Site icon Слушна

“Ехала ікаўка на рабой кабыле, кабыла ўпала, ікаўка прапала!” або Як раней беларусы лячылі гэтую хваробу

iкаўка ў жанчыны

У кнігу рэкордаў Гінэса патрапіў прыступ ікаўкі працягласцю 68 гадоў. Гэта здарылася ў Амерыцы з чалавекам Чарльзам Осбарнам (1894–1991). Ікаўка ў яго наступіла ў 1922 годзе, калі ён рэзаў свінню, і працягвалася да 1990 года. Лячэнню хвароба не паддавалася. Нягледзячы на гэта, ён вёў звычайны лад жыцця, ажаніўся, абзавёўся дзецьмі. Сярэдняя частотнасць ягонага ікання складала 40 разоў у хвіліну, а потым скарацілася да 20–25 разоў. Іканне ў Чарльза спынілася, калі яму было 96 гадоў. Памёр ён годам пазней ад язвы страўніка.

Чарльз Осбарн

Старажытныя вераванні

Пра ікаўку існуюць розныя павер’і. Прыкладам, на Смаленшчыне іканне прыпісваюць паробленай псоце або асабліваму нячысціку — Ікыўке. Так, ікаўку можна было наслаць на другога чалавека, сказаўшы: “Ікыўка, Ікыўка, стань у варот, хто першы прыйдзе — ускоч яму ў рот!”. Паводле павер’я, нячысты дух можа заляцець у рот з мухай ці трапіць з чарвячком. Але, калі намечаная ахвяра вядзе правільны лад жыцця, то хвароба ўсяліцца не зможа. Ікаўка, якая не знаходзіць сваёй ахвяры, верылі, можа існаваць не больш за 40 дзён.

Калі ж псота ўсё ж была пароблена чалавеку, то верылі, што такое магло здарыцца ў пэўны сакральны час, у прыватнасці, на Божае Нараджэнне або на Вялікдзень. Асабліва рызыкоўнай ікаўка была на Дабравешчанне. Верылі, нібыта, хто пачуе ў гэты дзень чужое іканне, то можа таксама захварэць. А калі ікаўка нападала на святкі, то чалавека чакала цяжкая хвароба. Тады трэба было хуценька выпіць тры глыткі вады і сказаць: “Ехала ікаўка на рабой кабыле, кабыла ўпала, ікаўка прапала!” Адным з метадаў спынення ікання быў умоўна накрэслены нажом на грудзях крыж.

Нашы продкі былі ўпэўнены: ікаўка апоўдні можа выклікаць пажар. У гэтым выпадку хворы павінен быў сем разоў прачытаць “Багародзіцу” і паставіць свечку перад абразом. Калі хто-небудзь пачынаў ікаць на вянчанні, то гэта быў знак няўдалага сямейнага жыцця. А ікаючага ўдзельніка пахавання ўважалі наступным нябожчыкам.

На бесперапынна ікаючага вешалі замок з ключом, абкурвалі ладанам, паілі святой вадой. Таксама маглі надзець хамут з потнага каня, біць па хвораму пугай і прыгаворваць: “Хляшчу! Хляшчу! Беса выхляшчу!”. Пры гэтым трэба было тройчы прачытаць малітву “Багародзіца, дзева, радуйся”. Маглі звяртацца і да святой лекаркі Параскевы Пятніцы. Ікаўку ў народзе перамагалі яшчэ такім чынам: скрыжоўвалі мезенцы абедзвюх рук і трымалі так некалькі хвілін, або перакрыжоўвалі ўказальным пальцам правай рукі мысок левай ступні.

Паводле павер’я, ікаўка мае свой век, дажывае да старасці і сыходзіць у асіну. Лічылі, што яна часцей нападае на жанчын ва ўзросце ад 15 да 45 гадоў. Прычым, для замужніх яна не страшная, але небяспечная для ўдоў, салдатак і старых дзеў. А вось ікаўка ў немаўлят была сведчаннем моцнага здароўя. Існавалі талісманы ад ікаўкі — лыжачка і ручнік, якія хросныя неслі ў храм за пазухай і пры хрышчэнні дарылі хрэсніку або хрэсніцы.

У народзе і цяпер вераць, што калі ў чалавека ікаўка, то значыць яго нехта згадвае, бэсціць ці зайздросціць яму. Каб перапыніць ікаўку, чалавек мусіў прыгадаць, хто яго згадвае, і прабачыць. Таксама ад гэтай хваробы трэба было перажагнацца, выпіць вады з кубка, прычым павяртаць яго кожны раз пасля глытка так, каб атрымаўся крыж-накрыж. Потым набраць поўныя грудзі паветра, затрымаць дыханне і на адным духу тройчы паўтарыць: “Пайшла ікаўка да мора, шукаючы Рыгора. Рыгор, вярніся, ікаўка мініся”.

Сучасныя парады

Сёння медыкі ведаюць фізіялагічную прычыну ікаўкі. Гэта міжвольныя спазмы дыяфрагмы, якія з эвалюцыйнага пункту гледжання тлумачацца як рэфлекс, прызначаны для выдалення паветра са страўніка. Гэта сцвярджэнне не адносіцца да выпадкаў так званай паталагічнай ікаўкі, калі рэфлекс выклікаецца нейкім унутраным раздражняльнікам (запаленне, пухліна і г. д.).

Пры гэтым усё адно адным з самых папулярных спосабаў лічыцца пітво вады дробнымі глыткамі. Лепш нахіліць  корпус наперад, заклаўшы рукі за спіну.

Нямала спосабаў, звязаных з дыханнем. Гэта можа быць глыбокае энергічнае дыханне ці ягоная затрымка. У любым выпадку, мэта адна — прымусіць мозг перастаць пасылаць нервовыя імпульсы для скарачэння дыяфрагмы.

Калі першыя два метады не спрацавалі, рэкамендуецца з’есці лыжку цукру ці лустачку цытрыны. У прынцыпе, можна з’есці і што-небудзь іншае, галоўнае — перабіць спазм. Цікава, што раней  нашы продкі, каб дабіцца падобнага эфекту, раілі пакласці ў рот кавалачак цукру, выпіць 12 глыткоў вады і некалькі кропляў воцату з вадой. Калі ані ежы, ані вады паблізу няма, высалапіце язык. Высоўваючы і выцягваючы яго, вы стымулюеце заднюю частку насаглоткі і галасавыя звязкі, што можа даць вам пэўную палёгку.

Яшчэ адзін метад барацьбы з ікаўкай — сполах. У старажытнасці ён таксама прымяняўся, трэба было напалохаць нячысціка і тым самым пазбавіць ад яго чалавека. Сёння мы ведаем, што сполах, па-першае, за рахунак стрэсу нервовай сістэмы выклікае збой вашага дыхання, а па-другое, адцягвае ўвагу ад мозга.

І апошні з самых дзейсных метадаў — фізічнае ўздзеянне. Сцісканне далоняў, шчыканне ці паляпванне — любы спосаб, які з дапамогай невялікага болевага ўздзеяння здольны адцягнуць ўвагу вашай нервовай сістэмы.

Вядома, з гадамі кожны знаходзіць для сябе ідэальны спосаб барацьбы з ікаўкай. А нехта выдатна жыве з ёй. У цэлым ікаўка лічыцца звычайнай з’явай і часцей за ўсё праходзіць сама сабою праз некалькі хвілін. Але, калі сімптом доўжыцца больш за 48 гадзін, неабходна неадкладна звярнуцца да доктара.

Якія хваробы беларусы лячылі ў лазні?

Exit mobile version