Асабіста ў мяне дакументальны фільм пра касманаўта Раскосмасу Алега Навіцкага, ураджэнца нашага горада Чэрвеня Мінскай вобласці, атрымалася паглядзець двойчы, як і было заяўлена ў праграме тэлеканала Беларусь 3. Першы раз – па тэлевізары, другі – па інтэрнэту.
Пра свае ўражанні пачну, мабыць, з «хваста» (па асацыяцыі з вогненным хвастом ракеты). Як я зразумела, шмат знятага ў розных месцах і з рознымі людзьмі засталося за кадрам... Хочацца працягу. Шматсерыйнасці! І многія, з кім абмяркоўвала гэта, пагадзіліся са мной.
Вядома, кожнаму не хапіла свайго. Дзесьці нашы меркаванні супалі, дзесьці – разышліся... Ні ў якім разе не бяруся разбіраць-аналізаваць-крытыкаваць фільм... Па той простай прычыне, што лёгка гэта рабіць... па гатоваму. Як і правіць напісанае іншым. А паспрабуйце стварыць штосьці самі... З нуля... Упэўнены, што атрымаецца ідэальна і ні ў каго не будзе заўваг ці жадання перарабіць?! Дык гэта ж з серыі: «Ну, кіньце ў мяне камень, бязгрэшныя людзі...»
Таму проста напішу, што ўразіла мяне, што спадабалася. І зусім крыху – пра супрацьлеглае. Пункцірам.
Магутны пачатак. Прама адразу адчуваеш маштабнасць і тое, што Алег – касманаўт свету... Не Беларусі, не Расіі, не нават СССР... Не паасобку краіны... Разам! Космас сапраўды аб’ядноўвае ўсіх, і гэта здорава!
Вядома ж, крануў аповед мамы Алега Навіцкага, Валянціны Эдуардаўны, пра яго дзяцінства. Гэта тое, пра што і я пісала тады яшчэ, у 2012-2013-м гадах. Такое знаёмае – і так цудоўна абыгранае на экране... Валянціна Эдуардаўна за акном з марознымі ўзорамі – выдатная знаходка, якая сапраўды пераносіць у той час, пра які яна распавядае!
І ўвогуле, я даўно захапляюся маці майго аднакласніка. І нават уявіць баюся, якіх перажыванняў ёй каштуе кожны палёт старэйшага сына! Якая яна атрымалася на экране сапраўдная!!! І гэтыя слёзы... Мы таксама не маглі ад іх утрымацца... Кранаюць гэтыя кадры...
Таксама прыемна было чуць аповед Алега і бачыць здымкі падрыхтоўкі да палёту. Бо пра многае ён распавядаў і мне як журналісту, дасылаў фота. Прыемна быць у тэме!
Але сапраўды, ніякія фотаздымкі не перадаюць тых жа момантаў старту і прызямлення. Асабліва прызямлення! Ведаеце, кадры, дзе касманаўтаў рэзка скаланала пры пасадцы так, што з рук выляталі паперы... Ды яны ў мяне і зараз перад вачыма! Уразіла да ўласных дрыжыкаў па целе! І вось за ўсе тыя пакуты з перагрузкамі і не толькі... можна дараваць усё. Дрэнны настрой, адмову ў стасунках, рэзкасць у тоне, спасылкі на занятасць... Усё...
Як мне падалося, вельмі ўдалы ракурс падчас асноўнага інтэрв’ю з Алегам быў знойдзены. І, вядома ж, многія звярнулі ўвагу, што яно выразна дзеліцца на дзве часткі. І ў другой сапраўды раздражнёнасць чуецца ў голасе. Зрэшты, як кажуць, якія пытанні – такія і адказы. Без крыўдаў, так?! Калі гэтак было задумана, значыць, усё атрымалася...
Вельмі прыгожыя здымкі нашага Чэрвеня зверху! А якія купалы царквы са спецэфектамі! І за імі бачна наша СШ №2! Да слова, хацелася б працягу, адной серыі з многіх, менавіта ў нашым горадзе. З самім Алегам. Бо ў мяне не адзін чалавек пытаўся: а чаму не паказалі касманаўта ў Чэрвені разам з мамай??? Тым больш, што ведаю пра іх кранальныя адносіны, назірала не аднойчы... Такія б кадры былі! А можа, яны і ёсць?! У запасе?! Трэба пацікавіцца ў рэжысёра Анатоля Алая і кінааператара Юрыя Елхава...
Што асабліва запомнілася з адказаў касманаўта? Пра страх. Што ён узнікае звычайна ад няведання. Бо, памятаю, мяне таксама найперш цікавіла: ну няўжо не страшна??? На многіх этапах? Цяпер абдумваю пачутае.
Цёплымі атрымаліся сямейныя здымкі ў Зорным. Такая кранальная меншая дачушка... Спадзяюся, што яна прызнала ўжо тату...
Пісаць пра фільм, вядома ж, можна яшчэ доўга. Але пра галоўнае збольшага ўжо сказана. Таму шчыра дзякую стваральнікам і... Усё ж спадзяюся на працяг!
Фота аўтара, з архіва Алега Навіцкага і сайта Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына