Site icon Слушна

Гала-канцэрт, феерверк і адкрыццё фантана. Што ўбачаць жыхары і госці Мінска 3-га ліпеня

Штогод 3-га ліпеня ў нашай краіне святкуецца Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Інфармацыйны партал Здаровыя людзі прапануе азнаёміцца з праграмай мерапрыемстваў і вырашыць, якія з іх варта наведаць.

Дзень Незалежнасці. Шэсце-парад.

Святкаванне Дня Незалежнасці стартуе з патрыятычнага шэсця «Беларусь памятае!» Яно пачнецца а дзясятай раніцы. Удзельнікі шэсця пройдуць па праспекце Незалежнасці да плошчы Перамогі, а затым ускладуць кветкі і вянкі да Вечнага агню.

Рэспубліканская выстава-кірмаш «Зроблена ў Беларусі» размесціцца на пляцоўцы каля Палаца спорту. Яна пачне сваю працу апоўдні. На кірмашы будзе прадстаўленая прадукцыя айчыннай вытворчасці. Святочны настрой наведвальнікам створыць забаўляльная праграма, будзе працаваць фудкорт. Дарэчы, наведаць кірмаш можна будзе на працягу ўсіх выхадных (да 5-га ліпеня ўключна).

Увечары, у 20.00, на набярэжнай Свіслачы ў мінскім парку імя Янкі Купалы з размахам адкрыецца святломузычны фантанны комплекс. Сам фантан прамавугольнай формы памерам 90х16 м. Струмені вады могуць прымаць самыя розныя формы: веера ці лілеі, бягучай дарожкі альбо дугі... Дарэчы, усяго ўверх на вышыню да 30 м падымаюцца каля 200 вадзяных струменяў. Комплекс дапоўнены відэапраектарам і лазернай сістэмай, з дапамогай якой на воднай паверхні ствараюцца малюнкі. Светлавое шоу будзе доўжыцца 3 гадзіны і завершыцца ў 23.00.

Вялікі святочны гала-канцэрт «Беларусь бязмежная» пачнецца ў 21.00 каля стэлы «Мінск – горад-герой». Тут выступяць папулярныя артысты і танцавальныя калектывы.

Кульмінацыяй свята па традыцыі стане феерверк. Першыя ўспышкі ўпрыгожаць начное неба ў 23.00. Вогненнае шоу пакажуць у васьмі пунктах Мінска. Яго можна будзе паглядзець у скверы «Старосцінская Слабада», парках Перамогі, Чалюскінцаў, Янкі Купалы, Міхаіла Паўлава, Уга Чавеса, у раёне набярэжнай вадасховішча Дразды, на пляцоўцы каля «Чыжоўка-Арэны».

Акрамя гэтага, на працягу чатырох дзён, з 2-га па 5-га ліпеня, на Кастрычніцкай плошчы будзе працаваць выстава найноўшых узораў беларускага машынабудавання. У экспазіцыі – прадукцыя гігантаў айчыннай прамысловасці: Мінскага аўтамабільнага завода, БелАЗа, «БелДжы», «Амкадора». Час працы выставы – з 8 да 20.00.

Дарэчы, мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці, пройдуць ва ўсіх раёнах горада.

Выдатнага вам настрою! Але не забывайцеся на меры прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі: захоўвайце сацыяльнае дыстанцыяванне, рэспіраторны этыкет, памятайце пра маскі, гігіену ды іншыя прафілактычныя меры.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Exit mobile version