Site icon Слушна

Гадавіна Чарнобылю. Схілім галовы ў цішы…

А мы ўсё лічым... 10 гадоў, 20, 30... І вось ужо 33, 35... І шмат чаго змяняецца ў зоне адцурання (гэты назоў прыгадваю найперш з п’есы беларускага драматурга Аляксея Дударава). Але наўрад ці калі мы забудземся, што значыць для Беларусі дзень 26 красавіка 1986 года. Дзень Чарнобыльскай трагедыі.

Чарнобыль. Аварыя на ЧАЭС.

...І праз столькі гадоў памятаецца адзін з тых красавіцкіх дзён – так яскрава, быццам быў ён не 33, а 3 гады таму. Мне яшчэ толькі 14. Майму тату – 45. І быццам бы нічога невядома, але пэўныя чуткі ўжо дайшлі.

Мы крочым дахаты. Ідзе дождж. Цяпер разумею: на лужынах такія жоўтыя разводы зусім не ад пылку. Тата мне працягвае свой парасон: «Вазьмі, ты маладая, а я пажыў ужо...»... Пажыў! У 45! Штораз, калі прыгадваю, шчэміць сэрца. Распавядаю тату пра тую размову цяпер... Не, не памятае. Чаму ж мне так запомнілася?!

А якія ў той год былі баравікі! Агромністыя, моцныя, без чарвякоў, яны раслі паўсюдна садамі. І мы іх збіралі. І спажывалі. Толькі доўга вымочвалі ў вадзе і некалькі разоў падчас гатавання ваду мянялі на свежую – так раіў наш родзіч, які тады працаваў ва ўстанове, што зараз называецца РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава. І яго сям’я не адмаўлялася ад нашых пачастункаў – ягад і грыбоў. Ды наш раён увогуле-то лічыўся адным з чыстых... Усё вымывалася, правяралася дазіметрам. Цяпер-то разумеем, чаму тыя грыбы не еў ніводны чарвяк... Але быццам нічога. Жывём... І грыбы па-ранейшаму любім. Вось толькі такога «ўраджаю» больш ніколі не бачылі...

Як журналіст я шмат пісала пра тых, хто ліквідоўваў наступствы аварыі на ЧАЭС. Можа, і не адразу там людзі былі, можа, не так блізка... Але сярод іх – і вадзіцелі, і медыкі, і тыя, хто «хаваў» пустыя вёскі. Кагосьці ўжо няма, хтосьці мае праблемы са здароўем...

Мы зараз шмат чытаем і ведаем пра той час. І пра невытлумачальнае дрэннае самаадчуванне, нават у маладых, звыкла кажам: « Ну што хацець з такой экалогіяй?! Пасля Чарнобылю?!» Проста жыць. Наведваць паліклінікі, прымаць прапісаныя лекі. Удзяляць увагу харчаванню, быць па магчымасці рухомымі, актыўнымі фізічна. Час не павярнуць назад, на жаль. Трэба проста – жыць.

А многія ж, каго адразу ахрысцілі перасяленцамі, ужо шмат гадоў знаходзяцца на чужыне, якая фактычна стала другой радзімай. Але ўсё роўна прыгадваюць тую, першую, дзе засталася часцінка сэрца...

Разумею іх боль, іх шкадаванне. Мо, таму не адзін верш на гэтую тэму мною напісаны. Вось гэты, напрыклад, да 20-годдзя аварыі...

ПАМЯЦЬ СЭРЦА
І праз дваццаць гадоў
Не прайшла да радзімы любоў...
Сніцца вёсачка тая,
Бо ў ёй нарадзіўся калісьці.
У маленства шчаслівае
Памяць вяртае ізноў –
На падворак, дзе клён шапаціць
Найпяшчотнейшым лісцем...

Ды раптоўна – маланкай у сэрца:
А клёна ж – няма!
І падворка няма –
Пахавалі бульдозеры ў глебу...
Там – пустэльня. Там вечны спакой
І стаіць цішыня.
І ніхто ўжо ў малітвах сваіх
Не даверыцца небу...

У мясцінах чужых
Год за годам мінае жыццё.
І прывыклі, здаецца, ужо...
Толькі ўсё ж – не радзіма...
І да скону ў душах людскіх
Будзе жыць пачуццё,
Быццам шчасце, і доля, і лёс іх
Пракрочылі міма....

Вінаватых не знойдзеш...
Не трэба больш сэрца ірваць.
Дваццаць год прамінула!
Гісторыю – не перапішаш.
Пад крыжамі драўлянымі
Родныя людзі ляжаць...
Гадавіна Чарнобылю...
Схілім галовы ў цішы...

Прачытаўшы яго ў газеце, адна знаёмая жанчына-перасяленка папыталася: «Дык а ты, дачушка, з якога раёна пераехала?!» І доўга не магла паверыць, што я ніадкуль не прыязджала на Чэрвеньшчыну і нікуды адсюль не з’язджала...

Exit mobile version