«У мяне гіперактыўнае дзіця». 8 мамаў з 10 менавіта так, не задумваючыся, ахарактарызуюць тэмперамент свайго дзіцяці. Не без гонару, але з адценнем лёгкай стомленасці ў голасе.
Няшмат знойдзецца дарослых, якім празмерная дзіцячая актыўнасць даецца лёгка. Нават калі гаворка ідзе пра дзетак любімых. Што ж да чужых, дык за сваю няздольнасць трымаць рот на замку, гадзінамі захоплена складаць каляровую мазаіку і за патрэбу ў пастаянным руху ў іх заўсёды ёсць рызыка праславіцца нявыхаванымі, непаслухмянымі і разбэшчанымі дзецьмі. Словам, гіперактыўнымі, без усялякага гонару.
Што такое гіперактыўнасць? Ці можна апраўдаць ёю няўрымслівы тэмперамент маленькага непаседы і ці трэба нешта з гэтым рабіць? Дзе праходзіць тонкая мяжа паміж індывідуальнымі асаблівасцямі, агрэхамі ў выхаванні і сімптомам паводніцкага расстройства, пры якім ужо патрэбна старонняя дапамога? Разабрацца ў складаных нюансах журналісту «Слушна» дапамагла асістэнт кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА Аліса Кудлач.
Узрост непаслушэнства
Кажучы простай мовай, нервовыя клеткі і іх злучэнні ў арганізме дарослага чалавека пакрытыя тоўстай ізаляцыйнай абалонкай. У дзяцей гэтая ізаляцыя з прычыны нясталасці нервовай сістэмы тонкая. Акрамя таго, клеткі размешчаныя вельмі блізка адна да аднай, усе імпульсы праходзяць надзвычай хутка, працэсы ўзбуджэння ў цэлым пераважаюць над працэсамі тармажэння. У рэальным жыцці менавіта гэтым шмат у чым тлумачыцца здольнасць дзяцей заставацца актыўнымі нават тады, калі дарослы будзе ў стане выціснутага лімона.
Па меры сталення дзіцяці нервовая сістэма з кожным годам паступова становіцца ўсё больш сталай і моцнай. Але канчатковае яе выспяванне адбываецца толькі да 18-22 гадоў.
Яблык ад яблыні
Акрамя таго, успрыманне празмернай актыўнасці, гіперактыўнасці вельмі індывідуальнае, падкрэслівае эксперт. Тут шмат што залежыць ад нормаў паводзінаў, традыцый, асноў і поглядаў таго мікрасоцыуму, у якім жыве і выхоўваецца дзіця. Калі ў пэўнай сям'і ці субкультуры не лічыцца ганебным перабіваць адзін аднаго, дапускаецца свабода дзеянняў і рухаў, не зважаючы на абставіны і час, адсутнічае рэжым дня і г.д., дык дзіця з маленства будзе ўспрымаць гэтую мадэль паводзінаў як норму. У той жа час гэтая норма будзе непрымальная для членаў іншай сям'і, дзе жыццё падпарадкоўваецца выразнаму распарадку, выбудаваная строгая сямейная іерархія, а дзіцячае непаслушэнства недапушчальнае. Пры перасячэнні, умоўна кажучы, гэтых дзвюх сем'яў у соцыуме канфрантацыя непазбежная.
Нядзіўна, што пытанне пра гіперактыўнасць дзіцяці як пра паводніцкае расстройства, якое не ўкладваецца ў рамкі агульнапрынятых нормаў, упершыню ўзнікае, як правіла, да 4-гадовага ўзросту і дасягае свайго піку ў 7-9 гадоў.
Іншая справа, кажа Аліса Кудлач, калі дзіця аб'ектыўна не здольнае засвоіць агульнапрынятыя нормы, а яго стан гіперактыўнасці, павышанай узбудлівасці, празмерная імпульсіўнасць, няўважлівасць не даюць яму ўліцца ў калектыў, наладзіць камунікацыю, абцяжарваюць працэс навучання і выклікаюць, як правіла, негатыўныя эмоцыі і абурэнне. У гэтым выпадку гаворка можа ісці пра паталогію. У прыватнасці, пра СДУГ – сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці.
Гіперактыўнасць як сіндром
Па міжнароднай класіфікацыі хвароб СДУГ адносіцца да псіхіятрычнай паталогіі. Найбольш часта сустракаецца менавіта такі спалучальны варыянт сіндрому дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці. Радзей ізаляваныя сіндром гіперактыўнасці (СГ) і сіндром дэфіцыту ўвагі (СДУ).
СДУГ звязаны з асаблівасцямі метабалізму ў нервовай сістэме дзіцяці. Пад уздзеяннем пэўных прычын парушаецца выпрацоўка і засваенне рэчываў, якія даюць магчымасць нервовай сістэме адэкватна ўспрымаць, перапрацоўваць, аналізаваць і ў канчатковым выніку рэагаваць на розныя раздражняльнікі.
Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што па меры выспявання нервовай сістэмы і развіцця лобных доляў галаўнога мозгу, якія адказваюць за матывацыю, кантроль, самакантроль, дзеці з лёгкай або ўмеранай ступенню СДУГ «перарастаюць» сіндром без усялякага ўмяшання звонку і становяцца звычайнымі дарослымі. Раней і зусім лічылася, што СДУГ – выключна дзіцячая паталогія.
Аднак усё больш навуковых даследаванняў кажа пра тое, што кожны трэці выпадак сіндрому дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці без неабходнай карэкцыі ў раннім узросце захоўваецца і ў дарослым жыцці.
Больш за тое, вельмі моцна яго ўскладняе. Вырастаючы, людзі са СДУГ часта пакутуюць ад немагчымасці пабудаваць і захаваць сям'ю, адчуваюць праблемы з працаўладкаваннем, не ўмеюць наладзіць сяброўскія і прыяцельскія адносіны. Апошнія даследаванні заходніх вучоных паказваюць на тое, што сярод людзей, залежных ад алкаголю і наркотыкаў, схільных да крымінальнай дзейнасці, вельмі высокі працэнт тых, хто ў дзяцінстве пакутаваў ад СДУГ, але пры гэтым не атрымаў неабходнай псіхолага-педагагічнай і медыкаментознай падтрымкі.
Пра тое, якія прыкметы з'яўляюцца адметнымі для сапраўднага сіндрому дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці, як праходзіць дыягностыка паводніцкага расстройства і чым можна дапамагчы свайму дзіцяці, мы раскажам у наступных публікацыях.