Site icon Слушна

Гарачы чай і цёплая вопратка. Ратавальнікі і медыкі нагадалі аб правілах акунання на Вадохрышча

Вадохрышча

Сёлета з-за даволі цёплай зімы жадаючых акунуцца на Вадохрышча, на думку спецыялістаў, будзе меней, чым у папярэднія гады. Напрыклад, калі ў 2018-м годзе абрад прайшлі звыш 151 тыс. чалавек, у мінулым – больш за 161 тыс., дык у 2020-м прагназуецца крыху больш за 90 тыс.

Разам з тым, менавіта адсутнасць ільду і магчымыя стыхійныя «заплывы» выклікаюць трывогу ў ратавальнікаў. Яны заклікаюць здзяйсняць абрад акунання толькі ў спецыяльна абсталяваных для гэтага месцах. Іх у гэтым годзе будзе працаваць 87.

Пра тое, дзе можна акунуцца на Вадохрышча і як зрабіць гэта правільна, напярэдадні свята ў Нацыянальным прэс-цэнтры распавялі:

  • намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце РЦ «Хуткая медыцынская дапамога» Алег Варабей;
  • старшыня рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Беларускае рэспубліканскае таварыства ратавання на вадзе» (Асвод) Анвар Ігамбердыеў;
  • старшыня Мінскай абласной арганізацыі Асвод Сяргей Патрыкееў;
  • в.а. старшыні Мінскай гарадской арганізацыі Асвод Дзмітрый Стаселька.

Зіма хаця і цёплая, але правілы акунання тыя ж

Вадохрышча

Каб не звяртацца потым да медыкаў па дапамогу, да падрыхтоўкі і самога працэсу акунання трэба падысці ўсвядомлена, упэўнены Алег Варабей. І ў першую чаргу, абавязкова трэба пракансультавацца са сваім урачом.

 
Алег Варабей
Намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце РЦ «Хуткая медыцынская дапамога»
Гэта трэба зрабіць тым, у каго маюцца якія-небудзь хранічныя хваробы альбо нядаўна перанесеныя вострыя запаленчыя захворванні. Таксама непажадана акунацца людзям з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі і хваробамі органаў дыхання.

Любы чалавек, асабліва непадрыхтаваны, у халоднай вадзе адчувае стрэс, які можа справакаваць абвастрэнне хранічных захворванняў. Таму мінімум за два тыдні-месяц трэба пачынаць загартоўвацца, упэўнены спецыяліст.

Непасрэдна перад акунаннем у вадаём варта выканаць пару фізічных практыкаванняў, каб разагрэцца. У вадзе не трэба знаходзіцца доўга, не больш за 30 секунд. Даваць нырца з галавой спецыяліст не рэкамендуе, бяспечны варыянт – да ўзроўню шыі. Пасля выхаду з вады неабходна насуха выцерціся, надзець цёплую камфортную і свабодную вопратку, выпіць гарачага (але не алкагольнага!) напою. У такім выпадку, упэўнены Алег Варабей, стрэс, які адчуе арганізм з-за перападу тэмператур, будзе мінімальным, і чалавек атрымае толькі станоўчыя эмоцыі.

 
Анвар Ігамбердыеў
Старшыня рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Беларускае рэспубліканскае таварыства ратавання на вадзе» (Асвод)
Не варта ставіць ніякіх рэкордаў па часе знаходжання ў халоднай вадзе. Гэта можа прывесці да незваротных наступстваў.

Ён дадаў, што няшчасных выпадкаў за ўвесь час правядзення абраду купання не было, але медыцынскую дапамогу жадаючым акунуцца аказваць даводзілася.

Варта памятаць, што чым ніжэйшая тэмпература вады і навакольнага асяроддзя, тым цяплейшым павінна быць адзенне і карацейшым – час знаходжання ў вадаёме. Акрамя гэтага, неабходна як мага даўжэй захоўваць сваё цела ў цяпле перад акунаннем, а пасля – як мага хутчэй надзець сухую вопратку. Не варта забывацца і на абутак для падыходу да купелі. Бо зямля, нягледзячы на адносна цёплае надвор'е, усё роўна халодная. Пры акунанні варта прыслухоўвацца да сваіх адчуванняў і сачыць за ўласным станам, а таксама ўважліва назіраць за людзьмі, якія знаходзяцца побач, асабліва за дзецьмі і сталымі.

 
Анвар Ігамбердыеў
Старшыня рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Беларускае рэспубліканскае таварыства ратавання на вадзе» (Асвод)
Каб не пераахаладзіцца яшчэ да акунання, надзеньце цёплы халат, шапачку і тапачкі са шкарпэткамі. Падышлі да вадаёма, акунуліся, хутка насуха выцерліся і захуталіся ў цёплую вопратку. Самае галоўнае, каб не захварэць, – не стаяць доўга на холадзе і хутка сагрэцца.

Дарэчы, для таго, каб не затрымліваць астатніх жадаючых акунуцца і пазбегнуць выпадкаў пераахаладжэння, у месцах акунання арганізаваныя два ўваходы ў вадаём і два выхады з вады.

Асвод гатовы

Як адзначыў Анвар Ігамбердыеў, напярэдадні свята ўвесь асабісты склад Асвода, выратавальныя станцыі і пасты працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Бяспеку жадаючых акунуцца будуць забяспечваць каля 400 штатных работнікаў Асвода. Арганізаванае таксама дзяжурства брыгад хуткай медыцынскай дапамогі, супрацоўнікаў МУС і МНС. З-за адсутнасці лёду на вадаёмах і высокай верагоднасці стыхійных «заплываў» падрыхтаваныя лодкі і катэры.

У Мінскай вобласці, па словах Сяргея Патрыкеева, таксама падрыхтаваныя спецыяльныя месцы для таго, каб чалавек мог бяспечна акунуцца ў ваду. Для гэтага арганізаваныя 17 выратавальных аб'ектаў. Чакаецца, што ў Мінскай вобласці прайсці абрад захочуць каля 9 тыс. чалавек.

У Мінску, распавёў Дзмітрый Стаселька, афіцыйныя вадохрышчанскія мерапрыемствы пачнуцца 18 студзеня ў 16.00 на станцыі «Камсамольскае возера» і ў 18.00 – на станцыі «Дразды». Тут месцы для купання асвецяць прадстаўнікі царквы.

Акрамя гэтага, на станцыях «Камсамольскае возера» і «Дразды» будуць абсталяваныя палаткі з ацяпленнем і працаваць гандлёвыя кропкі.

Усяго для купання падрыхтаваныя 8 станцый. Упершыню яны будуць працаваць кругласутачна (18.01.2020 г. – з 16.00 да 24.00 і 19.01.2020 г. – з 00.00 да 24.00).

Памятка для тых, хто плануе акунацца

Памятайце, што пры акунанні ў халодную ваду адбываецца спазм сасудаў, павялічваецца частата сардэчных скарачэнняў, што можа прывесці да даволі сур'ёзных наступстваў для арганізма: парушэнняў сардэчнага рытму, гіпертанічнага крызу, вострага каранарнага сіндрому.

Каму нельга:

  • людзям з хранічнымі сардэчна-сасудзістымі паталогіямі;
  • пры хваробах цэнтральнай нервовай сістэмы;
  • хворым на эпілепсію;
  • калі раней былі выпадкі нават кароткачасовай страты свядомасці;
  • цяжарным жанчынам;
  • сталым людзям з сур'ёзнымі хранічнымі захворваннямі.

Чаго рабіць не варта – даваць нырца з галавой, бо высокая верагоднасць пераахаладжэння і страты прытомнасці. Калі галава ўсё ж такі намокла, неабходна хутка высушыць валасы і надзець шапку.

Як правільна:

  • за некалькі тыдняў да купання пажадана адмовіцца ад алкаголю, бо ён негатыўна ўплывае на сасуды;
  • за некалькі гадзін да акунання ў ваду неабходна добра паесці для забеспячэння арганізма дадатковай энергіяй;
  • перш чым ныраць, трэба як след размяцца;
  • пасля выхаду з вады неабходна старанна выцерціся сухім махровым ручніком і надзець цёплую вопратку, а таксама выпіць гарачага чаю ці гарбаты.

https://bel.24health.by/komu-ne-sleduet-nyryat-v-prorub-rassuzhdaem-vmeste-s-doktorom/

 

Exit mobile version