Site icon Слушна

Гепатыту – не! 28 ліпеня – Сусветны дзень барацьбы з гепатытам

На працягу апошніх 10 гадоў дата 28 ліпеня адзначана сусветнай супольнасцю, як Сусветны дзень барацьбы з гепатытам. Вірусныя гепатыты – гэта група інфекцыйных захворванняў, якія паражаюць печань. Гепатыты В і С з'яўляюцца найбольш небяспечнымі з-за высокай рызыкі развіцця такіх цяжкіх ускладненняў, як цыроз і рак печані. Паводле ацэнак спецыялістаў, менавіта гэтыя захворванні ўваходзяць у дзесятку асноўных прычын смяротнасці ў свеце.

Мерапрыемствы, якія прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы з гепатытам, закліканы прыцягнуць увагу грамадства да гэтай актуальнай праблемы, павысіць дасведчанасць людзей наконт спосабаў перадачы віруса, метадах лячэння і прафілактыцы захворванняў печані і, тым самым, прадухіліць распаўсюджанне інфекцыі. Менавіта пра гэта ішла гаворка на сустрэчы з журналістамі вядучых спецыялістаў Беларусі ў галіне інфекцыйных захворванняў. У ёй прынялі ўдзел намеснік галоўнага ўрача Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы г. Мінска, галоўны пазаштатны спецыяліст па аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з ВІЧ-інфекцыяй Міністэрства аховы здароўя Алег Скрыпко і дацэнт кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ Святлана Лукашык.

Цяпер у Беларусі ад гепатыту С, найбольш агрэсіўнага захворвання з групы вірусных гепатытаў, пакутуюць каля 30-33 тысяч чалавек. На працягу многіх гадоў гэтая лічба застаецца стабільнай, што кажа пра магчымасці трымаць распаўсюджванне інфекцыі пад кантролем. У той жа час штогод дыягнастуецца прыкладна 3 тысячы новых выпадкаў захворвання за кошт адладжанага механізму скрынінга.

 
Святлана Лукашык
Дацэнт кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ, к.м.н.
З моманту адкрыцця віруса гепатыту С увесь свет, у тым ліку і Беларусь, прайшоў нялёгкі шлях ад вывучэння механізмаў цячэння хваробы да пошуку метадаў эфектыўнай тэрапіі дадзенага захворвання. Дзякуючы намаганням СААЗ, медыцынскіх службаў у кожнай канкрэтнай дзяржаве, мы зараз знаходзімся на досыць высокім узроўні ў лячэнні і прафілактыцы захворвання. З канца 2014 года з'явіліся новыя таблетаваныя прэпараты, якія называюцца прэпаратамі прамога супрацьвіруснага дзеяння. У залежнасці ад стадыі працэсу, іх эфектыўнасць ранжыруецца ад 96 да 100%. Пры гэтым яны выклікаюць меншую колькасць пабочных эфектаў, патрабуюць меншай працягласці лячэння і лепш пераносяцца пацыентамі.

У 2015 годзе СААЗ аб'явіла пра пачатак праграмы па ліквідацыі віруснага гепатыту як такога да 2030 года. Да гэтай праграмы далучылася і Беларусь. Улічваючы той факт, што вірусныя гепатыты - гэта прагрэсуючыя захворванні, якія на пэўных этапах прыводзяць да фарміравання цырозу печані і рака печані, асноўная задача заключаецца ў ранняй дыягностыцы хваробы і прафілактыцы развіцця ўскладненняў

У першую чаргу важна згадаць пра вакцынацыю ад віруснага гепатыту В, якая праводзіцца нованароджаным у радзільным доме ў першыя гадзіны жыцця. Дзякуючы гэтаму колькасць пацыентаў з вострым гепатытам В вельмі нізкая і ёсць усе падставы меркаваць, што хвароба будзе цалкам узятая пад кантроль.

Што тычыцца віруснага гепатыту С, вакцыны супраць яго не існуе. Але тут на першы план выходзяць скрынінгавыя абследаванні і тая тэрапеўтычная дапамога, якая на сёння прадастаўляецца пацыентам нашай дзяржавай і якая ў перспектыве будзе пашырана.

Па словах Святланы Лукашык, абавязковаму тэсціраванню на парэнтэральныя вірусныя гепатыты падлягаюць, незалежна ад наяўнасці або адсутнасці клінічных праяў:

  • цяжарныя жанчыны;
  • прызыўнікі для службы ў войску;
  • пацыенты, якія маюць хаця б найменшыя змены ў печані, выяўленыя пры абследаваннях (павелічэнне печані пры ўгд, змены ў біяхімічным аналізе крыві, якія характарызуюць запаленчы працэс у печані і г.д.);
  • пацыенты, якія ўжываюць наркотыкі;
  • пацыенты, якія маюць так званую каінфекцыю, у першую чаргу гаворка пра ВІЧ-інфіцыраваных.

Што да лячэння, як адзначылі спецыялісты, у Беларусі дзейнічае праграма па аказанні бясплатнай тэрапеўтычнай дапамогі тым пацыентам, якія маюць патрэбу ў ёй у першую чаргу і ў якіх развіццё захворвання мае высокую рызыку пераходу ў дэкампенсаваную форму. Да іх адносяцца людзі:

  • з прасунутай стадыяй фіброзу печані;
  • з пачатковай або прасунутай стадыяй цырозу печані;
  • якія падлягаюць трансплантацыі солідных органаў альбо перанеслі падобную аперацыю, але вірус у арганізме па-ранейшаму прысутнічае;
  • у якіх вірус размножваецца не толькі ў тканках печані, але і ў клетках крыві;
  • з ВІЧ-інфекцыяй і гепатытам В;
  • лячэнне якіх заяўлена, як прафілактыка.
Алег Скрыпко
Намеснік галоўнага ўрача Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы г. Мінска, галоўны пазаштатны спецыяліст па аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з ВІЧ-інфекцыяй Міністэрства аховы здароўя
Варта адзначыць, што да гэтага часу лячэнне хранічных вірусных гепатытаў (у прыватнасці, гепатыту С) у дарослых у праграму прызначэння бясплатнай тэрапіі не ўваходзіла. Аднак, са студзеня 2018 года, улічваючы з'яўленне на фармацэўтычным рынку прэпаратаў беларускай вытворчасці, было прынята рашэнне аб правядзенні, так скажам, пілотнай праграмы бясплатнага лячэння хранічнай формы віруснага гепатыту С у дарослых. Было закуплена лекавых сродкаў на неабходны курс лячэння 2 тысяч чалавек. Цяпер тэрапію прайшлі 1574 человек (звязана гэта з тым, што некаторым пацыентам патрабуецца не стандартны 12-тыднёвы курс лячэння, а 24-тыднёвы). Эфектыўнасць тэрапіі перавысіла 95%.

Улічваючы высокія станоўчыя вынікі, Міністэрства аховы здароўя прыняло рашэнне пра набыццё прэпаратаў для лячэння яшчэ 6 тысяч чалавек. У перспектыве разглядаецца забеспячэнне бясплатнымі лекавымі сродкамі ўсіх, хто мае патрэбу, з хранічнай формай віруснага гепатыту С.

Алег Скрыпко
Намеснік галоўнага ўрача Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы г. Мінска, галоўны пазаштатны спецыяліст па аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з ВІЧ-інфекцыяй Міністэрства аховы здароўя
І, вядома, наша агульная галоўная мэта – элімінацыя інфекцыі ў РБ ці, па меншай меры, давядзенне яе да адзінкавых выпадкаў. Мы да гэтага будзем імкнуцца.

Важна ведаць:

Шляхі заражэння віруснымі гепатытамі В і С практычна ідэнтычныя шляхам заражэння ВІЧ:

  • палавы шлях;
  • выкарыстанне адной іголкі рознымі людзьмі. Больш за 90% спажыўцоў ін'екцыйных наркотыкаў інфікаваныя вірусам гепатыту С;
  • медыцынскае заражэнне (пераліванне крыві).

У Беларусі пераважаюць два першыя спосабы перадачы віруса.

Exit mobile version