Чалавека здаўна заварожвалі тры рэчы: агонь, які гарыць, вада, якая бяжыць, і аблокі, што плывуць па небе. І колькі б гадоў ні прамінула, гэтыя назіранні ніколі не надакучваюць. Але калі агонь і вада не заўсёды знаходзяцца, так бы мовіць, у зоне доступу, дык аблокі – вось яны! Толькі галаву ўзнімі – і часцяком іх згледзіш на небе. А сёння для гэтага і нагода добрая ёсць – Дзень воблачных сланоў! 🙂
Ну прызнайцеся, што практычна кожны з нас любіць назіраць за небам. Начным і зорным, месячным. Пагрозлівым, з маланкамі, якія працінаюць хмары наскрозь. Пахмурным, са снегам ці дажджом. Ясным і блакітным, у белых аблоках. І не толькі ў дзяцінстве, але ўжо і ў дарослым жыцці кожны можа раптоўна ўгледзець у небе… слана!
І гэтае відовішча не проста заварожвае, а быццам адчыняе якіясьці таямнічыя дзверы ў душы, адкуль ліюцца хвалі прыемнасці, святла, цеплыні, роздуму, развагаў… Для мяне сапраўдным адкрыццём было даведацца, што псіхолагі сузіранне аблокаў на небе параўноўваюць… з псіхатэрапеўтычным сеансам! Ну, і карысць непасрэдна для вачэй і зроку ніхто ж не адмяняў…
Аказваецца, калі мы разглядаем у небе аблокі, дык нашыя вочы робяць вельмі шмат рухаў – дакладна такіх жа, як і падчас фазы сну. А значыць, паралельна адбываецца ўнутраная перапрацоўка падсвядомых вобразаў.
Гэты метад у свой час адкрыла Фрэнсін Шапіра. Па-беларуску яго назва гучыць так: дэсенсібілізацыя пасродкам руху вачэй (ДПРВ). Пра яго ў матэрыяле «Як прыйсці ў сябе пасля ШВЛ. Адказваюць псіхатэрапеўт і рэаніматолаг» сярод іншага ўзгадвала журналіст Ганна Кручкова. А наш відэааператар Андрэй Васкрасенскі зняў з гештальт-тэрапеўтам Васілінай Данілавай відэа пра гэты метад у дзеянні.
Але ж не кожны з нас збярэцца да псіхатэрапеўта, праўда?! А тут любуйся аблокамі ды аднаўляйся!
З дапамогай метаду ДПРВ, як сцвярджаюць спецыялісты, можна пазбавіцца ад страху, наступстваў траўмаў, трывожнасці, негатыўных адносінаў да жыцця. А самастойна назіраючы за аблокамі і ў гэты ж час думаючы аб праблеме, можна зняць псіхалагічнае напружанне і нават паменшыць праявы дэпрэсіі.
Што тычыцца апошняй, дык у рэальным жыцці людзі найчасцей альбо злоўжываюць гэтым тэрмінам, альбо не хочуць нават услых вымаўляць яго, як бы ні было блага. Я адношуся да апошніх. А вы? 🙂
… Напярэдадні свята перапісваюся з суседкай па пад’ездзе, з якой разам змагаемся звычайна за ацяпленне і гарачую ваду, якіх нашаму пад’езду шмат гадоў у ацяпляльны сезон не дастаецца ў поўным аб’ёме. Апошнім часам я ў выпадку чарговага касяку пішу заяўку, а суседка тэлефануе на гарачы нумар. Такое ў нас раздзяленне.
Зрабіўшы ёй кароткую справаздачу, дасылаю паведамленне ў вайбер. І атрымліваю ў адказ: «Нікуды не хачу званіць, я ў дэпрэсіі». Пытаюся: «Штосьці здарылася ці так проста?» – «Не, так...» А я вось услых і слова б гэтае не вымавіла б…
А вось цяпер параю сваёй суседцы: «Калі накатвае такі настрой, назірай за аблокамі…» 🙂 Ведаю-ведаю, што зараз многія скажуць! «Каб усе праблемы так лёгка вырашаліся…» Але чаму б і не паспрабаваць?! А няхай хаця б калі-небудзь – лёгка… 🙂
Удосталь налюбаваўшыся на аблокі, настроіўшыся на пазітыў, думаем пра здаровы лад жыцця і ў тым ліку – пра здаровае харчаванне. Вы ўжо здагадаліся, што і для гэтага ёсць нагода?! Так, Дзень дыетолага. У вас ёсць знаёмыя ўрачы-дыетолагі? Павіншуйце іх сёння!
Пры нашым маларухомым ладзе жыцця, які нечакана напаткаў нас яшчэ і сувязі з пандэміяй каранавіруса, правільнае харчаванне – проста жыццёвая неабходнасць. Праўда, задумаваемся мы над гэтым нячаста. І найперш тады, калі не ўлазім у любімую спадніцу, сукенку…
У лепшым выпадку ліхаманкава кідаемся, фігуральна кажучы, «качаць жалеза». І дужа здзіўляемся, што пры такіх фізічных нагрузках вынікі не тыя, якія хацелася б бачыць. А цяпер жа ўсё часцей і часцей гучыць: без правільнага харчавання цела мары не пабудуеш…
Ды нават калі і не зусім мары! Каб не выпіраў жывот, каб не звісала з бакоў… Эх! 🙁
Вясна сапраўдная – у нас наперадзе. А значыць, час абуджацца ад зімовай спячкі надышоў яшчэ ўчора. Таму любуемся аблокамі, настройваемся на пазітыў і… Ямо карыснае! Здароўя ўсім!