Ахоўная функцыя – адна з найважнейшых, якую выконваюць бялкі ў арганізме чалавека. Яна ўключае фізічную, хімічную і імунную абарону. Апошняй адводзіцца асабліва значная роля.
Тры тыпы бялкоў: імунаглабуліны (антыцелы), інтэрфероны і бялкі галоўнага комплексу гістасумяшчальнасці – складаюць ядро імуннай сістэмы. Яны з'яўляюцца галоўнымі ўдзельнікамі фарміравання імуннага адказу – здольнасці арганізма адэкватна рэагаваць на чужародную інфармацыю і супрацьстаяць уздзеянню патагенаў.
Чаму штодзённае задавальненне патрэбы ў бялку прынцыпова важнае для імуннай абароны? Ці ўплывае бялковы дэфіцыт на цячэнне хваробы і працэс выздараўлення? Што такое амінакіслотны скор і якая яго роля ў задавальненні патрэбы ў бялку? Мы даведаліся ў экспертаў.
Бялкі для арганізма
Стабільнасць – залог поспеху
Сінтэз і распад бялкоў у арганізме – працэс бесперапынны. Важнасць захавання яго стабільнасці, у тым ліку для забеспячэння імуннай абароны, абумоўленая тым, што бялок не дэпануецца ў арганізме, г.зн. не назапашваецца для далейшага рацыянальнага выкарыстання.
Гэта асабліва актуальна для дзіцячага ўзросту, калі ўсе працэсы ў арганізме праходзяць найбольш інтэнсіўна. А разам з тым на фоне высокіх запатрабаванняў у макра- і мікранутрыентах ды энергіі ў дзяцей маюцца абмежаваныя рэзервы і тэндэнцыя да хуткага іх вычарпання. Недапушчэнне дэфіцыту бялку неабходнае як для гарманічнага росту і развіцця, так і для фарміравання моцнага імунітэту.
Ежа, якая лечыць
У гэтым кантэксце не забяспечваць хвораму харчаванне, багатае на ўтрыманне бялку, значыць папросту не далечваць яго, перакананая Алена Палевічэнка. Адэкватны стану чалавека, які хварэе, рацыён у гэтым выпадку расцэньваецца не як задавальненне яго базавых патрэбаў, а як адзін з фактараў комплекснай тэрапіі, павышэння імунных і адаптацыйных сіл арганізма. Навукова даказана: штодзённае ўжыванне высокабялковай ежы падчас хваробы і лячэння зніжае верагоднасць ускладненняў, памяншае пабочныя эфекты лекавых сродкаў і паскарае працэс выздараўлення.
Бялок ад бялку адрозніваецца
Каб забяспечыць стабільны біясінтэз бялку, а значыць, і адэкватную працу імуннай сістэмы, неабходна пастаянна папаўняць фонд амінакіслотаў у арганізме. Менавіта яны выступаюць галоўным структурным кампанентам бялкоў і ўплываюць на іх функцыянальнае прызначэнне. Крыніцай амінакіслотаў служаць харчовыя прадукты.
Спалучэнне ў рацыёне прадуктаў расліннага і жывёльнага паходжання для ўмацавання імунітэту можа расцэньвацца як біялагічна больш паўнавартаснае з-за ўзаемнага ўзбагачэння адных бялкоў амінакіслотамі іншых.
Пры гэтым сутачная патрэба ў бялку павінна папаўняць як агульны расход бялку, так і патрэбу ў незаменных амінакіслотах. «Разбалансіроўка» амінакіслотнага складу цягне за сабой парушэнне азоцістага балансу (колькасць спажываных бялкоў павінна быць адэкватная прадуктам іх распаду, якія выдзяляюцца разам з мачой і калам), што ў сваю чаргу вядзе да паслаблення імуннай абароны.
Больш за тое, станоўчы азоцісты баланс (перавышэнне спажывання бялковых прадуктаў над стратамі з мачой і калам) неабходна забяспечыць у перыяды інтэнсіўнага росту і развіцця (у дзіцячым і падлеткавым узросце), павышаных нагрузак на органы і сістэмы (цяжарнасць, лактацыя), падчас хваробы і аднаўлення.
Такім чынам, разам са звыклай ежай, багатай на бялок (мяса, птушка, малако), больш чым апраўданае ўключэнне ў рацыён кісламалочных напояў, якія ўтрымліваюць да 30 г бялку на 250 мл прадукту, узбагачаныя лактабактэрыямі, вітамінамі D і В6.
У аснове напояў – сыроватныя бялкі, якія маюць аптымальны амінакіслотны склад і засвойваюцца арганізмам практычна цалкам. Пры адсутнасці апетыту, абцяжараным глытанні яны па сутнасці могуць выступаць асноўнай крыніцай бялку, неабходнага арганізму для павышэння імунных сіл.
Прытрымліваючыся прынцыпаў прэвентыўнай медыцыны, штодзённае, а не толькі ў перыяд хваробы, уключэнне ў рацыён высокабялковых прадуктаў можа служыць сродкам забеспячэння суладнай работы імуннай сістэмы і павышэння рэзервовых і адаптыўных магчымасцяў арганізма перад уздзеяннем патагенаў і знешніх негатыўных фактараў.