12.06.2019
12.06.2019

«Гарачыня стаіць за 30, а мне няма калі памыцца...»

logo
Думкі ўслых
0 46
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Так было напісана калісьці да прыкольнага фота ката. З працягам: «Шарык з ночы лёг паспаць, а мне машыну вартаваць!» А прыгадаліся радкі, вядома ж, недарэмна. ГАРАЧЫНЯ!!! ВАДА!!!

Пра гэта зараз усе думкі, праўда?! Вось і майму Чэрвеню ўчора нечакана «адвалілася». Праўда, не ўсяму гораду, а толькі яго частцы.

...Пад’язджаючы да райцэнтра пасля паловы восьмай вечара на маршрутцы, раптам заўважаю цёмную хмару наперадзе. Ого! З Мінска выязджалі – сонца смажыла, як днём. Электроннае табло, пабачанае за Прывольным, паказвала (ці то праўда, ці то не) 29°С у паветры і 42°С (!!!) – на асфальце. І дыхалася, нягледзячы на адчыненае акно ў вадзіцеля і люк у салоне, не праз раз, а нават праз два! Якое ўжо тут здароўе?!

Праўда, вельмі выручаў балончык з тэрмальнай (не блытаць з міцэлярнай!) вадой, які колькі дзён таму сяброўка-каляжанка прадэманстравала, а затым і набыла для мяне. Цудоўная рэч! Асвяжае імгненна, хаця і не на працяглы час. Але прадыхацца, правентыліраваць лёгкія атрымліваецца.

Асцярожна спякота!  Увільгатняем скуру тэрмальнай вадой.

І тым больш дзіўна, што такая рэч была заўважана толькі ў адной гандлёвай сетцы, назва якой ва ўсіх на слыху. І вытворчасці адной вядомай фірмы. У краме іншай сеткі, яшчэ больш вядомай, толькі паціснулі плячыма. Няма, маўляў, такога тавару. І не чулі нават.

А там, дзе тэрмальная вада «водзіцца», чамусьці звычайна стаіць па аднаму балончыку – на акцыі. Хацелі яшчэ ўзяць сабе пра запас, а няма! Шкада... Будзем шукаць...

Як жа я люблю ваду! Ва ўсіх яе праявах! І не толькі ў гарачыню. Моры і акіяны, сажалкі штучныя і натуральныя, азёры і рэкі, крыніцы і фантаны, дождж і раса... Падыходзіць усё! І вось такім спякотным чэрвенем мне вельмі вады не хапае ў Каменнай Горцы, дзе знаходзіцца наша рэдакцыя. Падчас прагулкі па абедзе так дарэчы было б проста пастаяць ля асвяжальнай яе крыніцы! Але вяртаюся ў думках у свой Чэрвень і прыгадваю тое, што пабачыла ўчора.

...Падзівіўшыся на хмару, пераводжу позірк у акно, налева, і бачу... вясёлку! Штосьці нічога не разумею! Асфальт сухі, дажджу няма. Гэта што атрымліваецца??? Спачатку – прыгожая дуга ў сем колераў, як прадчуванне-прадказанне? А затым дождж?! Бачыла такое аднойчы. А пятай раніцы... І нават сфатаграфавала.

Але ўчора – не адгадала! Вось яна, лінія «водападзелу»! Непадалёк ад мясцовага будаўнічага ліцэя. Выразна бачна рыса, дзе заканчваецца сухое і пачынаецца мокрае! Дождж! Асфальт не проста мокры, на ім лужыны! Ну цуд які!!!

Але радавацца напоўніцу не атрымліваецца. Чаму?! Ды засмучае позірк, кінуты налева – на дарогу, якая вядзе да нашай дачы. Там суха! Вось табе і маеш! Сапраўды, «Бог няроўна дзеле...»

Значыць, маім бацькам у будні давядзецца працягваць змагацца за будучы ўраджай, паліваючы соткі ўручную... А я далучуся толькі ў выхадныя... Эх! І зноўку прыгадваецца: «Цяжка свой хлеб здабываў чалавек...»

А наш мікрараён Барыкіна, у прыватнасці, не проста заліло, а месцамі нават падтапіла! Праз лужыны даводзілася шырока крочыць альбо іх пераскокваць. А кантэйнеры для бытавога смецця, мабыць, каб былі пустымі, дык і паплылі б! Ніколі не бачыла, каб яны ў такой лу-у-у-у-ужыне стаялі!

Атрымліваецца, гэтая вада – наша своеасаблівая кампенсацыя?! За амаль месячныя пакуты, калі халодная вада ў кране (гарачай у нас няма, толькі абяцаюць даць са здачай у эксплуатацыю модульнай кацельні) з’яўлялася пасля 23.00, а прыблізна пасля 6.30 знікала. На цэлы дзень і вечар.

Як хочаш мыйся, мый бялізну... І калі ў нас на першым паверсе яна цякла тоненькім струменьчыкам... Калі электраводанагравальнік не ўключыш і блізка – ён страшна сварыцца ўголас і плюецца... Толькі і была магчымасць – нацадзіць каструльку ды падагрэць ваду на газавай пліце... Дык на верхніх паверхах не было і гэтага!

На ўсе шматлікія скаргі нам паціскалі плячыма па тэлефоне і адказвалі, што прычына – у вялікім разборы вады для паліву агародаў. І мы проста маліліся, каб пайшоў дождж! Бо тады хаця б на суткі вада з’явілася б у кранах! Але не чула нашы малітвы нябесная канцылярыя... 21 стагоддзе!!! А мы, як нашы продкі ў 19-ым (толькі з крыху іншай прычыны) маліліся дажджу...

Напрыканцы мінулага тыдня вада быццам бы з’явілася (а пачаліся праблемы яшчэ перад Вялікаднем)... Але пра гэта мы яшчэ кажам асцярожна і шэптам... Каб не сурочыць.

Ужываючы падчас гарачыні звычайную пітную і мінеральную ваду, не адмаўляючыся хаця б раз-два на дзень і ад кавы (так, шкодна, але ж які журналіст без гэтага «наркотыку»?!:)), прыгадваю пітныя фантанчыкі, пабачаныя ў некаторых замежных гарадах. Эх, як нам іх не хапае! Таксама перад вачыма колішняя вандроўка ў Парыж амаль 13 гадоў таму. Якім гарачым тады выдаўся верасень! І калі зусім засмажыла, а свая вада, узятая на экскурсію, скончылася вельмі хутка, давялося купляць мясцовую.

Бутэлечка, у якой змясцілася яе шклянка, каштавала 2 ці 2,5 еўра. Дакладна не памятаю, але штосьці каля гэтага. А куды было падзецца, калі арганізм ужо не мог без вады?! Тут любыя грошы заплаціш. Бо купляем жа мы дахаты шмат гадоў пітную ў вялізных бутлях – хаця б так папіць і для гарбаты. А тая рыжая, якая ідзе ў Чэрвені з крана... Ёю нават мыць белую бялізну страшна, не тое што піць...

На бліжэйшыя дні разам з гарачынёй «за 30» быццам бы зноў абяцаюць дажджы. Чакайма разам! А пакуль... Ратуемся вадой пітной і мінеральнай, халоднай гарбатай без цукру і... балончыкамі з тэрмальнай вадой! Усім – здароўя!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 46

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".