Site icon Слушна

Гаджэты для дзяцей. Карысць і шкода ў працэнтах

У сучасным свеце дзеці і гаджэты – паняцці непадзельныя. Нездарма пакаленне зумераў называюць «лічбавымі людзьмі». Сёння нават дзіця ясельнага ўзросту злёту засвойвае мудрагелістасці карыстання смартфонам ды планшэтам. А да моманту паходу ў школу многія дзеці маюць асабісты электронны дэвайс.

Карысць ці шкоду нясе далучэнне да гаджэтаў з юных гадоў? Для чаго дзіцяці смартфон – для вучобы альбо для гульні? Як і колькі часу праводзяць дзеці за гаджэтамі? Вы, як тата-мама, упэўненыя, што сапраўды ведаеце адказы на гэтыя пытанні?!

Нядаўна супрацоўнікі лабараторыі гігіены дзяцей і падлеткаў НПЦ гігіены правялі маніторынг выкарыстання тэхнічных сродкаў інфарматызацыі (тых жа электронных дэвайсаў) сучаснымі школьнікамі. У анкетаванні ўзялі ўдзел 430 вучняў 3, 7, 9-11 класаў з Мінска, Наваполацка і Ліды. Атрыманыя вынікі аказаліся вельмі красамоўнымі. Падрабязна Слушна распавяла пра іх загадчык лабараторыі гігіены дзяцей і падлеткаў НПЦ гігіены Наталля Грэкава.

Кожнаму дзіцяці – па смартфону

Гаджэты. Шкода гаджэтаў. Школьнікі і гаджэты.

Абсалютна чаканым аказаўся вынік маніторынгу ў частцы распаўсюджанасці смартфонаў сярод дзяцей. Амаль 97,5% школьнікаў паказалі, што маюць асабістыя мабільныя тэлефоны. Прычым у 41% дзяцей смартфон з'явіўся пры паступленні ў школу, а ў 11% яшчэ раней – у дзіцячым садзе.

Асабісты камп'ютар ёсць у 62,5% апытаных, у кожнага другога – у распараджэнні ноўтбук, у 45% – планшэт. Уладальнікамі ўмоўна карысных гаджэтаў, да якіх можна аднесці электронную кнігу, з'яўляюцца 22% школьнікаў. Асабістыя гульнявыя прыстаўкі (мы ўзялі на сябе смеласць аднесці іх да бескарысных) ёсць у 18,5%.

Навошта школьніку камп'ютар?

Дзве траціны дзяцей (71,5%), якія ўзялі ўдзел у анкетаванні, прызналіся, што штодня карыстаюцца камп'ютарам, ноўтбукам, планшэтам альбо электроннай кнігай у час, вольны ад вучобы ў школе. Прычым частата выкарыстання электроннай тэхнікі павялічваецца з узростам дзяцей. Так, ля дысплеяў бавяць час:

  • 28,5% вучняў пачатковай школы, прычым толькі 18% з іх выкарыстоўваюць гаджэты для вучобы;
  • 67,5% вучняў сярэдніх класаў (каля 44% – для падрыхтоўкі хатніх заданняў і рэфератаў);
  • 80% – старшакласнікаў (але ўсяго 37,4% з іх выкарыстоўваюць час з гаджэтамі для самападрыхтоўкі).

Адметна тое, што практычна кожны другі школьнік (48,8%) праводзіць ля манітора ад 1 да 3 гадзін у дзень. Кожны чацвёрты (26,7%) – больш за 3 гадзіны ў дзень.

Звярніце ўвагу! Спецыялісты настойліва рэкамендуюць пры працы за камп'ютарам альбо карыстанні любым іншым электронным гаджэтам:

  • кожныя 20-30 хвілін рабіць перапынкі працягласцю не меней за 10 хвілін;
  • перыядычна выконваць гімнастыку для вачэй;
  • чаргаваць розныя віды дзейнасці.

Бескантрольнае баўленне часу ля манітораў камп'ютараў і са смартфонамі можа прывесці да шэрагу негатыўных наступстваў: развіцця анамалій рэфракцыі (блізарукасці, дальназоркасці, касавокасці), сіндрому сухога вока і г.д.

Між тым, па выніках праведзенага маніторынгу, толькі траціна дзяцей правільна чаргуюць працу на электронных прыладах з адпачынкам і/альбо іншымі відамі дзейнасці. 16,5% не адрываюцца ад гаджэтаў наогул, колькі б часу з імі яны не правялі.

Як час з гаджэтам псуе паставу

У ходзе маніторынгу даследчыкі вывучалі таксама пытанне выканання эрганамічных патрабаванняў пры працы з электроннымі прыладамі. Прасцей кажучы, не толькі час, але і становішча, у якім дзеці знаходзяцца за гаджэтамі, рэжым працы і адпачынку маюць велізарны ўплыў на фізічнае здароўе.

56% школьнікаў паведамілі, што бавяць час ля манітораў, седзячы за сталом. 31% дзяцей размяшчаюцца ў крэсле альбо на канапе. Астатнія ўладкоўваюцца з гаджэтамі на ложку ці на падлозе.

Пры гэтым у 29% школьнікаў бацькі заўсёды строга кантралююць правільнае становішча пры працы за камп'ютарам альбо планшэтам (у большасці выпадкаў гэта тычыцца вучняў малодшых класаў). Бацькі 45% школьнікаў нагадваюць аб правільным становішчы цела перыядычна. 26% дзяцей абсалютна самастойныя ў гэтым пытанні (у асноўным, кантроль адсутнічае ў старшакласнікаў).

Звярніце ўвагу! Няправільнае становішча цела пры працы з электроннымі гаджэтамі, недастатковая асветленасць працоўнага месца, выкарыстанне лічбавых прыладаў у становішчы лежачы альбо ў транспарце, які рухаецца, і іншыя фактары павялічваюць рызыку развіцця парушэнняў паставы, скаліёзу і праблемаў са зрокам у дзяцей.

Шкода анлайн vs карысць афлайн

Не сакрэт, што «жыццё анлайн» у дзяцей і падлеткаў мае асаблівае значэнне. Стасункамі ў сацсетках, сеткавымі гульнямі, праглядам відэаролікаў сучасныя дзеці могуць захапляцца гадзінамі. Ва ўсялякім выпадку, як паказаў маніторынг, больш за траціну апытаных дзяцей пацвердзілі, што знаходзяцца ў рэжыме анлайн больш за 3 гадзіны ў дзень, амаль 43% – не меней за 1-2 гадзіны.

Прагляду відэакантэнту і праслухоўванню музыкі аддаюць перавагу амаль 50% дзяцей і падлеткаў, стасункам у сацсетках – 40%. 12,5% школьнікаў бавяць вольны час за сеткавымі гульнямі. Прычым гульні больш захапляюць хлопчыкаў, а анлайн-перапіскі – дзяўчынак.

Праблема ў тым, што такое баўленне часу часцяком выкарыстоўваецца замест прагулак на свежым паветры і часткова – начнога сну. Напрыклад, па выніках анкетавання высветлілася, што паўнавартасная працягласць начнога сну ёсць меней чым у 14% дзяцей. У астатніх дэфіцыт сну складае ад 1-2 гадзін і больш. Напрыклад, многія вучні сярэдніх і старэйшых класаў (38,3%) кладуцца спаць пасля 23:00.

Кожны 5-ы школьнік прызнаўся, што ў яго няма вольнага часу для прагулак на свежым паветры. Пра адсутнасць часу і жадання для заняткаў спортам альбо любым іншым відам фізічнай актыўнасці паведамілі больш за 41% дзяцей. 38% вучняў пры гэтым удакладнілі, што вольны ад заняткаў час праводзяць за камп'ютарнымі гульнямі, анлайн-стасункамі і праглядам відэакантэнту. Зразумела, што старшакласнікі лідзіруюць па ўсіх антыпазіцыях.

Звярніце ўвагу! Парушэнні рэжыму дня, дэфіцыт начнога сну, гіпадынамія цягнуць за сабой наступствы, якія значна пагаршаюць стан здароўя сучасных дзяцей. Яны могуць стаць адной з прычынаў метабалічных, гарманальных парушэнняў, зніжэння кагнітыўных і разумовых здольнасцяў, дысфункцыі нервовай сістэмы і нават псіхічных расстройстваў.

Exit mobile version