Site icon Слушна

Фарэль, запечаная ў фользе

Якой гаспадыні не хочацца парадаваць гасцей не толькі смачнымі, але яшчэ і карыснымі стравамі?

Журналіст Слушна даведалася пра рэцэпт святочнай карыснай стравы ў загадчыцы гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Наталлі Шульгі.

Як прызналася спецыяліст, традыцыйныя салаты «аліўе» і «селядзец пад футрам» у святочным сямейным меню будуць прысутнічаць, але ў меру і толькі ў самым пачатку трапезы. Галоўнай жа стравай стане фарэль, запечаная ў фользе.

Карысць фарэлі

Фарэль змяшчае ўнікальны па сваім складзе вітамінна-мінеральны комплекс: незаменныя поліненасычаныя Амега-3 тлустыя кіслоты, а таксама карысныя для арганізма вітаміны і мікраэлементы, у тым ліку ёд, цынк, фосфар, калій і іншыя.

Ужыванне ў ежу гэтай рыбы спрыяе паляпшэнню працы галаўнога мозгу, зніжае рызыку развіцця атэрасклерозу, павышае настрой і працаздольнасць, дапамагае змагацца са стомленасцю.

Асабліва карысная фарэль тым, хто пакутуе на захворванні сэрца і сасудаў. А яшчэ ўжыванне ў ежу гэтай рыбы:

  • паляпшае засваенне глюкозы;
  • паскарае абмен халестэрыну;
  • спрыяе ўтварэнню эрытрацытаў.

Разам з тым, з асцярожнасцю ўжываць у ежу фарэль трэба людзям, якія пакутуюць ад алергіі на рыбу. Яе не рэкамендуецца есці таксама тым, у каго дыягнаставаны захворванні страўнікава-кішэчнага тракту, печані, язва страўніка ці 12-перснай кішкі, альбо калі прызначана дыета з паніжаным утрыманнем тлушчу.

Рэцэпт запечанай фарэлі

Рэцэпт запечанай фарэлі

Інгрэдыенты

  • фарэль – 1 шт.
  • соль – 1 ч.л.
  • спецыі для рыбы або чорны молаты перац
  • фольга
  • зеляніна (напрыклад, кроп) – 1 пучок

Прыгатаванне

Рыбу нацерці соллю і спецыямі, дадаць зеляніны. Па жаданні можна апырскаць яе сокам лімона. Загарнуць рыбу ў фольгу і паставіць у папярэдне разагрэтую духоўку прыкладна на 15-20 хвілін.

 
Наталля Шульга
Загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі
Рыба гатуецца ва ўласным соку. Страва атрымліваецца далікатнай і сакавітай. Мінімум калорый і максімум карысці. Запечаную фарэль падаваць на стол разам з гароднінай. Карысна і смачна.
Exit mobile version