Цікавы, эксцэнтрычны, глыбокі... Менавіта так можна ахарактэрызаваць знакамітага мастака Аляксндра Пашкевіча, творчасць якога немагчыма назваць традыцыйнай альбо простай.
27 сакавіка ў Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва адбылося адкрыццё персанальнай выставўкі жывапісу і графікі «АДЛЮСТРАВАННЕ» сябра Беларускага саюза мастакоў Аляксандра Пашкевіча, прысвечанай 50-годдзю творчай дзейнасці аўтара.
На выстаўцы прадстаўлена больш за 60 графічных і жывапісных работ мастака. Экспазіцыю складаюць творы з асабістай калекцыі аўтара і з фондаў Мінскага абласнога краязнаўчага музея.
Праект атрымаў сваю назву дзякуючы адлюстраванню спектра эмоцый аўтара: думак, пачуццяў, светапоглядаў, нават адлюстраванне цэлага сусвету навокал і не менш насычанага, складанага сусвету ўнутры чалавека.
Эмоцыі і разважанні аўтара транслююць у асноўным не сюжэты, а багатыя, вельмі выразная каларыстыка, формы і аднолькава захапляючая дынаміка альбо статычнасць.
Карціны абстрактнага накірунку быццам бы маюць нейкую чароўную асаблівасць — чым больш глядзіш на іх, тым складаней адарвацца.
Формы, узоры, геаметрычныя лініі, тэкстуры і смелыя яркія колеры падкрэсліваюць настрой і пачуцці аўтара. Аляксандр Пашкевіч літаральна «счытвае» свет па-свойму, праз гаму ўласных адчуванняў.
Вельмі цікава звярнуць увагу на тое, якія розныя творы ў Аляксандра Пашкевіча. Адны – дакладная геаметрыя і лакальныя колеры, іншыя – пяшчотная дымка такіх знаёмых і родных беларускіх пейзажаў. Магчыма, менавіта ў гэтым можна ўбачыць адлюстраванне і кожнага з нас, бо ў розныя моманты жыцця мы адчуваем сабе моцнымі ці няўпэўненымі, прагматыкамі ці летуценнікамі, разумнымі дарослымі ці непаслухмянымі дзецьмі.
Уражвае, таксама, і часовы дыяпазон прадстаўленых работ. Экспазіцыя дае магчымасць прасачыць шлях мастака ад пачатку 70-х гадоў да сённяшняга дня і ўбачыць усе тыя змены, якія няўхільна адбываюцца ў яго творчасці з цягам часу. Мастацтва Алякандра Пашкевіча – гэта мастацтва са знакам шматкроп’я ў канцы.
Як мастак Аляксандр Пашкевіч далучае нас да абмеркавання таго, хто мы і які свет, створаны намі Ушчыльняючы сваю задачу ад агульнай да рэзка індывідуальнай, ён абвяшчае сваю творчасць не толькі пазнавальнай, а яшчэ філасофскай і дыялагічнай.
Аляксандр Пашкевіч скончыў Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава. Дагэтуль навучаўся ў студыі выяўленчага мастацтва пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. На працягу 13 гадоў выкладаў у мастацкай школе горада Маладзечна.
Творы мастака захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага саюза мастакоў, Мінскага абласнога краязнаўчага музея, Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, Нацыянальнай бібліятэцы Лондана і шматлікіх прыватных калекцыях. Мастак жыве і працуе ў горадзе Маладзечна.
Чым чапляе новы праект Андрэя Вераб’ёва і Аксаны Еўдакіменка?