Site icon Слушна

Эх, Мітрафан… Што ж не прынёс снегу нам?!

Народны каляндар. Мітрафанаў дзень

Народны каляндар

А нашы продкі 6 снежня, між іншым, ужо выпрабоўвалі санны шлях – у Мітрафанаў дзень! Прычым для першых «заездаў» на санях ды санках ім хапала снежнага покрыва таўшчынёй… у 2-3 сантыметры! Ну што тут скажаш… Ажно зайздрасць разбірае: а дзе наш снег?!

Мітрафанаў дзень. Надвор'е зімой

Усё ж вясна павінна быць вясной, лета – летам, восень – восенню… А зіма павінна быць зімой! Сапраўднай! Каб з маразамі ды снегам ажно з першых дзён!

Але калі па шчырасці… Адзначыўся снег, адзначыўся. Магчыма, нават на Мітрафанаў дзень ён у кагосьці яшчэ ёсць? Не змыты настойлівым дажджом, не з’еты снежаньскім туманам, не знікшы пад кароткімі пробліскамі нясмелага ўжо сонца…

А ў нас… Даставай-не даставай санкі-лядзянкі-цюбінгі… Няма покрыва нават у сантыметр. Эх! – другі раз.

Дарэчы, наконт цюбінгаў… Так бы мовіць, у падрыхтоўку да зімы. А вы памятаеце, наколькі яны небяспечныя?! Асабліва калі катацца ў непрыстасаваных для гэтага месцах, дзе зусім блізка ад горкі, асабліва стыхійнай, ёсць дрэвы, слупы, пабудовы… І які жахлівы выпадак здарыўся амаль год таму, калі ў Мінскім раёне падчас катання на цюбінгу загінуў 9-гадовы хлопчык…

Беражыце сябе і сваіх дзяцей! Забаў-то зімовых, зразумела, хочацца… Але ж не коштам уласнага здароўя ці, не дай Бог, жыцця. Лепей падумаць пра гэта зараней і… спусціць паветра ў цюбінгу, пакласці яго на далё-ё-ё-ё-ёкую паліцу.

Але вяртаемся да Мітрафана. А дакладней – пераносімся на пару стагоддзяў таму. У гэты дзень традыцыйна варажылі на надвор’е. Маўляў, калі 6 снежня сыпле буйная снежная «крупа» і дзьме моцны паўночны вецер, дык на 6 чэрвеня пойдзе халодны дождж.

А паколькі да апошняй названай даты ў мяне па пэўных прычынах досыць пяшчотнае стаўленне… Гатовая адмовіцца ад снегу сёння, каб не атрымаць дождж 6 чэрвеня! 🙂 А вы?!

Для сябе і падарожных у Мітрафанаў дзень нашы продкі ўздоўж шляхоў ставілі апазнавальныя знакі – тычкі. Часцей за ўсё гэта былі доўгія палкі, на якія зверху мацаваліся кавалкі пакулля альбо саломы.

У моцныя завірухі яны служылі добрым арыентырам. Уяўляю сабе, як радаваліся людзі, якія збіліся з правільнага шляху, а тады натрапілі на такі арыентыр, услед за якім можна было намацаць другі, трэці… І так да самага населенага пункта. Чамусьці ўявіліся мне зараз менавіта сані з фурманам і седаком у багатым футры. У такую завіруху, калі навокал ну нічога не бачна!

У гэты дзень гаспадыні пяклі пірагі, да якіх падавалі піва. Часцяком – тое, якое зварылі мужчыны. Але ж мы памятаем, што з алкаголем трэба асцярожна, праўда?! Каб не апынуцца дзесьці на вуліцы ў непрытомнасці і не замерзнуць… Хаця б і пры невялікім плюсе.

Таму пра гэтую традыцыю ўзгадваю (з песні слоў не выкінеш), але з папярэджаннем. Бо ведаем мы, чым у некага можа закончыцца пятніца. Сумна, спадарства, сумна…

Але ж у Мітрафанаў дзень павінна быць (па традыцыі нашых продкаў) весела! З частаваннем, забавамі і нават варажбой дзяўчат на нарачонага! Але ж для гэтай адмысловай весялосці і напівацца не трэба…

Цікава, а ці ёсць сярод вас, сябры, сённяшнія імяніннікі? Нашы продкі верылі, што народжаныя 6 снежня, на Мітрафанаў дзень, будуць выдатнымі паляўнічымі. Хаця асабіста мне такі занятак і не даспадобы. Шкада мне… Птушак і звяроў. А вам?!

Што датычыцца простых сялянскіх заняткаў, дык з гэтага дня пачыналі плесці лапці.

А што робім сёння мы?! Па-ранейшаму чакаем… Калі не снегу, дык хаця б сняжку! Толькі не трэба нам «крупак» з ветрам! Шаноўны Мітрафан, ну дзе ж наш санны шлях?! 🙂

Exit mobile version