Эх, як жа калісьці шчымліва адгукалася ў маёй душы гэтая песня! І падчас уласнай вучобы, і падчас настаўніцкай працы... Сэрца трымцела, а душа сапраўды разгортвалася. І Дзень ведаў 1-га верасня (перанось яго з-за выхаднога – не перанось) штогод быў незабыўным.
А вы памятаеце сваё самае першае 1-га верасня?! У мяне чамусьці не захаваліся ўспаміны. Затое добра памятаю дні наступныя. Два першыя гады майго вучнёўства прайшлі ў драўлянай школцы вёскі Клінок Чэрвеньскага раёна, дзе я нарадзілася і жыла з бацькамі, братам ды бабуляй да 9 гадоў.
Ужо колькі гадоў зачыненая школа, а будынак яшчэ стаіць, яшчэ змагаецца за жыццё... А перад унутраным зрокам ён і праз чатыры дзесяцігоддзі ўзнікае яшчэ поўным сіл, такім звыклым і любімым...
Настаўнікам тады неслі на 1-га верасня зусім немудрагелістыя кветкі, якія раслі амаль на кожным падворку. Гладыёлусы, астры і нават вяргіні. Звычайныя, не махровыя, не гатунковыя, без моднай упакоўкі. Але затое падораныя ад душы. Мо, таму і так доўга стаялі ў вазах. І не было ў маіх бацькоў-настаўнікаў звычкі выкідваць падвялыя ці зусім просценькія кветкі.
Не тое што зараз – некаторыя і ружы не ўсялякія возьмуць!:) Ды і не ўсе вучні з кветкамі зараз і ідуць на свята... Памянялася ўсё, зразумела. А ў душы застаўся светлы сум і шкадаванне па ранейшых школьных часах – дзіцячых і дарослых.
А якія пачуцці ў вас да ўспамінаў пра сваю навучальную ўстанову? А можа, яна таксама была не адна? І што адчуваеце вы зараз 1-га верасня? Калі ідуць у школу браты ці сёстры, дзеці ці ўнукі… Ці варушыцца штосьці ў душы? Ці прыгадваеце адметныя моманты са свайго школьнага дзяцінства і юнацтва?
Маёй другой навучальнай установай з трэцяга па восьмы клас стала СШ №2 г.Чэрвеня. Ну вось усё ж цікавым было наша акцябрацка-піянерска-камсамольскае дзяцінства і юнацтва! Сапраўды, ёсць што прыгадаць!
І хто б мог падумаць, што мой аднакласнік Алег Навіцкі стане самым сапраўдным касманаўтам? І паляціць да зор? І адтуль нават мне патэлефануе... А я буду асвятляць яго падрыхтоўку да палёту, старт і сам першы палёт у раённай газеце і рэспубліканскай «Звяздзе» . А прамінула-то з таго часу ўжо амаль 7 гадоў.
...Наступнай яркай успышкай у дзень 1-га верасня высвечваецца яшчэ адна мая навучальная ўстанова – СШ №4 г.Чэрвеня, куды прыйшла маладым спецыялістам і дзе (па жаданні і прызванні!) затрымалася на 10 гадоў. Многіх сваіх вучняў памятаю. І першых, і другіх пачаткоўцаў. І тых, у каго выкладала родную мову і літаратуру ў сярэдніх ды старэйшых класах.
Хтосьці часта сустракаецца ў горадзе, хтосьці рэдка. З кімсьці маем стасункі ў сацыяльных сетках... Заўсёды рада бачыць усіх. І таксама кранальна-шчымліва робіцца пры сустрэчах.
А ўяўляеце, колькі вучняў прыгадваюць маіх бацькоў-настаўнікаў, чый працоўны стаж перасягнуў тры з паловай дзесяцігоддзі?! Ужо даўно ў тых колішніх школьнікаў свае дзеці і ўнукі... І калі яны кажуць ім: «Гэта мае настаўнікі!», тыя пазіраюць няўцямна. І гэта зразумела...:) Узрост жа – за 75 і пад 80...
І як жа крыўдна губляць тых прадстаўнікоў старэйшага пакалення – сапраўдных Настаўнікаў! А стратаў усё больш і больш. Усё ж адгукаецца і поўная аддача працы, калі нават уласным дзецям столькі ўвагі не ўдзялялася, колькі сваім вучням (але дзеці не ў крыўдзе – разумелі ж!)... І сапраўдныя перажыванні – па-чалавечы! – за таго ж двоечніка, у якога дома бацькі-алкаголікі... Не бераглі сябе многія зусім. І нават не задумваліся, што можна берагчы...
Так, не хочацца ў Дзень ведаў пра сумнае, ды яно само неяк атрымліваецца. Але давайце ўсё ж пра школу! У лепшым яе праяўленні. Бо хочацца верыць, што яшчэ дастатковая колькасць і дзяцей, і настаўнікаў туды ідзе з сапраўдным натхненнем.
І хаця ўсе мерапрыемствы з нагоды пачатку новага навучальнага года пройдуць заўтра, 2 верасня, усё ж 1-га традыцыйна адгукаецца ў сэрцы прадчуваннем чагосьці новага, нязведанага.
Дык няхай так і будзе – для ўсіх наступных пакаленняў вучняў. І як бы ні мянялася школа, метады выкладання і выхавання, падручнікі, прылады, нязменным (веру!) застанецца тое пачуццё ўрачыстасці, яднання, жадання новых адкрыццяў, якое падтрымлівае на працягу ўжо многіх гадоў і дзяцей, і дарослых. Са святам, сябры! З Днём ведаў!