактычныя рэакцыі, аж да ацёку Квінке.

 
Вольга Солтан
Урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг
Ацёк у вобласці галавы і шыі хутка нарастае і абцяжарвае дыханне пацярпелага, магчыма развіццё дыхальнай недастатковасці, што можа стаць прычынай смерці.

Аднак часцей за ўсё пакутуюць верхнія альбо ніжнія канечнасці (у асноўным ступня і галенастоп).

Дарэчы, ад укусу ў нагу ратуюць звычайныя гумовыя боты.

Яд з ранкі трэба пастарацца выдаліць. Чым хутчэй, тым лепш.

Існуюць два спосабы:

1. Высмактаць яд. Гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі ў вас няма ніякіх ранак ў роце, герпетычных высыпанняў ці іншых захворванняў, якія парушаюць цэласнасць слізістай абалонкі. Яд можа патрапіць у гэтыя ранкі і праз іх у кроў. Дапамога тады спатрэбіцца не толькі пацярпеламу, але і ратавальніку.

 
Вольга Солтан
Урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг
Яд варта адсмактаць і выплюнуць. Затым рот трэба прапаласкаць чыстай вадой.

2. Выдаліць яд з месца ўкусу можна з дапамогай лёгкіх націсканняў. Калі з'явілася жоўтая празрыстая вадкасць – сукравіца, хай нават з прымессю крыві, палохацца не варта. Так і павінна быць.

Затым ранку трэба прамыць. Лепш за ўсё чыстай вадой. Калі пад рукой яе няма, можна выцерці чыстай сурвэткай, у тым ліку вільготнай, хусткай ці іншым чыстым кавалачкам тканіны.

 
Вольга Солтан
Урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг
Апрацаваць ранку неабходна для таго, каб не адбылося яе інфіцыраванне. А вось пашыраць ці разразаць месца ўкусу нельга. Гэта і так «вароты» для інфекцыі, спрабуючы разрэзаць рану, можна толькі пагоршыць становішча.

Далей, каб яд павольней распаўсюджваўся па крывяноснай і лімфатычнай сістэме, неабходна добра зафіксаваць пашкоджаную канечнасць. Як пры пераломе. Пацярпелы павінен знаходзіцца ў спакойным стане, пажадана лежачы. У такім стане пацыент шпіталізуецца ў стацыянар.

 
Вольга Солтан
Урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг
Многія думаюць, што трэба накладваць жгут. Пры ўкусе гадзюкі гэтага рабіць не варта. Разам з тым, можна перабінтаваць пашкоджанае месца. Такая павязка павінна прапускаць два пальцы, не ціснуць.

Пацярпеламу трэба шмат піць. Можна ваду ці цёплы чай. Гэта неабходна для таго, каб арганізм лепш спраўляўся з таксінамі. Не лішнім будзе прыняць супрацьалергічны прэпарат. 

 
Вольга Солтан
Урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг
Такіх пацыентаў абавязкова шпіталізуюць. Калі чалавек звярнуўся позна ці ёсць адначасовая паталогія, магчыма парушэнне згусальнасці крыві і, як вынік, падвышэнне развіцця тромбаў у артэрыях і венах пацярпелай канечнасці. Таму мы абавязкова робім УГД і праводзім тэрапію, якая зніжае рызыку развіцця трамбозаў.
Exit mobile version