Гэтая жанчына была загадкавай кнігай для ўсёй культуры Беларусі. Яй мастацкі талент, інтэлегентная падача проста ўражвалі суразмоўцаў і гледачоў. Яе любілі, крытыкавалі, паважалі, ёй зайздросцілі. Якой была знакамітая мастачка Нінэль Шчасная, і чаму менавіта ёй хацелі пазіраваць знакамітыя людзі, раскажам у гэтым матэрыяле.
Сёлета, 25 кастрычніка, споўнілася 90 год з дня нараджэння Нінэль Іванаўны. Яна была аўтарам многіх вядомых манументальных твораў. Маляўнічым работам мастачкі ўласцівая высокая паэзія і глыбіня. Яе бытавая карціна «У лазні» ўспрымаецца як філасофскі погляд на незваротнасць і кругазварот чалавечага жыцця. Дзіцё, дзяўчына, квітнеючая маладая жанчына, сталая жанчына і згорбленая старая — гэта жыццё ў яе вечным і няўлоўным руху і абнаўленні. Кампазіцыя і дзіўная тэхніка жывапісу таксама працуе на гэтую ідэю.
У Нінэль Шчаснай усё было сапраўдным. Сустрэчы са Львом Гумілёвым — сынам Ахматавай і Гумілёва. Сяброўства з Вазнясенскім, Распуціным, Астаф'евым, Еўтушэнкам і іншымі не менш знакавымі творцамі свайго часу. Песні, якія гучалі з эстрады ў выкананні Лешчанкі і Талкуновай, але напісаныя спецыяльна для яе... Шчаснай пазіравалі Іван Шамякін, Андрэй Макаёнак, Іван Мележ, Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, яе майстэрства высока цаніў Барыс Забораў.
Ды і іншыя калегі–мужчины прызнавалі ў ёй годнага канкурэнта.
Нарадзілася мастачка ў Полацку ў сям’і настаўнікаў. Бацькі яе выкладалі беларускую мову і літаратуру. У 1946 г. сям’я пераехала ў зруйнаваны Мінск. У 1949 г. пасля заканчэння сямігодкі па парадзе мастака Сяргея Каткова дзяўчына паступіла ў Мінскае мастацкае вучылішча. Вучобу працягвала ў Ленінградскім інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна на факультэце жывапісу, які скончыла ў 1961 г.
Пачала свой творчы шлях Нінэль Іванаўна далёка ад радзімы — у Сярэдняй Азіі. Там яна афармляла інтэр’еры сучасных пабудоў, рэстаўрыравала помнікі дойлідства. Аднак талент мастачкі найлепш раскрыўся, калі яна вярнулася на радзіму. Аўтар працавала ў жанры карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта, а таксама ў галіне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, у станковай і кніжнай графіцы. Асноўнае месца ў творчасці мастачкі займае ўзаемадзеянне чалавека з навакольным асяроддзем, прыродай, космасам. Яе творчасці ўласцівы мяккасць і лірызм светаадчування, экспрэсіўная тэхніка, арыгінальнасць колеравых вырашэнняў.
Нінэль Шчасная аформіла больш за 30 кніг – «Калінавая рукавічка» А. Васілевіч, «Матрёшкины сказки» І. Бурсава, «Рыжая палянка» Д. Бічэль-Загнетавай, «Крылы» М. Хведаровіча, «Птушка сінязорка» Г. Дзмітрыева, «Заручыны» П. Макаля, «Пра дзеда Аяяй і бабку Оёёй» А. Лойкі і інш.
Яна заснавала новы від жывапісу на шкловалакне, стала распрацоўшчыкам унікальных вітражоў. Сярод самых вядомых кампазіцый – «Вада», «Неба», «Агонь», «Зямля» (1972–1978), трыпціхі «Птушкі ў садзе», «Птушкі ў небе» (1981–1982). Адзінаццаць прасторавых кампазіцый уключаны ў Дзяржаўны рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і ахоўваюцца дзяржавай.
Работам мастачкі ўласцівы экспрэсіўная тэхніка, арыгінальнасць колеравых вырашэнняў. Многія з твораў знаходзяцца ў музеях, галерэях, прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой. У 2001 годзе быў надрукаваны альбом Н. Шчаснай «Искры моей жизни», які змясціў больш за 300 твораў.
Зараз у залах Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адкрылася выстаўка, прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння Нінэль Іванаўны. На ёй прадстаўлены жывапісныя і графічныя творы мастачкі са збору Полацкага музея-запаведніка. Творчасць мастачкі асабліва шануецца палачанамі, бо нарадзілася мастачка ў Полацку і ўсё яе жыццё звязана з родным горадам. У межах экспазіцыі прадстаўлены партрэт Ф. Скарыны, выява святой Еўфрасінні Полацкай, а таксама два аўтапартрэты, выкананыя аўтарам ў тэхніцы літаграфіі пад назвай «Папараць-кветка» і «Дзьмухавец».
Паступала ў медыцынскі, а стала народнай артысткай. Старонкі жыцця Соф’і Друкер