Апошнім часам традыцыйны інстытут сям'і перажывае змены. Пары спрабуюць розныя варыянты. Акрамя даўно вядомага «грамадзянскага шлюбу», усё больш людзей, асабліва ў Мінску, выбіраюць такую форму пражывання, як гасцявы шлюб. Што гэта за з'ява? Пра што кажа яго папулярнасць? Разбіраемся разам з 24health.by.
Свабода разам са штампам
Гасцявы шлюб – такая форма адносінаў, калі муж і жонка афіцыйна рэгіструюць свой статус, аднак пражываюць на розных тэрыторыях, не вядуць сумесную гаспадарку.
Хто выбірае такія адносіны? Часцей за ўсё гэта сталыя асобы ва ўзросце 30-40 гадоў, якія, як правіла, маюць сваё жыллё і звыклы ўклад жыцця, які і не жадаюць мяняць.
Першапачаткова мэтай гасцявога шлюбу заяўляецца імкненне мужа і жонкі захаваць свабоду, не адчуваць кайданоў побыту, пры гэтым маючы сталага партнёра і вечны «цукерачна-букетны» перыяд.
15 «мядовых» гадоў
На Захадзе такая форма адносінаў вельмі папулярная. Двое фінансава незалежных людзей сыходзяцца, пры гэтым не асабліва змяняючы свой уклад жыцця.
Самая вядомая зорная пара, якая жыла ў гасцявым шлюбе 15 гадоў, – гарачая італьянская актрыса Моніка Белучы і харызматычны французскі акцёр Венсан Касель. Моніка магла жыць адначасова ў Рыме і Лондане, у той час як Венсан бавіў час у Парыжы. Прычым ініцыятарам такой формы адносінаў быў не раўнівец Касель, а свабодалюбівая Моніка.
Муж і жонка сустракаліся ў перапынках паміж здымкамі і толькі па агульным жаданні. У саюзе нарадзілася двое дачок. Па словах Монікі, толькі гасцявы шлюб і дапамог зрабіць іх адносіны такімі працяглымі па мерках акцёрскіх сем'яў. Праўда, з часам нават пры наяўнасці вольнага часу Моніка і Венсан не спяшаліся сустракацца, не ведалі сяброў і кола стасункаў адзін аднаго. Нямала было і скандалаў, звязаных з рэўнасцю і падазрэннямі ў здрадах.
Арыгінальны выхад захоўваць сваю асабістую прастору знайшлі і знакаміты рэжысёр Цім Бёртан і яго жонка, актрыса Хелена Бонэм Картэр. Некалькі гадоў яны жылі ў розных дамах, якія злучаў падземны тунэль.
Плюсы гасцявога шлюбу
- Магчымасць быць разам. Калі муж і жонка па тых ці іншых прычынах пражываюць у розных краінах або часова не маюць магчымасці жыць на адной тэрыторыі, такі варыянт можа быць часовым і змякчаць сітуацыю.
- Адсутнасць «бытавухі». Кожная сустрэча нагадвае спатканне каханкаў. Партнёры добра выглядаюць, а непрасаваныя кашулі або раскіданыя шкарпэткі не робяцца падставай для сварак. Кожны жыве так, як яму зручна.
- Незалежнасць, у тым ліку фінансавая. Звычайна на гасцявы шлюб рашаюцца людзі, якія ў стане самастойна сябе забяспечваць. Таму такі саюз нярэдка сапраўды партнёрскі.
- Магчымасць падоўжыць рамантычны перыяд. Муж і жонка паспяваюць засумаваць.
Мінусы гасцявога шлюбу
- Выхаванне дзяцей нераўнамернае. Рана ці позна хтосьці ў пары задумваецца пра нараджэнне дзіцяці. Нярэдка гэта робіцца падставай для сварак. Бо займацца дзіцём у большай ступені давядзецца камусьці аднаму, звычайна маці. Яна можа адчуваць сябе ашуканай. Бо ў мужа працягваецца «свабоднае» жыццё.
- Рэўнасць і здрады. Сама сітуацыя асобнага пражывання правакуе сітуацыі, калі партнёры падазраюць адзін аднаго ў здрадзе. Гэта можа стаць падставай для пастаяннага напружання.
- Адсутнасць належнай блізкасці. Псіхолагі адказваюць, што ў такія саюзы могуць уступаць людзі, якія баяцца па-сапраўднаму наблізіцца да партнёра. Яны асцерагаюцца цалкам адкрывацца і лічаць за лепшае хавацца адзін ад аднаго і дэманстраваць не сябе сапраўднага, а пэўную маску. Але тады гэтыя людзі ніколі не могуць адчуць смак сапраўднай шлюбнай блізкасці.
- Адчуванне непатрэбнасці. Бывае так, што нібыта агульнае рашэнне пра гасцявы шлюб прымае толькі адзін з пары, у той час як другі хацеў бы традыцыйнай сям'і, але ідзе за жаданнямі партнёра. Пры гэтым адчувае сябе не такім ужо патрэбным і каханым.
Ці можа гасцявы шлюб трывала прыжыцца сярод беларусаў? І каму ён больш патрэбны, мужчынам ці жанчынам? Пра гэта мы запыталіся ў нашых экспертаў:
- практыкуючага псіхолага, гештальт-кансультанта, групавога псіхатэрапеўта, праграмнага кіраўніка рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс» Максіма Пылёва;
- практыкуючага псіхолага, гештальт-тэрапеўта, магістра псіхалогіі, спецыяліста па рабоце з сем'ямі Ірыны Сукач.
Меркаванні экспертаў – у нашым відэа.
Адказ на пытанне пра тое, ці заменіць гасцявы шлюб традыцыйны, для нашай краіны хутчэй будзе адмоўным. Але варта прызнаць, што сёння ў трэндзе – уменне быць незалежным і фінансава моцна стаяць на нагах. А гэта значыць, што такія павевы пакінуць свой адбітак і ў адносінах паміж мужчынамі і жанчынамі.
Відэа – Святлана Стахоўская, Генадзь Сукач.