Site icon Слушна

«Гендар-паці» на Палессі. Цяжарнасць і народныя прыкметы беларусаў

Згодна з традыцыйнымі народнымі вераваннямі, нашы продкі верылі, што цяжарная жанчына знаходзіцца ў памежным стане – паміж жыццём і смерцю, гэтым і тым светам, што такая жанчына нясе небяспеку як для асобнага чалавека, так і для ўсёй грамады.

Таму да цяжарнай жанчыны ўсе навакольныя людзі ставіліся з апаскай. Лічылі, што яна, апроч сваёй душы, насіла яшчэ і душу ненароджанага дзіцяці. І невядома, што гэтая душа здольная была ўчыніць людзям…

Ні хроснай, ні дружкай…

Разам з тым, цяжарная жанчына і сама заставалася безабароннай перад усялякімі забабонамі і сурокамі. Каб не нашкодзілі цяжарнай, яе з першых дзён намагаліся схаваць ад чужых вачэй. Відаць таму ў гэты перыяд цяжарнай жанчыне не прапаноўвалі быць кумой, бо, калі яна стане хроснай, яе будучы дзіцёнак ці хрэснік не выжывуць. Таксама такой жанчыне забаранялася быць сваццяй або дружкай на вяселлі.

Тым не менш, паводле іншых забабонаў, заўсёды стараліся выконваць усе жаданні будучай парадзіхі. Паводле павер’яў, чалавек, які адмовіць у якой-небудзь просьбе цяжарнай жанчыне, страціць грошы, яго напаткае няўдача. Верылі, калі цяжарная жанчына прыйдзе чаго-небудзь пазычыць, а там таго няма, то трэба за ёй услед кінуць кавалачак хлеба. А калі нічога не даць, то ў той хаце мышы згрызуць каштоўныя рэчы. Самой жа цяжарнай нельга было нічога пазычаць, бо тады дзіця будзе жыць у беднасці.

Дазнацца пра пол дзіцяці без УГД

 На Палессі лічылі, калі над чыёй-небудзь хатай лётае і крычыць сава, там зацяжарыла жанчына. Цяжарнай сніліся і прарочыя сны. Калі яшчэ няма пэўных прыкметаў цяжарнасці, а між тым яна ўжо распачалася, жанчына бачыць у сне ракаў, дробных звяроў, птушак і асабліва голых, сляпых шчанюкоў, кацянятаў, мышанятаў ды інш. Віскат котак і асабліва валтузня іх каля сцяны, дзе спіць маладая жанчына, прадказваюць, што яна “панясла”. Таксама, калі жанчына бачыць ува сне вераб’я ці жаваранка – верлі, што яна неўзабаве зацяжарыць.

Прадказанні наконт пола будучага дзіцёнка былі звязаны з уяўленнем: падобнае выклікае падобнае. Лічылі, калі на свята ў хату, дзе знаходзілася цяжарная, першым зойдзе мужчына, то ў яе народзіцца сын, калі жанчына – дачка. Калі цяжарная бачыла ўва сне, што ловіць пеўня ці ката, чакалі нараджэння хлопчыка, калі курыцу або котку – дзяўчынкі. Пры першым варушэнні плода ў правым баку прадказвалі нараджэнне хлопчыка, калі ў левым – дзяўчынкі. Чысты твар цяжарнай, яе яркія і чырвоныя шчокі, пукаты жывот сведчылі пра нараджэнне хлопчыка. Твар у плямах, бледны, а жывот пляскаты – дзяўчынкі. Калі ў цяжарнай былі вяснушкі, то мелі пэўнасць – будзе дзевачка, а калі на твары нічога не змянілася – хлопчык.

Калі хацелі даведацца, хто народзіцца, то раптам казалі цяжарнай: “Чаму рукі брудныя?” Тая спалохана выпроствала перад сабой рукі: калі далонямі ўгору, то гэта прадказвала нараджэнне дзяўчынкі, а калі долу – то хлопчыка. Калі хацелі, каб нарадзілася дзяўчынка, пад падушку жанчыне клалі грэбень, а калі хлопца – то сякеру. Калі цяжарнай прысніцца або шчупак, або певень ці бусел, то ў яе народзіцца сын.

Тым не менш, цяжарнай трэба было асцерагацца, каб выпадкова не апрануць адзежу і бялізну навыварат, каб не ўскласці на сябе мужчынскае адзенне. Гэта, згодна з народнымі вераваннямі, магло выклікаць двуполасць дзіцяці. Каб дзіцё не стала калекам і ў яго не было няпарных частак цела, цяжарнай раілі на ўсялякія ўрачыстасці, асабліва на вяселлі, надзяваць па магчымасці парную колькасць усялякай вопраткі. Напрыклад, дзве кашулі, дзве спадніцы, два паясы, дзве хусткі…

Для таго, каб скура ў дзіцёнка была белай, як малако, цяжарнай раілі піць шмат малака. А для румянасці твару будучага дзіцяці цяжарная павінна была есці чырвоныя ягады – журавіны або суніцы.

Не пляваць, не працаваць ды іншыя табу для цяжарнай

Паводле меркавання беларусаў мінулага, задоўга да родаў цяжарная жанчына павінна была шмат чаго асцерагацца ў жыцці. Калі такія жанчыны ішлі на рэчку паласкаць бялізну, то забаранялася круціць яе ў вадзе, у адваротным выпадку дзіцёнак народзіцца непаўнавартасным або ў яго закруціцца пупавіна. Апроч таго, шырока былі распаўсюджаны забароны цяжарным пераступаць вяроўкі, ніткі, вязкі лёну і каноплі. Лічылі, што ў дзіцяці з-за гэтага ў матчыным чэраве будзе “сцінацца дух”, а пры нараджэнні яно можа задушыцца ці на шыйцы застанецца шнар, нібы ад парэзу. Цяжарнай жанчыне нельга было ў святы секчы нічога сякерай, бо ў дзіцяці губа будзе рассечаная, асабліва, калі секчы на парозе.

Таксама цяжарнай нельга было прыглядацца да кульгавых, сляпых, сухарукіх і наогул калек, а таксама на карузлікаў і веліканаў, як сярод людзей, гэтак і сярод жывёл. Калі тое ці іншае зрабіла на яе моцнае ўражанне, дзіця магло нарадзіцца і на ўсё жыццё застацца з тымі самымі заганамі. Цяжарная не павінна была перадражніваць картавага, заікі, нямога, гугнявага і шапялявага, і нават жывёл, імітуючы сабачы брэх, муркатанне коткі, мыканне каровы ды інш. Лічылі, што дзіця тады займее ў голасе такія ж дэфекты, з якіх кпіла маці. Тое самае тычылася і пераймання рухаў – кульгаць, віхляцца, прыжмурвацца, крывіць вусны, горбіцца ды інш.

Забаранялася хадзіць на пахаванне, бо казалі, што дзіця будзе шмат хварэць. Калі ж цяжарнай даводзілася гэта рабіць, яна, каб не сталася благога, прывязвала да пояса чырвоную стужку ці павязвала галаву чырвонай хусткаю. Калі цяжарная жанчына бачыла агонь або пажар, нельга было дакранацца да цела або твару. Лічылі, што там, дзе яна дакранаецца, у дзіцёнка будзе радзімая пляма. Нельга садзіцца на камень – плод скамянее; стаяць на парозе – будуць цяжкія роды; пераступаць вострыя прадметы – выкідыш; станавіцца на што крывое, на палку ці дугу – тады немаўля можа нарадзіцца гарбатым або быць з адной карацейшай нагой.

Нельга цяжарнай і яе мужу працаваць у святы – дзіця будзе хварэць. Калі набіраеш ваду ў калодзежы, нельга было адліваць яе назад у калодзеж – будуць слінкі ў дзіцёнка цячы, і з носу пацячэ таксама.

Цяжарным забаранялі біць хатнюю жывёлу, бо тады дзіця вырасце забойцам. Таксама нельга было глядзець, як забіваюць жывёл – у дзіцяці надарыцца “радзімчык”. Калі цяжарная ўбачыць памерлую і ўжо засмярдзелую жывёлу, то нельга было пляваць, бо ў дзіцяці будзе смярдзець з рота. Разам з тым, будучая парадзіха не павінна была лашчыць котак і сабак, бо дзіця будзе нямым ці доўга не зможа гаварыць.

Цяжарнай нельга было ляжаць так, каб на яе свяціла святло месяца, інакш дзіця народзіцца лунацікам. Цяжарнай кабеце не можна было есці таго блінца, які прыгарэў на патэльні, бо інакш народзіцца дзіця з прырослым языком. Увогуле цяжарнай забаранялася есці з чыгунка ці патэльні, бо тады дзіця можа народзіцца з чорным тварам. Цяжарнай нельга было падоўгу глядзець у люстэрка або ў ваду— дзіцёнак народзіцца касавокім; стрыгчы валасы, бо розум у малога будзе кароткі.

Лічылі, што дзіця не будзе баяцца сурокаў, калі цяжарная заўжды носіць фартух.

Каб не справакаваць цяжкія роды, не дазвалялася ані зашываць на сабе адзежы і бялізны, ані прышываць на сабе гузік. Падобная забарона тычылася нават усіх сямейнікаў. А каб жыццё будучага дзіцяці было доўгім, цяжарныя заўсёды насілі доўгія спадніцы.

Няўжыўчывы характар цяжарнай, яе схільнасць да лаянкі могуць выклікаць у будучым разнастайныя хваробы дзіцяці: бяссонніцу, заіканне, калецтва і нават смерць. Нават муж цяжарнай павінен быў асцерагацца, каб не сказаць дурнога слова ў ліхі час.

А каб не было дзяцей…

Часам здаралася, што жанчына хацела застацца бяздзетнай, то тады, ідучы пад вянец, яна пад пахай трымала замок, або брала з сабой змяіную скуру ці крыло кажана. На Падзвінні, калі нявеста планавала часовае бясплоддзе, у час вянчання за пояс падкладвала столькі пальцаў колькі гадоў хацела застацца бяздзетнай. Калі маладая жанчына тройчы прасуне праз галаву зверху на ніз толькі што зняты з каня хамут, то на працягу года не зацяжарыць.

Жанчына, якая ўжо мела дзяцей і больш не хацела нараджаць, адразу пасля родаў прасіла бабку-павітуху пераслаць пасцель на другі бок. Па другому спосабу жанчына ў лазні ліла на печ-каменку ваду, у якой мыла кашулю “пасля кровей”. Гэта лічылі абразай вогненнай стыхіі, і тая карала бясплоднасцю.

Адносіны да цяжарных жанчын у старажытнай Беларусі. Традыцыі і абрады

Exit mobile version